НА ВАРЦЕ IНТАРЭСАЎ РАБОТНIКАЎ

Общество

26 лістапада адбыўся чарговы пленум райкама прафсаюза аграпрамысловага комплексу. Прафсаюзныя актывісты абмеркавалі стан калектыўна-дагаворнай работы ў прафсаюзных арганізацыях і меры па яе ўдасканаленні, а таксама разгледзелі некаторыя арганізацыйныя пытанні.

Са сваімі меркаваннямі і прапановамі на пленуме выступілі старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ДП «Падбярэззе» Ж. Б. Пякарская, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Валожынскага філіяла ААТ «Маладзечанскі малочны камбінат» Д. Г. Граноўская, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі КСУП «Сугвазды-Агра» В. У. Мянцюк, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ААТ «Агра-Вішнеўскі» Ф. І. Юша, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі СВК «Пяршаі-2003» М. І. Майсевіч.

НА ВАРЦЕ IНТАРЭСАЎ РАБОТНIКАЎ

Пагадненні і калектыўныя дагаворы – важнейшыя інструменты рэгулявання адносін і сацыяльна-эканамічных інтарэсаў работніка і наймальніка, шлях рашэння пры дапамозе перагавораў найбольш вострых пытанняў.

Калектыўна-дагаворны метад здольны ўлічыць асаблівасці і цэлай галіны, і кожнай канкрэтнай арганізацыі, улічыць інтарэсы розных катэгорый работнікаў. Зараз сацыяльным партнёрам прадастаўлена права вызначаць і прымяняць механізм рэгулявання працоўных адносін, паляпшаць прававое становішча работнікаў. Працоўны кодэкс прызнае пагадненне і калектыўны дагавор, як нарматыўныя акты, якія рэгулююць адносіны паміж наймальнікам і работнікам.

У раёне дзейнічаюць 24 пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі, якія адносяцца да аграпрамысловага комплексу. На сённяшні дзень у раённай прафсаюзнай арганізацыі – 23 калектыўныя дагаворы і адно тарыфнае пагадненне. Райкам прафсаюза пастаянна аказвае практычную дапамогу прафкамам і камісіям па падрыхтоўцы праектаў дагавораў. Узровень падрыхтоўкі калектыўных дагавораў дае падставу меркаваць, што гэта работа ў большасці арганізацый праводзіцца на высокім узроўні.

Распрацоўваючы калектыўны дагавор, мы заўсёды звяртаем увагу на пытанні павелічэння заработнай платы, паляпшэння ўмоў працы, павышэння кваліфікацыі работнікаў. Чалавек працы павінен адчуваць сябе абароненым. Здараюцца выпадкі, што кіраўнік прытрымліваецца пазіцыі эканоміць на сацыяльных расходах і такім чынам дабівацца росту вытворчых паказчыкаў, не жадае, каб яго волю абмяжоўвалі пэўнымі рамкамі. Такую пазіцыю наймальніка можна ўрэгуляваць калектыўным дагаворам.

Найбольшую незадаволенасць у людзей выклікае ўзровень матэрыяльнага стымулявання. Памер сярэднямесячнай зарплаты, яе своечасовасць з’яўляюцца адным з асноўных паказчыкаў узроўню абароны сацыяльна-эканамічных інтарэсаў працаўніка. Праца ў сельскай гаспадарцы мае сваю спецыфіку – цяжэй рашаюцца пытанні нарміравання, вытворчыя працэсы адбываюцца ў дыскамфортных умовах. На жаль, сярэднямесячная зарплата ў сельскай гаспадарцы застаецца невысокай – 3 мільёны 448 тысяч рублёў, што на 17 працэнтаў ніжэй за сярэднюю па раёне. Дзейнасць раённай прафсаюзнай арганізацыі, прафкамаў на месцах накіравана не толькі на пад’ём рэнтабельнасці сельскагаспадарчай галіны, але і на павышэнне дабрабыту людзей, абарону іх правоў і інтарэсаў.

На правядзенне культурна-масавых, спартыўных мерапрыемстваў, прапаганды здаровага ладу жыцця і адраджэнне нацыянальнай культуры прадугледжана адлічэнне 0,3 працэнтаў прафсаюзным арганізацыям ад фонду аплаты. Справа гэта ідзе пакуль што складана. Некаторыя напрацоўкі ёсць у ААТ «ПМК-188», Валожынскага філіяла ААТ «Маладзечанскі малочны камбінат». Вельмі добрасумленна падыходзяць да заключэння калектыўных дагавораў прафсаюзныя камітэты ААТ «Валожынская райаграпрамтэхніка», ААТ «ПМК-188», КСУП «Сугвазды-Агра», КУП «Сівіца».

Калектыўныя дагаворы сельгаспрадпрыемстваў прадугледжваюць арганізацыю гарачага харчавання ў перыяд палявых работ з аплатай ад 20 да 30 працэнтаў кошту абеду, ільготы па апрацоўцы прысядзібных участкаў, прадастаўленне транспарту для дастаўкі сена, паліва і інш.

Важнае месца ў рабоце прафсаюзаў займае ахова працы. У пярвічных арганізацыях налічваецца 46 грамадскіх інспектараў па ахове працы і 18 грамадскіх камісій. Сёлета ў раёне адбыўся 1 выпадак смяротнага траўматызму на вытворчасці, у КСУП «Сакаўшчына-Агра».

Праведзеныя маніторынгі паказалі, што кіраўнікамі некаторых гаспадарак не рэгулярна кантралююць стан аховы працы, не своечасова выдаецца спецадзенне, сродкі індывідуальнай аховы. Часам да работы дапускаюцца машыны і механізмы, якія не адпавядаюць патрабаванням бяспекі. У сувязі з гэтым мы наладзілі вучобу інжынераў па АП, старшынь прафкамаў, грамадскіх інспектараў працы.

Прафсаюзным лідарам неабходна актыўней унікаць у пытанні маладзёжнай палітыкі, замацавання маладых спецыялістаў на вёсцы. Пакуль што статыстыка не радуе за 2011-2012 гады ў раён былі накіраваны 74 выпускнікі ВНУ і сярэдне-спецыяльных навучальных устаноў. На месцах замацаваліся толькі 38.

Замала ўвагі прафсаюзы ўдзяляюць інфармацыйнай дзейнасці, рэдка выступаюць у СМІ. А значыць, грамадства не атрымлівае праўдзівага ўяўлення пра прафсаюзную дзейнасць.

Віктар ГІДЛЕЎСКІ,

старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу

 



Добавить комментарий