Общество

Калі пачынаеш новую справу, заўсёды важна падтрымка ў справах. З гэтым пагодзіцца і дырэктар СШ № 1 горада Валожына І. В. Чаховіч, якая ў гэтым навучальным годзе ўзначаліла названы калектыў. Па ініцыятыве старшыні райвыканкама У. А. Наумовіча нядаўна ў гэтай гарадской школе абноўлена мэбля ў сталоўцы на 120 пасадачных месцаў. Прыватнае прадпрыемства вырабіла 35 дыхтоўных сталоў і 140 прыгожых крэслаў на храміраваных апорах.

Новая мэбля, на якую затрачаны амаль 83 мільёны рублёў, істотна перамяніла інтэр’ер сталоўкі, дзе харчуюцца больш за 300 дзяцей.

 

Адбыліся кадравыя змены ў кіраўніцтве раённай паліклінікі. 1 лістапада бягучага года загадчыкам гэтай медустановы назначаны Павел Алегавіч Ганчар. Нарадзіўся ён у 1988 годзе ў горадзе Смаргоні Гродзенскай вобласці. Там скончыў гімназію № 4.

Малады ўзрост, профільная адукацыя, дзелавыя і лідарскія якасці паспрыялі паспяховай кар’еры гэтага маладога спецыяліста. У 2012 годзе Павел Алегавіч быў накіраваны ў наш раён для праходжання інтэрнатуры пасля заканчэння вучобы на факультэце педыятрыі Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Працаваў урачом падлеткавага кабінета райпаліклінікі, дарэчы, прыём пацыентаў тут ён працягвае па-ранейшаму, удала сумяшчаючы практычную медыцыну з адміністратарскімі абавязкамі. Пэўны вопыт работы з людзьмі малады спецыяліст ужо меў: са жніўня бягучага года ўзначаліў прафсаюзную арганізацыю райбальніцы.

 

У раёне жыве нямала людзей рознага ўзросту, якіх лёс горка пакрыўдзіў: даймаюць праблемы са здароўем, дыскамфорт дастаўляюць фізічныя недахопы, многія з-за інваліднасці не маюць магчымасці паўнацэнна працаваць…

3 снежня ў нашай краіне традыцыйна адзначаецца Дзень інвалідаў. У раёне з гэтай нагоды з 25 лістапада па 6 снежня запланавана нямала мерапрыемстваў. У раённым Цэнтры культуры 3 снежня ў 11.00. адбудзецца святочны канцэрт.

Пройдзе і дабрачынная акцыя «З верай у сілу дабра» для дзяцей-інвалідаў. На базе Дамоў сацыяльных паслуг у Філіпінятах Гародзькаўскага сельсавета, у Яхімаўшчыне Вішнеўскага, у Вуглах Івянецкага сельсаветаў вяскоўцы збяруцца  на культурна-масавае мерапрыемства. У спартландыі  «Мужнасць-2013» змогуць паўдзельнічаць маладыя інваліды і сем’і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў. Людзі з рознымі фізічнымі недахопамі прадэманструюць свае творчыя здабыткі на выставе падзелак. У прыватнасці, да такой творчай справаздачы актыўна рыхтуюцца выхаванцы аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў у Валожыне. Трэцяга снежня запланавана бясплатная дэманстрацыя мастацкага фільма ў кінатэатры “Юнацтва” райцэнтра, іншыя цікавыя мерапрыемствы, акцыі.

29 лістапада былыя і цяперашнія выпускнікі, педагогі, выхаванцы, шматлікія госці і шэфы завітаюць у Івянецкі дом-інтэрнат для дзяцей з асаблівасцямі фізічнага развіцця. Тут адбудуцца святочныя мерапрыемствы з нагоды 50-годдзя ўтварэння ўстановы.

 



Добавить комментарий