МАЛАДАЯ СОЛЬ ЗЯМЛI

Общество

Цырымонія ўшаноўвання лідараў уборачнай кампаніі-2013 па выніках абласной акцыі “Маладая Міншчына – за ўраджай!” стала своеасаблівым фінальным акордам урачыстасцей, прымеркаваных да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі.

У адзін са сталічных боўлінг-цэнтраў, дзе на мінулым тыдні прайшло гэта святочнае мерапрыемства, з’ехаліся лепшыя маладыя механізатары з усіх куткоў вобласці.

Наш раён прадстаўлялі хлебаробы-тысячнікі. Гэта лепшы малады вадзіцель уборачнай кампаніі Віктар Бітэль з ААТ “Багданаўскае”, які на “МАЗе” перавёз 1760,5 тоны зерня. На ўрачыстасць у сталіцу быў запрошаны і лепшы малады экіпаж у складзе старшага камбайнера Яўгенія Валянцінавіча Паляшчука і камбайнера Арцёма Куліка з філіяла “Доры Плюс” ТАА “Тарасава”, якія на камбайне “Лексіён-580” убралі 294,2 гектара збожжавых, намалаціўшы 1040 тон зерня.

У складзе дэлегацыі нашага раёна на цырымоніі ўзнагароджвання прысутнічалі таксама старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Віктар Станіслававіч Гідлеўскі і першы сакратар раённага камітэта “БРСМ” Алена Валер’еўна Грыбоўская.

З мэтай фарміравання здаровага ладу жыцця ў маладзёжным асяроддзі арганізатары мерапрыемства – абласное аб’яднанне прафсаюзаў, абласная арганізацыя Беларускага прафсаюза работнікаў АПК, а таксама абласны камітэт “БРСМ” – у рамках урачыстасці правялі абласны турнір па боўлінгу сярод маладых механізатараў. У спартыўным спаборніцтве каманда нашага раёна заняла другое месца. Напрыканцы свята маладых хлебаробаў узнагародзілі дыпломамі і грашовымі прэміямі за важкі ўклад у агульны каравай краіны.

Алена ПАШКЕВІЧ

 



Добавить комментарий