Тэма эфектыўнасці процідзеяння злачыннасці і карупцыі стала асноўнай на чарговым Дні інфармавання насельніцтва, які прайшоў у раёне на мінулым тыдні.
Карупцыйныя і эканамічныя злачынствы прычыняюць матэрыяльную шкоду нацыянальнай эканоміцы, вядуць да незаконнага ўзбагачэння некаторых асоб, нараджаюць недавер грамадзян да дзяржаўнай улады і яе інстытутаў. Не выпадкова адным з прыярытэтных накірункаў у дзейнасці пракуратуры з’яўляецца нагляд за выкананнем заканадаўства аб барацьбе з карупцыяй.
Карупцыйныя злачынствы выяўлены практычна ва ўсіх галінах эканомікі: будаўніцтве, прамысловасці, сельскай гаспадарцы, ва ўстановах аховы здароўя, адукацыі, гандлю, на транспарце і ў органах дзяржаўнага кіравання. Найбольшая колькасць такіх злачынстваў зарэгістравана ў Барысаўскім, Мінскім, Смалявіцкім, Уздзенскім, Пухавіцкім раёнах. Найменшая – у Мядзельскім – два выпадкі, у Крупскім і Нясвіжскім – па адным.
Як на працягу апошніх гадоў, так і сёлета, на тэрыторыі вобласці адзначаецца істотнае зніжэнне колькасці зарэгістраваных крымінальных злачынстваў (9 месяцаў 2012 г. – 12834, 9 месяцаў бягучага – 11568 ці -9,9%).
Нягледзячы на зніжэнне ў цэлым злачыннасці, павялічылася колькасць забойстваў, прычынення цяжкіх цялесных пашкоджанняў і згвалтаванняў.
Нароўні са злачынствамі супраць асобы ў вобласці нямала крымінальных выпадкаў маёмаснай скіраванасці. Іх удзельная вага ад агульнай колькасці злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку склала 86%. З усіх маёмасных злачынстваў вялікія цяжкасці назіраюцца ў раскрыцці крадзяжоў. У кватэрах і прыватных домаўладаннях грамадзян учынена 1282 крадзяжы, раскрыта толькі 792 (61,8%, 2012 – 67,0%). Найбольшая колькасць такіх злачынстваў зарэгістравана ў Барысаўскім раёне – 167, Мінскім – 137, Слуцкім – 88, Салігорскім – 96.
Супрацоўнікамі АБЭП Валожынскага РАУС за 10 месяцаў выяўлены 22 “эканамічныя” злачынствы, летась было зарэгістравана 17. Акрамя гэтага выяўлены тры цяжкія злачынствы па ч. 3 арт. 211 КК , ч. 1 арт.221 Крымінальнага кодэкса.
У раёне праводзіліся мерапрыемствы па выяўленні фактаў карупцыі пры выдачы бюджэтных сродкаў на набыццё таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў для вытворчых і іншых патрэб дзяржаўных устаноў, правяралася супрацьпраўная дзейнасць службовых асоб дзяржаўных прадпрыемстваў і суб’ектаў гаспадарання, якія з імі супрацоўнічаюць. У зоне ўвагі былі і сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, размешчаныя на тэрыторыі раёна. Тут правяралася расходаванне ГЗМ, законнасць рэалізацыі буйной рагатай жывёлы і іншай сельскагаспадарчай прадукцыі. Праверкі ажыццяўляюцца сумесна з зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі.
На прадпрыемствах рознай формы ўласнасці былі выяўлены 4 факты недастачы 1458 літраў дызельнага паліва на 7 204 000 рублёў, 1 факт недастачы масла маторнага на 3 480 000 рублёў, тэлевізара на суму 5 655 000 рублёў, 2 факты недахопу піва на агульную суму 440 000 рублёў, зафіксаваны 2 факты крадзяжу металу ў аб’ёме 11 тон 270 кілаграмаў на суму 96 900 000 рублёў і іншыя.
Валожынскім РАУС праведзены праверкі ў адносінах службовых асоб раёна па фактах рэалізацыі скаціны, закупу запасных частак і сельскагаспадарчых машын, налічэння заработнай платы, па фактах утойвання падзяжу скаціны, прыпісак малака, а таксама нарыхтоўкі сельгаспрадукцыі работнікамі райспажыўтаварыства, правяралася законнасць атрымання крэдытаў у банкаўскіх установах, выдзяленне зямельных участкаў.
У час Дня інфармавання насельніцтва, падкрэслівалася, што кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый раёна павінны актывізаваць работу па недапушчэнні злачынстваў карупцыйнай скіраванасці, прынцыпова падыходзіць да ўсіх фактаў недастач, выяўленых у рэвізій фінансава-гаспадарчай дзейнасці. Кіраўнікам варта больш адказна падбіраць кадры на матэрыяльна-адказныя пасады, не дапускаць скажэння статыстычнай справаздачнасці.
Наш кар.