ЗАЎЗЯТАЯ АПТЫМIСТКА СА СЛАБАДЫ

Культура

“Рухавая, як ртуць!” – так метафарычна можна сказаць пра жыхарку вёскі Слабада Дорскага сельсавета – Алену Цітаўну ПАШКУЦЬ. Я бачыла, як яна энергічным крокам мерала блізкі шлях да сваёй суседкі-дачніцы. У таропкай хадзе гэтай жанчыны было столькі жвавасці, што не верылася, што яна ўжо даўно на пенсіі. А бабулі Алене ўжо ідзе 81-ы год!

Эліксір бадзёрасці і даўгалецця гэтага чалавека – у зайздросным аптымізме натуры, а таксама ў простай сялянскай працы. Не выпадкова ў яе ёсць свае, правераныя жыццём, сакрэты.

Сакрэт першы: “Здаровая толькі тады, калі рухаюся, калі нешта раблю…”

Звычайна ўжо ў пачатку гутаркі субяседнік гаворыць пра тое, што асабліва непакоіць яго душу. Наша субяседніца бедавала, што давялося зарэзаць кабаноў, бо “ўбілася” афрыканская чума. “І што цяпер рабіць з бульбай, якой багата засталося яшчэ з мінулага года, ды і сёлета быў пасаджаны ладны ўчастак. Прападзе ўраджай…” – дакарала вяскоўка.

А мне падалося, што жанчына перажывае не з прычыны таго, што бульба змарнавалася, а таму, што вялікі кавалак сялянскай працы нечакана адрэзаўся, як лішні акраец хлеба на стале. Апусцеў хлеў, менш стала клопатаў у гаспадыні. А яна ж прывыкла працаваць з ранку да вечара! А цяпер што?! Вось і зажурылася сэрца, затужылі яе руплівыя рукі.

 

Сакрэт другі: “Ніколі не наракаць на свой лёс!”

 

Алена Цітаўна сем гадоў таму засталася ўдавой. Жыве з сынам-інвалідам, якому патрэбны пастаянны догляд. Ён цяжка захварэў у маладым узросце, але здаць яго ў інтэрнат не рашылася матчына сэрца.

Яна лічыць сябе багатай, бо меру сапраўднай беднасці ў жыцці спазнала. Нагаравалася ў вайну, калі немцы хутар спалілі. Хапіла з гакам нягод і ў пасляваенны час. З далёкай нішчымніцы ёй чамусьці прыгадалася цёмная і да прыкрасці слізкая зацірка, звараная матуляй з ільнянога семя. Нясмачна, але вымушаны былі спажываць, каб ад голаду не памерці. Гаротнае ваеннае мінулае, утомная праца ў калгасе выхавалі ў яе характары вялікую сціпласць. Ёй усяго хапае, яна ні на што не наракае. Толькі адно ў яе жаданне, каб праца не пераводзілася, і галоўнае, каб рукі маглі яе асіліць…

А наступны выпадак нас усцешыў і нават крыху здзівіў. Многія пажылыя людзі часта тэлефануюць у рэдакцыю з просьбай дапамагчы ўбраць старыя дрэвы ля хаты. Былі такія “рарытэты” і на месцы, дзе калісьці стаяла былая сядзіба бабкі Алены. Некалішнія моцныя дрэвы ў садзе знядужалі гады, перасталі яны пладаносіць, ды і шматлікія асіны таксама вось-вось на зямлю паваляцца. Таму наша гераіня гэтыя прысады вырашыла спілаваць. Чатыры дні працавала на хутары. 20 дрэў лягло пад лязом ручной пілы. Мы здзіўлена запыталіся: “Як жа Вы правілы бяспекі пры гэтым захоўвалі? Усялякае магло здарыцца…”

У адказ слабадская аптымістка зазначыла: “Дык я ж уважліва прыглядалася, у які бок дрэва ўпадзе!” Словам, усе старыя дрэвы былі спілаваны без эксцэсаў. І пенсіянерка была вельмі задаволена, што паспяхова справілася з такім вялікім аб’ёмам работы. Ды і запасы дроў на зіму прыкметна пабагацелі.

 

Сакрэт трэці: “Ніколі не дапускаць чэрствасці ў сваё сэрца!”

 

Шчырая праца можа рабіць цуд – пераканана мая субяседніца. Два гады таму ёй у двор прывялі кволую кабылу Машку: старая, з выгляду нямоглая жывёліна, напалохала худымі, запалымі бакамі. Але бабка Алена ўзяла яе пад сваю апеку. Машка хутка прыбаўляла ў вазе, неўзабаве скура аж заблішчэла ад стараннага догляду. Быў у рацыёне і абавязковы штодзённы бохан духмянага хлеба. Машка нават патомства прывяла, што было для гаспадыні пэўнай нечаканасцю.

 

Сакрэт чацвёрты: “Часу не так шмат, каб яго марнаваць”.

 

Яе хвораму сыну патрэбна перыядычна выпісваць рэцэпт на таблеткі. Таму без візіту да ўрача райпаліклінікі ніяк не абысціся. Дарога ў Валожын са Слабады, што ў Дорскім сельсавеце, займае шмат часу. Гэта і засмучае жанчыну. Пакуль яна са свайго хутара дабярэцца да цэнтральнай трасы, пакуль дачакаецца пасажырскага аўтобуса ў Валожын, а затым пешшу з аўтастанцыі ў райцэнтры дойдзе да паліклінікі за патрэбным рэцэптам, часу затраціць даволі шмат. Але гэта ўжо ў мінулым. Цяпер бабка Алена задаволена, што нарэшце можна эканоміць дарагія хвіліны. Бо нядаўна ўнук купіў легкавушку і пры патрэбе аказвае бабулі транспартныя паслугі. Такі сэрвіс дазваляе берагчы дарагі час ды і фізічныя сілы пажылога чалавека. Менавіта дэфіцыт часу быў “вінаваты” і тады, калі аднойчы, ведучы авечак з поля, яна павалілася на слізкай сцежцы і моцна ўдарыла спіну. Але да доктара за лячэннем не звярнулася. Перачакала, пакуль “само пройдзе”. Адгалоскі той легкадумнасці даюць пра сябе ведаць недамаганнем і сёння.

 

Сакрэт пяты: “Калі вочы бачаць працу, рукі не могуць не працаваць”.

Старэйшы сын Алены Цітаўны памёр. Дачка жыве ў Мінску. Яна матэрыяльна забяспечана. Унукі таксама жывуць някепска. Але ўсё роўна клапатлівая маці і бабуля шчыра стараецца хоць нечым дапамагчы сваім родным: яечкаў дзясятак збярэ, бульбачкі некалькі мяшкоў для іх назапасіць, раней і парсючка падгадуе. Яе сэрца грэе радасць, што яшчэ здольная родным дапамагчы.

Гэта жанчына спрытная на рукі, якім і цяпер паслухмяныя і сякера, і піла, і малаток… Ды і каня яна з лёгкасцю можа запрэгчы.

“У пастаяннай рабоце я ўсю сваю жызню пражыла”, – падсумоўвае А. Ц. Пашкуць свой аповед пра тое, што наканаваў лёс. “Хочацца, каб што мець у хаце. Каб, калі нечаканы госць з’явіцца, было чым пачаставаць. Ёсць і скварачка, і яечкі. І нарыхтоўкі розныя з агародніны. Ды і ў аўталаўцы ўсяго хапае, праўда, пенсіі скупавата ў кашальку…”

У час нашай гутаркі Алена Цітаўна не без гонару пахвалілася: “За мясцовых сваіх баб я найбагацейшая!” Яна мела на ўвазе не грашовыя зберажэнні, не матэрыяльны дабрабыт. А тое, што трымае вялікую гаспадарку, што мае ладны кавалак зямлі. “Пустых участкаў у Слабадзе хапае, бо людзі многія пазміралі. Пааставалася зямля. Ёсць дзе накасіць травы на сена, ёсць дзе авечку, каня навязаць. Дзе сама спраўлюся, а дзе і добрыя людзі дапамогуць”.

Ірына ПАШКЕВІЧ

Фота аўтара

Замест эпілога.

Аднойчы цыганка ён наваражыла, што будзе жыць на гэтым свеце 84-ы гады. Алена Цітаўна разумее, што такі “прагноз” хутчэй за ўсё падманлівы. Ніхто не ведае, колькі каму засталося на гэтым свеце. І тым не менш, узгадаўшы пра варажбу, вочы маёй гераіні крыху засмуціліся. Не таму, што век кароткі, а таму, што шмат чаго яшчэ не паспела зрабіць. Але калі ў сэрцы столькі прагі да жыцця і аптымізму, то і дзень доўжыцца больш, чым век…

 



Добавить комментарий