29 лістапада Івянецкі дом-інтэрнат адзначае 50-годдзе з дня свайго заснавання. Гэта сучасная ўстанова, пабудаваная пры стабільнай фінансавай падтрымцы дзяржавы, тут увасоблена па крупінках старанне, вопыт, талент усіх, хто на працягу паўстагоддзя працаваў у гэтай установе.
Гісторыя – гэта жывая памяць людзей. У Доме-інтэрнаце за 50 гадоў існавання шмат было розных пераўтварэнняў.
Але адно застаецца нязменным: як і на пачатку, ён з’яўляецца родным прычалам для нашых дзяцей, а калектыў прафесіяналаў імкнецца стварыць сваім выхаванцам усе ўмовы для дабрабыту, для паспяховай вучобы і бяспекі.
Цяпер на поўным дзяржаўным забеспячэнні тут знаходзіцца 78 выхаванцаў, з іх 53 – дзеці без апекі родных бацькоў. Асноўная мэта нашага калектыву – аказанне дзецям медыцынскай, псіхалагічнай, педагагічнай і сацыяльнай дапамогі, шчырае імкненне дапамагчы кожнаму падапечнаму асвоіць сацыяльныя навыкі ў сілу сваіх індывідуальных магчымасцей, падрыхтаваць іх да самастойнага жыцця.
Дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы, ва ўстанове створаны ўсе ўмовы для пражывання і навучання выхаванцаў. За апошнія 5 гадоў пры стабільным дзяржаўным фінансаванні праведзена рэканструкцыя медыцынскага корпуса, лазні, пральні, а таксама будынка кацельні з мадэрнізацыяй усяго ацяпляльнага абсталявання, замена цеплавых сетак у поўным аб’ёме, праводзіцца рамонт даху галоўнага корпуса. З кожным годам усё больш умацоўваецца матэрыяльна-тэхнічная база ўстановы.
Выказваю словы падзякі ўсім прадпрыемствам, дабрачынным арганізацыям, якія дапамагаюць нам у набыцці неабходных матэрыяльных каштоўнасцей, праводзяць акцыі міласэрнасці і падтрымкі.
Я ганаруся сваім працоўным калектывам! З нагоды юбілею дасылаю шчырыя словы ўдзячнасці калегам – мудрым, разумным, строгім, добрым, цярплівым і нераўнадушным.
Усе разам мы, як паказаў час, – вялікі, творчы, зладжаны калектыў, які ўмела ставіць і вырашае самыя складаныя задачы. Дзякуючы гэтаму, кожны наш выхаванец знаходзіць у сабе сілы, надзею на годнае месца ў жыцці.
Мы шчыра ганарымся выхаванцамі інтэрната, іх дасягненнямі ў вучобе, творчасці. Мы ганарымся нашымі выпускнікамі, якія становяцца студэнтамі розных ВНУ, набываюць прафесіі і дабіваюцца ў жыцці значных вынікаў.
Верыцца, што ў далейшым, дзякуючы клопату дзяржавы і шчырай працы ўсяго калектыву, мы прымножым слаўныя традыцыі нашай установы.
Алена Сігізмундаўна ПЕТРАШКЕВІЧ,
дырэктар Івянецкага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў
з асаблівасцямі фізічнага развіцця