ПРАДУКЦЫЯ IДЗЕ НАРАСХВАТ…

Общество

Традыцыйныя восеньскія кірмашы завяршыліся. Усяго работнікі райспажыўтаварыства на тэрыторыі раёна і ў суседніх Вілейцы і Маладзечне арганізавалі 13 выязных пляцовак, на якіх было рэалізавана разнастайнай прадукцыі на суму звыш 360 мільёнаў рублёў.

Радуе, што асаблівым попытам у пакупнікоў карысталіся тавары харчовай групы, вырабленыя валожынскімі майстрамі-кулінарамі: сырая каўбаса «Па-валожынску», пірагі «Фруктовы» і «З павідлам». Разыходзіліся «на ўра» шашлыкі са свініны, з кураціны, купаты, а таксама куры і каўбаскі, спечаныя на грылі.

 

*   *   *

За дзесяць месяцаў алейны цэх Валожынскага льнокамбіната прадаў 55 тон ільнянога алею, атрымана звыш 800 мільёнаў рублёў выручкі. Вытворцы спадзяюцца, што ў недалёкім будучым са з’яўленнем новых гандлёвых партнёраў гэтыя лічбы павялічацца.

Патэнцыял для нарошчвання магутнасці прадпрыемства ў наяўнасці: сучаснае абсталяванне, кваліфікаваныя кадры. Ды і на адсутнасць сыравіны на камбінаце не скардзяцца. Часткова льносемя паступае ад мясцовых сельгасвытворцаў, часткова – набываецца за межамі раёна.

Клопаты па рэалізацыі харчовага льнянога алею ўзяло на сябе райспажыўтаварыства. Перад кіраўніцтвам ільнокамбіната зараз стаіць задача выйсці на больш шырокі рынак збыту. Высокая якасць алею дае падставу меркаваць, што яго вартасць ацэняць прыхільнікі здаровага харчавання і ў іншых рэгіёнах.

Тэхнічны льняны алей, выраблены ў Валожыне, ахвотна закупляе адно з буйнейшых прадпрыемстваў хімічнай прамысловасці – Лідскі лакафарбавы завод. Гэта партнёрства абяцае быць доўгім і паспяховым.

Набірае папулярнасць валожынскі тэхнічны алей і ў сферы прыватнага вытворчага бізнесу.

Алена ЗБІРЭНКА

 

*   *   *

Прадукцыя СП “Івкан” карыстаецца папулярнасцю не толькі сярод беларускіх спажыўцоў, але і ў многіх іншых краінах. Цукеркі ідуць на экспарт у Расію, Казахстан, Азербайджан, Арменію, Літву, рынкі збыту ёсць у Манголіі, Амерыцы і Германіі.

Як паведамілі ў аддзеле эканомікі прадпрыемства, за 10 месяцаў бягучага года выпушчана 4 тысячы 611 тон прадукцыі, з іх на мяккія цукеркі і ўсходнія прысмакі прыходзіцца 3394 тоны і 1217 тон – на карамель. Агульны аб’ём адгрузак склаў 4653 тоны, на экспарт адпраўлена 3041. Згодна з маркетынгавымі дадзенымі, на беларускім рынку выдатна раскупляюцца жэлейная неглазіраваная прадукцыя – “Жэлебоба” і “Мармелан”. 20 % ад агульнага аб’ёму рэалізаванай прадукцыі займаюць жэлейна-фруктовыя вырабы, 17-18 % прыходзіцца на малочныя цукеркі, 35 % – на карамелькі і 25 % – на фруктовыя цукеркі і ледзянцы.

 

*   *   *

Сувеніры, вазы, кашпо для кветак выпускае Івянецкі завод мастацкай керамікі. Са студзеня па кастрычнік бягучага года прадпрыемства выпусціла 199 тысяч гліняных вырабаў.

Аб’ём вытворчасці ў фактычных цэнах у параўнанні з леташнім паказчыкам вырас на 1,3% і дасягнуў 7 мільярдаў 613 мільёнаў рублёў. Аб’ём адгружанай прадукцыі павялічыўся на 8%. Атрымана выручка ў памеры 9 мільярдаў 601 мільёна – гэта 139,5% да мінулагодняга ўзроўню. Умацавалася і рэнтабельнасць прадукцыі з 5,1% у 2012 годзе да 8,1% у бягучым.

Асноўны напрамак работы івянецкіх ганчароў сёння – выраб вазонаў. Ёмістасць іх вагаецца ад 0,5 да 14 літраў. Вялікі попыт склаўся на падлогавыя і настольныя вазы. Актыўна разыходзяцца дэкаратыўныя талеркі з беларускай сімволікай, прывабныя вырабы для ландшафтнага дызайну. Кіраўніцтва завода наладзіла сувязі з буйнымі гандлёвымі сеткамі краіны.

Сяргей САДОЎСКІ

 



Добавить комментарий