IМ ДАПАМОГА НЕАБХОДНА, ЯК НIКОМУ

Общество

З снежня адзначаецца Дзень інвалідаў Рэспублікі Беларусь. Як сёння вядзецца з імі работа ў раёне, расказаў у інтэрв’ю газеце начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Л. В. Садоўскі.

– Леанід Вікенцьевіч, колькі сёння ў раёне чалавек з праблемамі інваліднасці і на якія з падначаленых Вам службаў кладзецца клопат пра іх надзённыя патрэбы?

– На Валожыншчыне 2011 інвалідаў розных груп. З гэтай колькасці – 76 маладых інвалідаў, якія страцілі здольнасць працаваць, і 392 чалавекі працаздольнага ўзросту. Многія з іх здольныя самі паклапаціцца пра сябе. Аднак за праблемамі кожнага з названай катэгорыі насельніцтва сочыць спецыяльны апякунскі савет, створаны пры тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Яго члены займаюцца вырашэннем усемагчымых пытанняў, якія ўзнікаюць у інвалідаў, аказваюць ім неабходную падтрымку.

– Гэтая падтрымка ў большасці выпадкаў носіць разавы ці сістэматычны характар? Што ў яе ўваходзіць?

– Камусьці дапамога патрабуецца, сапраўды, толькі аднойчы. Напрыклад, з працаўладкаваннем. Насамрэч, тыя, хто мае трэцюю і другую катэгорыю інваліднасці, згодна з медыцынскімі і некаторымі іншымі паказаннямі, могуць працаваць у дзяржаўных установах і на прадпрыемствах. Аднак кіраўніцтва гэтых арганізацый часам не ўпэўнена, ці справіцца ў сілу свайго здароўя чалавек з працоўнымі абавязкамі. Тады ўжо падключаецца наша служба. Нядаўна спецыялісты аддзела занятасці займаліся адапттацыяй да працоўнай дзейнасці двух чалавек. У выніку адзін атрымаў работу у жылкамунгасе, другі – у ААТ “Лоск”. 1690 чалавек у раёне атрымліваюць сацыяльныя паслугі на даму. Сярод іх 2 інваліды і 15 удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, 332 інваліды па агульным захворванні. 16 з іх увогуле страцілі здольнасць да самаабслугоўвання, пра іх клапоцяцца работнікі ТЦСАН.

– Прадугледжана якая-небудзь дадатковая падтрымка?

– Вядома. Аб’яўлены марафон па зборы матэрыяльных сродкаў пад назвай “Твары дабро”, у якім удзельнічаюць працоўныя калектывы Валожыншчыны. Выручаныя грошы – а іх сабрана ўжо 11,5 мільёна рублёў – пойдуць на дапамогу людзям з інваліднасцю. Наша служба таксама накіравала дзяржаўную сацыяльную адрасную дапамогу ў суме 21 мільёна рублёў дваццаці пажылым інвалідам. Не пакідаюць па-за ўвагай гэтых людзей і дабрачынныя арганізацыі накшталт райкама “Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа”. Істотна дапамагае нам у высакароднай справе клопату пра інвалідаў і моладзь. Пры навучальных установах створаны 10 валанцёрскіх атрадаў “Добрае сэрца” і 14 атрадаў “Міласэрнасць”, якія пасільна дапамагаюць пажылым людзям справіцца з хатнімі турботамі – і дроў пасякуць-наносяць, і падлогу вымыюць, і вады прынясуць.

– Леанід Вікенцьевіч, а ўвогуле, якія меры прымаюцца па паляпшэнні ўзроўню жыцця інвалідаў?

– Пастаянна працуем над пашырэннем пераліку паслуг, аказваемых тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Працуе сацыяльная цырульня з гібкімі сістэмамі скідак – аж да 50 працэнтаў. З аналагічным прэйскурантам дзейнічае і сацыяльная майстэрня па рамонце абутку, і сацыяльная пральня. Запатрабаваны апошнім часам, асабліва ў сельскай мясцовасці, паслугі па распілоўцы дроў. Прадугледжана спецыяльная льгота для інвалідаў першай і другой груп. Працягваецца работа па стварэнні безбар’ернага асяроддзя. Многія ўстановы і арганізацыі, магазіны абсталяваны пандусамі, на прыступках з’явіліся парэнчы. Трэба адзначыць, што сёння ўсе аб’екты, якія праектуюцца, аўтаматычна ўключаюцца ў сістэму безбар’ернага асяроддзя.

Гутарыў Сяргей САДОЎСКІ

 



Добавить комментарий