ЗВЯРНУЛIСЯ ДА ДЭПУТАТА

Общество

На мінулым тыдні прыём грамадзян правёў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь С. Ф. Кулеш. Спачатку ён прымаў наведвальнікаў у Валожыне, а пасля – у Пяршайскім сельвыканкаме.

У прыватнасці, пенсіянерка з райцэнтра звярталася да дэпутата не ўпершыню: яшчэ вясной яна ніяк не магла “падзяліць” з сынам сваёй суседкі калодзеж, які пабудаваны на мяжы двух зямельных участкаў. Параду – вырашыць усё па-добраму, па-суседску, – жанчына ўспрыняла па-свойму. Пабудавала страху над студняй, а дзверцы зрабіла толькі са свайго боку. Сусед таксама пайшоў на прынцып: звярнуўся з заявай у суд. У выніку гаспадыня суседскага дома была аштрафана на 300 тысяч рублёў. Цяпер яе хвалюе адно толькі пытанне: тэрыторыю яна добраўпарадкавала, усё зрабіла згодна з санітарнымі нормамі, за што яшчэ і пацярпела?! Як патлумачыў С. Ф. Кулеш, вада – не ўласнасць чалавека, а дар прыроды. Таму ўласнікам давядзецца прыйсці да паразумення.

У Пяршаях да дэпутата звярнуліся 4 чалавекі. Траіх з іх цікавіла адно: прыватызацыя жылля. Яны ўжо звярталіся да кіраўніка сельгаспрадпрыемства са сваім пытаннем, аднак, атрымалі адмоўны адказ, бо, згодна з рашэннем праўлення гаспадаркі, прыватызаваць дом магчыма толькі тады, калі 2 члены сям’і працуюць у сельгасвытворчасці. У тых жа, хто звяртаўся, абставіны іншыя.

Падчас прыёму С. Ф. Кулеш расказаў, што ў парламенце краіны ён працуе ў камісіі па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі. Зараз заканадаўцы вельмі актыўна абмяркоўваюць пытанне наконт увядзення дарожнай пошліны з аўтаўладальнікаў. Меркаванні розныя і часам досыць супярэчлівыя: для таго, хто мае транспартны сродак – гэта дадатковыя выплаты, а аўтамабіль сёння – рэч не танная, каб ім карыстацца, неабходны немалыя сродкі. Кожны аўтааматар жадае ездзіць па добрай дарозе. Па словах дэпутата, да адзінага меркавання парламентарыі і зацікаўленыя міністэрствы пакуль не прыйшлі…

Алена ЗАЛЕСКАЯ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *