АБРАБАВАЎ У АДКРЫТУЮ

Закон и порядок

Супрацоўнікі праваахоўных органаў прынялі паведамленне ад маладога жыхара вёскі Люціна. Абураны чалавек звярнуўся за дапамогай, каб міліцыянеры пакаралі нахабнага рабаўніка. Гэты прыкры факт адбыўся, калі пацярпеўшы зайшоў у санвузел аўтавакзала. Там ён меў няшчасце сустрэцца з падвыпіўшым жыхаром вёскі Відэйкаўшчына, якому, відавочна, спадабаліся скураныя пальчаткі, сярэбраныя пярсцёнак і пячатка будучай ахвяры. Некалькі разоў ударыўшы маладога чалавека па твары, раней не судзімы вясковец адкрыта завалодаў названымі рэчамі, прычыніўшы пацярпеламу матэрыяльны ўрон у памеры 510 тысяч рублёў. Сураць хціўца ўзбуджана крымінальная справа.

ЗНIКЛI ГРОШЫ… З КАРТКI

Звярнуўся да міліцыянераў і жыхар вёскі Проўжалы. Як паведаміў мужчына, з яго банкаўскай карткі знікла 2 мільёны рублёў. Папярэдняй праверкай устаноўлена, што невядомы злодзей скарыстаўся карткай, дзякуючы правільна ўведзеным у камп’ютарную плацежную сістэму дадзеным. Калі зламысніка адшукаюць, яму давядзецца адказаць перад законам па частцы 2 артыкула 212 Крымінальнага кодэкса Беларусі, паводле якога падобнае злачынства караецца абмежаваннем волі ад 2 да 5 гадоў або пазбаўленнем волі да 5 гадоў.

ЗА НЕЗАКОННАЕ ПРАДПРЫМАЛЬНIЦТВА

быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці жыхар аграгарадка Багданаў. Падчас сумеснага рэйду супрацоўнікаў РАУС і інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Валожынскім раёне правяраючыя завіталі на двор да гаспадара адной з сядзіб. Як выявілася, нездарма: мужчына займаўся нарыхтоўкамі і захаваннем лому чорных металаў. Знойдзена 8720 кілаграмаў металу на агульную суму 13 мільёнаў 516 тысяч рублёў. Лом канфіскаваны і перададзены пад адказнае захаванне ў райаграпрамтэхніку.

I Ў АВАРЫI ЗНАЙШОЎ ЗЛОДЗЕЙ ПЛЮС

Гэтым плюсам аказаўся наўтбук “HP Pavilion” коштам больш за 9 мільёнаў рублёў, які выдала свайму супрацоўніку ў службовае карыстанне адна са сталічных фірм. Мінчанін паклаў яго ў багажнік аўтамабіля і накіраваўся па справах у наш раён. Па дарозе трапіў у дарожна-транспартнае здарэнне і вымушаны быў пакінуць машыну каля вёскі Цаюны. Невядомы злодзей вырашыў у адсутнасць гаспадара агледзець аўтамабіль, зазірнуў і ў багажнік. Супрацоўнікі міліцыі ўзбудзілі крымінальную справу і цяпер шукаюць вінаватага.

ПРЫЦЯГНУЛI ДА АДКАЗНАСЦI

ўчастковыя інспектары міліцыі некалькіх грамадзян за парушэнне антыалкагольнага заканадаўства. Падчас рэйду праваахоўнікі зазірнулі да дзвюх пенсіянерак з вёсак Альшанка і Багданава. У абедзвюх знойдзена па 70 літраў самагоннай брагі, якія жанчыны захоўвалі з вядомымі ім мэтамі. Брагу вылілі на зямлю, а пенсіянеркам давядзецца трымаць адказ перад законам.

Матэрыял да друку па міліцэйскіх

зводках падрыхтаваў

Сяргей САДОЎСКІ

 



Добавить комментарий