Общество

Напярэдадні свайго прафесійнага свята працаўнікі Валожынскага філіяла ААТ “Маладзечанскі малочны камбінат” атрымалі прыемную вестку: іх сухі спецыялізаваны прадукт для харчавання спартсменаў “Фітнэс пратэін 20” на выставе “БелЭкспа” ў сталіцы быў прызнаны пераможцам і ўзнагароджаны дыпломам Гран-пры. Таксама тры тыдні таму на выставе лепшай прадукцыі года 2013 пераможцамі сталі сухое абястлушчанае хуткарастваральнае малако, цвёрды сыр элітнай групы “Візенланд з чарамшой” і вышэйназваны сухі прадукт.

“Фітнэс пратэін 20” – новы інавацыйны прадукт, які пачалі выпускаць каля года таму. Гэты гейнер з масавай доляй бялку 20 працэнтаў прымяняецца для харчавання спартсменаў. У яго склад уваходзяць сухое абястлушчанае малако, хуткарастваральнае і сухая малочная сыроватка. На выставе “БелЭкспа” пакупнікі ацанілі смакавыя якасці і ўпакоўку тавару. Высокую ацэнку атрымаў гэты прадукт і ў спажыўцоў з Расіі, куды яго таксама пастаўлялі для вывучэння пакупніцкага попыту.

Зараз малакаперапрацоўшчыкі працуюць над пашырэннем гэтай групы прадуктаў і спадзяюцца, што праз некалькі месяцаў, яны прапануюць людзям, якія актыўна займаюцца спортам, прадукт пад назвай “Пратэін”, дзе ўтрыманне бялку складзе 60 і 80 працэнтаў.

 

Рынак працы ў раёне перыядычна аналізуецца. Складаюцца і прагнозы на бліжэйшую перспектыву. У прыватнасці, ужо сёння вядома, як у 2014 годзе складзецца сітуацыя па некаторых пазіцыях занятасці насельніцтва. Гарантыю працаўладкавання атрымаюць 120 грамадзян, якія маюць асаблівую патрэбу ў сацыяльнай абароне і нездольныя канкурыраваць на роўных з астатнімі. Да гэтай катэгорыі перш-наперш адносяцца сіроты, шматдзетныя бацькі, сем’і, дзе выхоўваюцца інваліды. Перавагі ў працаўладкаванні атрымаюць і юнакі, якія вярнуліся са службы ў радах Узброеных Сіл Беларусі. Вызначаны і іншыя катэгорыі грамадзян. У спісе тых, хто гарантавана атрымае працу, будуць і асобы, якія павінны згодна з Дэкрэтам №18 кампенсаваць дзяржаўныя расходы на ўтрыманне сваіх непаўналетніх дзяцей у прытулках і інтэрнатах.

 

Дзеці Вішнеўскай сярэдняй школы ўмеюць дзяліцца радасцю, вучацца саграваць увагай і клопатам самотнага чалавека. Нядаўна яны дапамаглі падрыхтавацца да зімы пажылым, адзінока пражываючым людзям, інвалідам. Кожнаму з 95 вучняў дастаткова было прынесці па некалькі штук морквы, буракоў або невялікі качан капусты. Акцыя па збору агародніны называлася “Пяць бульбін”. Увесь ураджай сабралі ў мяшкі, а затым адправіліся да патрэбных адрасатаў. У выніку Ванда Мацвееўна Садоўская з вёскі Агародчыкі і Тамара Данілаўна Пудакевіч з Вішнева атрымалі па 50 кілаграмаў бульбы, па 25 кілаграмаў буракоў і столькі ж капусты.

 

На першынстве Мінскай вобласці па лёгкай атлетыцы гонар раёна абаранялі вучні Івянецкай СШ, выхаванцы трэнераў ДЮСШ Валожынскага раёна А. Чарняўскага і А. Паталей. Нашы спартсмены па традыцыі паказалі выдатныя вынікі. Самай хуткай стала Дзіяна Сакалоўская, якая прабегла 1000 метраў за 3.24,8 секунды, а 2000 метраў – за 7.33,6 секунды. Сяброўка па камандзе Алена Альхімовіч трохі саступіла ёй на двухкіламетровай дыстанцыі і стала сярэбранай прызёркай спаборніцтваў. Лепшы вынік у хлопчыкаў паказаў Яўген Мойса. Юнаму спартсмену не хапіла 0,1 секунды, каб увайсці ў тройку лідараў у бегу на 600 метраў.

 



Добавить комментарий