АГЛЯД ПАДЗЕЙ У РАЁННАЙ ГАЗЕЦЕ ЗА снежань 1968 ГОДА

Культура

Па выніках сацыялістычнага спаборніцтва за 11 месяцаў:

даярка Яніна Станіславаўна Карпук з калгаса “17 верасня” атрымала ад 12 кароў па 4084 кілаграмы малака, у тым ліку 203 – за лістапад;

свінавод Марыя Пятроўна Скапец з калгаса “Краіна Саветаў” атрымала ад 16 асноўных свінаматак па 18,6 парасяці;

даглядчык цялят Станіслаў Паўлавіч Русакевіч з калгаса імя Чапаева атрымаў сярэднесутачную прывагу па 747 грамаў ад кожнага з 40 замацаваных цялят;

даглядчыкі буйной рагатай жывёлы Ніна Мікалаеўна і Аляксандр Сцяпанавіч Чупрысы з калгаса “Верны шлях” дабіліся сярэднесутачнай прывагі па 744 грамы ад кожнай з замацаваных 49 галоў буйной рагатай жывёлы.

 

ГАНАРОВАЕ ЗВАННЕ

Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР сваім Указам прысвоіў ганаровае званне заслужанага настаўніка Беларускай ССР вялікай групе работнікаў народнай асветы.

З ліку педагогаў нашага раёна ганаровага звання ўдастоены:

Сцяпан Васільевіч Салагуб – дырэктар Сугваздаўскай васьмігадовай школы;

Алена Пятроўна Шорац – настаўніца Івянецкай сярэдняй школы імя Ф. Э. Дзяржынскага.

 

КОЖНЫ ДЗЯСЯТЫ – УДАРНIК КАМУНIСТЫЧНАЙ ПРАЦЫ

У раённым аб’яднанні “Сельгастэхнікі” з 410 членаў калектыву больш 40 працаўнікам прысвоена ганаровае званне “Ударнік камуністычнай працы”, якое штогод пацвярджаецца.

Сярод удастоеных людзі рознага ўзросту і прафесій. Гэта слесар С. Карабан, токар А. Язерскі, шафёр Л. Бацян, каваль І. Савіцкі, трактарыст В. Гудвіловіч і іншыя. Членаў пярвічнай арганізацыі таварыства вынаходнікаў і рацыяналізатараў тут каля 80 чалавек. Лепшыя з іх слесар Уладзімір Лукіч Бобрык і каваль Іван Сямёнавіч Залескі з’яўляюцца ўдзельнікамі Выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі СССР і ўзнагароджаны сярэбранымі медалямі. Толькі ад укаранення трынаццаці рацыяналізатарскіх прапаноў на прадпрыемстве атрымалі эканомію ў суме 4,7 тысячы рублёў.

 

ЛІЧБЫ І ФАКТЫ

Лепшыя вынікі ў ходзе спаборніцтва за 11 месяцаў паказаў калектыў Ракаўскага смолзавода. Звыш плана выраблена значная колькасць шкіпінару, воцатна-кальцыевага парашку і іншай сыравіны для хімічнай прамысловасці. Стараннасцю ў працы вызначаецца брыгада апаратчыкаў: Рыгор Мазура, Пётр Шаранда, Вікенцій Ляшчынскі, Станіслаў Стахоўскі штомесячна перакрываюць нормы выпрацоўкі. Дружнаму калектыву прысуджана прэмія за высокую культуру вытворчасці.

Шэфы калгаса імя Карла Маркса – работнікі інстытута гісторыі Акадэміі навук БССР. Часта наведваюцца яны да хлебаробаў, дзе праводзяць сумесныя пасяджэнні вучонага Савета інстытута гісторыі Акадэміі навук БССР, праўлення і грамадскіх арганізацый калгаса. Прадстаўнікі інстытута расказваюць пра міжнароднае становішча, пра апошнія навіны з жыцця нашай каіны.

Расце сетка прадпрыемстваў бытавога абслугоўвання. Цяпер у раёне працуюць 59 кравецкіх і шавецкіх майстэрань. За гады пяцігодкі ўведзены ў эксплуатацыю 19 клубаў, 35 магазінаў, 5 сталовых, 41 лазня, 15 школьных памяшканняў і пабудоў да іх, пабудаваны 982 індывідуальныя жылыя дамы. Каля 300 гаспадарак перасяліліся з хутароў у вёскі.

У сельгасарцелі “1 Мая” па-ўдарнаму працуюць на нарыхтоўцы “дражджэй палёў” лепшы механізатар Іван Іванавіч Бітэль, які на сваім пагрузчыку РУ-06 штодзённа грузіць да 200 тон тарфакрошкі, ударнікі камуністычнай працы механізатары Уладзімір Міхайлавіч Болах, Іван Аляксандравіч Шакун, дэпутат абласнога Савета дэпутатаў працоўных Іван Іванавіч Бацян.

Праз тэрыторыю раёна праходзяць 32 міжгароднія аўтобусныя лініі, 18 – унутрыраённых. Толькі транспартам аўтабазы перавезена сёлета больш чым паўтара мільёна пасажыраў, 292 тысячы тон грузаў.

Попыт на прамысловыя тавары расце з кожным годам. Працоўныя раёна набылі дзясяткі халадзільнікаў, пральных машын. У асабістым карыстанні працоўных звыш чатырох з паловай тысяч радыёпрыёмнікаў, каля 3000 тэлевізараў, больш за 2000 матацыклаў.

На тэрыторыі цяперашняга Валожынскага раёна ў час уладарання буржуазна-памешчыцкай Польшчы была адна бальніца на 40 ложкаў і на 30 ложкаў – у Івянцы. Цяпер у райцэнтры ёсць бальніца на 200 ложкаў і супрацьтуберкулёзны дыспансер, у Івянцы працуе гарпасялковая бальніца на 100 ложкаў, санаторый на 100 ложкаў, участковыя бальніцы ў Ракаве, Вішневе, Пяршаях і іншых вёсках. На цэнтральных сядзібах калгасаў і саўгасаў дзейнічаюць: 31 фельчарска-акушэрскі пункт, 7 аптэк, 31 аптэчны пункт, калгасны радзільны дом, 3 зубапратэзныя лабараторыі.

ЛЕПШАЯ ЎЗНАГАРОДА – ДРУЖНЫЯ АПЛАДЫСМЕНТЫ

Мастацкі калектыў Івянецкага Дома культуры сваю работу будуе ў цесным кантакце з Івянецкай сярэдняй школай імя Ф. Э. Дзяржынскага, з прадпрыемствамі, арганізацыямі і ўстановамі пасёлка.

Удзельнікі мастацкай самадзейнасці – настаўнікі і вучні, рабочыя і ўрачы. Але на сцэне іх мэта аднолькавая: услаўленне прыгажосці роднага краю, паказ, раскрыццё шчодрай душы свайго народа. І самадзейным артыстам гэта ўдаецца. Імёны лепшых танцораў вучняў Міхаіла Ермаловіча, Рамуальды Канавалавай, Алы Шкадзінскай, рабочага Івана Койры, майстра лесаўчастка Галіны Лабаставай, зубнога тэхніка Валянціны Супрон вядомы ў раёне, але і не толькі.

Апладзіравалі івянецкім танцорам у розных гарадах нашай і братніх рэспублік, у вялікай Маскве, дзе калектыў з поспехам выступіў на заключным канцэрце Усесаюзнага фестывалю самадзейнага мастацтва. За гэта самадзейныя артысты ўдастоены дыплома другой ступені і медаля “Калектыву – лаўрэату Усесаюзнага фестывалю самадзейнага мастацтва”.

СЯМЕЙНАЯ ПРАФЕСIЯ

Больш за 15 год працуе ў сельгасарцелі “Чырвоны сцяг” Павел Адамавіч Новік. За гэты час ён адрамантаваў шмат сельскагаспадарчага інвентару. І якасць рамонту заўсёды выдатная.

Нягледзячы на свой узрост – яму без малога 65 год – каваль не пакідае любімую работу. У яго яшчэ дастаткова сіл, каб працаваць ля кавадлы, ды і прывык да кузні.

У сваёй карпатлівай рабоце ён імкнецца ўсё давесці, як кажуць, да толку. Бадай, не знойдзеш у калгасе ніводнага чалавека, хто б ні адазваўся добрым словам пра гэтага працалюбівага чалавека, ветэрана працы.

…Кузню напаўняе рытмічны стук молата, звон жалеза. Гэта працуюць бацька і сын Новікі. Анатоль пераняў бацькаву прафесію. Яна стала сямейнай.

КЛIЧУЦЬ НОВЫЯ ЗЕМЛI

У Чыцінскую вобласць пераехалі жыць сем’і Мікалая Казлова з Гіравіч і Мікалая Кучынскага са Слабады па праграме перасялення на новыя землі. Перасяляюцца людзі і ў Амурскую, Цалінаградскую, Какчатаўскую, Акцюбінскую вобласці.

Некаторыя сем’і з Узбалаці і з Руму вырашылі паехаць жыць на поўдзень Казахстана. Сустрэлі іх ветліва, прадаставілі добрыя кватэры, дапамаглі абзавесціся гаспадаркай, далі работу па душы.

Калгасы і саўгасы тых абласцей, куды праводзіцца перасяленне, адчуваюць востры недахоп рабочых рук. Тут на аднаго працаздольнага калгасніка толькі ворыўнай зямлі даводзіцца каля 23 гектараў, гэта значыць, амаль у 10 разоў больш, чым у нашым раёне. Праезд да месца новага жыхарства ў пасажырскім вагоне і перавоз маёмасці да дзвюх тон на сям’ю праводзіцца за кошт дзяржавы. Перасяленцам выдаецца беззваротная грашовая дапамога.

На месца перасяленцам прадастаўляюцца кватэра альбо дом. Жадаючым будаваць свой дом выдаецца пазыка. На працягу двух гадоў ім бясплатна выдаецца паліва, не бярэцца плата за кватэру, штогод прадаецца па 300 кілаграмаў фуражу для жывёлы. Перасяленца на працягу дзесяці год вызваляюцца ад сельскагаспадарчага падатку.

 

КОРМ ЗДРАБНЯЮЦЬ УРУЧНУЮ

Тое, што ў сельгасарцелі “Праўда” на корм жывёле выдзелена больш  караняплодаў, і радуе, і засмучае жывёлаводаў. Апошняе таму, што кармы прыходзіцца здрабняць уручную.

Так, у кароўніку, што ў вёсцы Леснікі, даяркі ўручную здрабняюць штодзень сотні кілаграмаў бручкі. У той жа час спецыяльная абсталяванне, на якое затрачаны арцельныя сродкі, прастойвае даволі доўгі час. Прычын шмат: то матор сапсаваўся, то нешта зламалася. Такое ж становішча і на іншых фермах.

БЕЛАРУСКАЯ МОВА – У ПАШАНЕ

Пра гэта пісала раённая газета пад рубрыкай “Ці ведаеце вы?”

На беларускай мове зараз размаўляюць каля 9 мільёнаў чалавек, з іх каля 8 мільёнаў – у СССР, звыш 100 тысяч – у Польшчы, звыш 10 тысяч – у Канадзе, столькі ж – у ЗША, 5 тысяч – у Аргенціне, 7 тысяч – у ФРГ і іншых краінах свету.

Беларускія школы ёсць у Польшчы, ЗША і Канадзе.

У беларускіх школах Польшчы навучаецца 18995 чалавек.

Беларускую мову і літаратуру вывучаюць на славянскіх факультэтах буйнейшых універсітэтаў свету, а ў Варшаўскім універсітэце нават ёсць факультэт беларускай мовы і літаратуры.

На беларускай мове выдаюцца газеты і часопісы ў ФРГ, ЗША, Канадзе, Польшчы.

УЛАДАЛЬНIЦАЙ КРЫШТАЛЁВАЙ ВАЗЫ

стала ў Забрэзскім сельсавеце дэпутат калгасніца Марыя Францаўна Залеская. Жанчына заваявала першынство ў сацыялістычным спаборніцтве на лепшы індывідуальны двор. Гэта мерапрыемства арганізаваў сельвыканкам.

У выніку сталі больш добраўпарадкаванымі індывідуальныя двары. Быў адзначаны і асабісты ўклад пяцікласніка Генадзя Садоўскага. На ўрачыстай лінейцы пад апладысменты рабят і настаўнікаў ён атрымаў настольны гадзіннік.

У ліку пераможцаў таксама калгаснік дэпутат А. І. Янушкевіч, урач В. Н. Грахольскі, ветэрынарны фельчар С. В. Трус.

Старонкі газеты гартала Алена ПАШКЕВІЧ

 



Добавить комментарий