РЫЗЫКУЮЦЬ I ПЕШАХОДЫ, I ВАДЗIЦЕЛI

Закон и порядок

Па звестках аддзялення ДАІ РАУС за дзесяць месяцаў на дарогах раёна зафіксаваны 15 ДТЗ, у якіх 6 чалавек загінулі, 15 атрымалі пашкоджанні. Адна аварыя адбылася з удзелам непаўналетняга, і адна – па віне п’янага вадзіцеля.

Аднак аварыі з цяжкімі наступствамі – не адзіныя правапарушэнні, якія адбываюцца з удзелам вадзіцеляў і пешаходаў.

Насцярожвае, што парушальнікаў Правілаў хапае сярод вадзіцеляў. Не сакрэт, што любы транспартны сродак – аб’ект патэнцыяльнай небяспекі. Толькі ўспамінаем мы пра гэта тады, як здараецца непрыемнасць.

У раёне сёлета затрыманы і пакараны амаль тры тысячы вадзіцеляў за перавышэнне хуткасці. Можа, не ведалі ці не здагадваліся, што парушаюць? Не, яны самаўпэўнена ішлі на правапарушэнне. Большасць з іх за штраф абураецца не на сябе, а на пільнага інспектара дарожнага руху. Хаця колькі аматараў хуткасці заплацілі за язду «з ветрыкам» самым дарагім – жыццём сваім, сваіх блізкіх!..

Хапае і такіх, хто не цураецца пасля ўжывання спіртнога садзіцца за руль. Сёлета затрыманы 132 нецвярозыя кіроўцы. Іх караюць буйнымі штрафамі, пазбаўляюць вадзіцельскіх правоў. За паўторнае затрыманне ў стане алкагольнага ап’янення іх транспартны сродак, па новаму заканадаўству, падлягае канфіскацыі.

Сто вадзіцеляў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за язду без вадзіцельскага пасведчання.

Траплялі ў поле зроку інспектараў ДАІ і недысцыплінаваныя пешаходы. Аштрафаваны 806 чалавек. Самыя тыповыя парушэнні – знаходжанне на праезджай частцы ў стане алкагольнага ап’янення, адсутнасць святлоадбівальных элементаў на адзенні ў цёмны час сутак на неасветленых участках вуліцы, пераход дарог у недазваляльным месцы.

Не заўсёды абазначаюць сябе ў час руху веласіпедысты, кіроўцы гужавых павозак. Усё гэта значна ўскладняе абстаноўку на дарогах.

Зараз, калі светлы час сутак значна скараціўся, здараюцца туманы і дажджы, з’яўляецца першы галалёд, неабходна быць асабліва пільным і ўважлівым на дарогах, прытрымлівацца Правілаў дарожнага руху і патрабаваць гэтага ад сваіх родных і знаёмых.

На мінулым тыдні пад калёсамі аўтамабіля на шашы Гродна-Мінск загінула жанчына, якая пераходзіла дарогу не па пешаходнаму пераходу, а метрах у 50-ці ад яго. Такая нязначная адлегласць! А каштавала пацярпелай жыцця.

Задумайцеся: першапрычынай амаль кожнай дарожнай трагедыі з’яўляюцца рызыка і легкадумства. Можа, пара пазбавіцца такіх паводзін і стаць законапаслухмянымі?

Алена ЗБІРЭНКА

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *