Общество

На рэспубліканскім конкурсе «На лепшае правядзенне ўрока «Час футбола» работа настаўніка гімназіі № 1 г. Валожына Аляксандра Пятровіча Кавязы адзначана Дыпломам III ступені.

Мерапрыемства было арганізавана Міністэрствам адукацыі і Міністэрствам спорту і турызму. У конкурсе ўдзельнічалі 250 выкладчыкаў фізічнай культуры з усёй Беларусі. Неабходна было прадаставіць канспект урока і адказаць на тэставыя пытанні. Да фіналу дайшлі 70 удзельнікаў, чые работы, на думку журы, аказаліся найбольш цікавымі.

Пераможцы, у лік якіх трапіў і А. П. Кавяза, атрымалі Дыпломы, падпісаныя міністрам адукацыі і старшынёй Беларускай асацыяцыі футбола, а таксама грашовыя прэміі.

 

У Івянецкай сярэдняй школе з гэтага года вучні на заняткі трапляюць праз спецыяльныя турнікеты. Новаўвядзенне прынята з мэтай павышэння бяспекі. Прапускная сістэма прыйшлася школьнікам па душы. Не было выпадку, каб хто-небудзь забыў асабістую картачку. Дадатковы кантроль за парадкам у школе ажыццяўляецца яшчэ і пры дапамозе чатырох відэакамер.

Сродкі на тэхнічнае абсталяванне атрыманы з рэспубліканскага бюджэту. Івянецкая СШ – першая ў раёне дзіцячая навучальная ўстанова, якая забяспечана падобнай сістэмай бяспекі і кантролю.

 

Ракаўскі сельсавет лічыцца адным з жаданых месцаў і для мінчан, і для тутэйшых жыхароў у выбары зямельных участкаў пад індывідуальнае будаўніцтва. На цэнтральнай сядзібе аграгарадка – дэфіцыт свабодных участкаў пад узвядзенне жылых дамоў. Таму яны мэтанакіравана адводзяцца ў бліжэйшых вёсках. Каля 400 забудоўшчыкаў неўзабаве прапішуцца ў маляўнічай вёсцы Міхалова. На ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жылля ў гэтым прысталічным сельсавеце стаіць 600 чалавек.

Сітуацыя на рынку жылля пераменлівая і на перыферыі. Бо толькі пасля нядаўняй рэарганізацыі колькасць насельніцтва ў ракаўскім рэгіёне вырасла  амаль на 800 чалавек і цяпер складае звыш пяці тысяч жыхароў.

 



Добавить комментарий