ЗБЕРАГЧЫ ЖЫЦЦЁ I ЗДАРОЎЕ

Общество

На базе Валожынскага лясгаса прайшоў раённы Дзень «Ахова працы», на які былі запрошаны інжынеры-спецыялісты з прадпрыемстваў і арганізацый, адказныя службовыя асобы. У мерапрыемстве прынялі ўдзел старшыня раённай камісіі па прафілактыцы вытворчага траўматызму П. І. Бібік, намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама З. М. Дубіна, галоўны дзяржаўны інспектар Маладзечанскай міжраённай інспекцыі па працы Г. М. Траскевіч.

Лясгас – адно з буйнейшых прадпрыемстваў Валожыншчыны. Працуе тут каля чатырохсот чалавек, якім штодня даводзіцца мець справу з тэхнікай і складанымі механізмамі, падвяргаць жыццё і здароўе рызыцы ў час валкі лесу. Таму работа па ахове працы лясгасаўцамі вядзецца планава і мэтанакіравана.

Не сакрэт, што ў некаторых арганізацыях да тэхнікі бяспекі ставяцца фармальна. А між тым выкананню патрабаванняў гэтага вытворчага аспекту надзяляецца асобая ўвага. Тое, што ахова працы ўваходзіць у зону інтарэсаў дырэктара лясгаса У. В. Грыневіча, намесніка дырэктара па ідэалагічнай рабоце С. М. Мікені, сведчыць аб іх неабыякавасці і дальнабачнасці, як кіраўнікоў. Бюро па ахове працы лясгаса ўзначальвае вопытны спецыяліст Я. С. Пятровіч. Інжынер па ахове працы А. А. Завадская хоць і не мае за плячыма вялікага працоўнага стажу, але добра падрыхтавана тэарэтычна і імкнецца прымяняць свае веды на практыцы.

Кабінет лясгаса па ахове працы не выклікаў ніякіх нараканняў з боку спецыялістаў. Тут і неабходная дакументацыя вядзецца акуратна, і наглядная агітацыя запамінальная. Толькі ці пайшлі тыя офісныя напрацоўкі ў народ?

Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова было наведаць некаторыя вытворчыя ўчасткі лясгаса. Спецадзеннем, сродкамі індывідуальнай аховы, дадатковым  харчаваннем і дадатковымі днямі да водпуску забяспечаны ўсе работнікі. Бытавыя памяшканні адпавядаюць санітарна-гігіенічным патрабаванням. Адміністрацыйныя будынкі не толькі дагледжаны, але і радуюць вока цікавымі дэкаратыўнымі знаходкамі. Бясспрэчна, прыемна працаваць у такіх умовах.

З выразам «ахова працы» хочацца трохі паспрачацца, бо ён не зусім дакладны. Канчатковая яго задача – ахова чалавека. Сёння, калі пытанне рабочых рук стаіць вельмі востра (а ў лясгасе таксама ёсць патрэба ў кадрах), кожны супрацоўнік прадпрыемства павінен адчуваць сябе не толькі «працуючым звяном», але і асобай, вартай увагі, клопату, павагі. Летась лясгас набыў для сваіх супрацоўнікаў дзве мабільныя бытоўкі, у якіх утульна і цёпла. Але палічылі, што кошт іх вельмі б’е па кішэні і сёлета ўласнымі сродкамі пабудавалі яшчэ дзве цяплушкі. Рэгулярна вядзецца на прадпрыемстве і тэхнічнае перааснашчэнне, толькі за апошнія месяцы набылі 12 сучасных бензапілаў. Ідзе актыўнае скарачэнне ручной працы. Адзін харвестар (машына для спілоўкі, ачысткі і складзіравання драўніны), якім кіруе адзін аператар, замяняе чатыры брыгады лесарубаў. А такіх машын у лясгасе ўжо дзве. Праўда, радуе пакуль што толькі фінскі агрэгат, «амбасадораўскі» аналаг падводзіць частымі паломкамі. Дарэчы, скарачэнне аб’ёмаў ручной працы ў лясгасе разглядаюць як адзін з варыянтаў змяншэння вытворчага траўматызму. Плануюць, што ў недалёкай будучыні машыны амаль цалкам заменяць вальшчыкаў і лесарубаў.

Хацелася б, каб на прадпрыемстве «падцягнуўся» і такі паказчык, як заработная плата. Пакуль што яна тут даволі сціплая – прыкладна чатыры мільёны. Грашовы ж бок таксама ў нейкай ступені з’яўляецца аховай працы, аховай чалавека…

Алена ЗБІРЭНКА

 



Добавить комментарий