ТУТ РОБЯЦЬ ШЧАСЛIВЫМI IНШЫХ

Общество

29 лістапада Івянецкі дом-інтэрнат для дзяцей з асаблівасцямі фізічнага развіцця ўрачыста адзначыў паўвекавы юбілей.

У гэтым утульным, прыгожым доме заўсёды рады гасцям, і яны з задавальненнем прыязджаюць сюды. Едуць з розных гарадоў і нават іншых краін, розных інстанцый і ведамстваў, каб не толькі дапамагчы, падтрымаць, але і каб падарыць дзецям, якія па волі лёсу маюць фізічныя недахопы, часцінку душэўнага цяпла і дабрыні. Выхаванцы не лічаць яго казённай установай, бо для кожнага з іх ён стаў без перабольшвання другім домам, а педагогі, выхавальнікі, урачы і ўвесь абслугоўваючы персанал – роднымі людзьмі. Таму і не дзіўна, што, стаўшы дарослымі, менавіта ім тэлефануюць у радасную і складаную хвіліну жыцця, з імі радзяцца і дзеляцца поспехамі.

Многія з былых выпускнікоў, якія прыехалі на юбілей, з цікавасцю наведалі новыя карпусы, а пасля з захапленнем адзначалі змены, якія адбыліся тут за дзесяцігоддзі. А пачыналася ўсё ў 1963 годзе з шасці драўляных будынкаў былога лясгаса. Пячное ацяпленне, калодзежная вада. З персаналу – дырэктар, бухгалтар, кладаўшчык, загадчык гаспадаркі, фельчар, 2 выхавальнікі, якія прынялі першых выхаванцаў 25 снежня. Гэта былі 30 дзяцей з Мінскай вобласці, рознага ўзросту, з цяжкімі фізічнымі недахопамі.

…Большасць з выпускнікоў добра ўладкаваліся ў жыцці, працуюць, маюць сем’і, дзяцей і нават прыехалі на 50-годдзе роднай установы з другой палавінкай. Яны з вялікай удзячнасцю і цеплынёй успаміналі выкладчыкаў, выхавальнікаў і шчыра дзякавалі ім.

За пяць дзесяцігоддзяў Івянецкі дом-інтэрнат узначальвалі дырэктары: Міхаіл Іосіфавіч Лапо, які адпрацаваў тут пяць гадоў; Фёдар Лазаравіч Гольдшмідт – нязменны кіраўнік на працягу трох з паловай дзесяцігоддзяў. Цяперашні дырэктар Алена Сігізмундаўна Петрашкевіч змяніла яго з 2003 года. І кожны з іх унёс значны ўклад у развіццё і станаўленне гэтай установы. М. І. Лапо стаяў ля самых вытокаў, ён быў пачынальнікам нялёгкай, да таго ж, новай справы. А пачынаць заўсёды няпроста. Для яго прадаўжальніка Ф. Л. Гольдшмідта дом-інтэрнат стаў сэнсам жыцця: ветэран Вялікай Айчыннай вайны, які шмат пабачыў, перажыў і перанёс, ён жыў сваёй працай і яго выхаванцамі, ставіў грандыёзныя і, часам здавалася, невыканальныя задачы і… ажыццяўляў іх. І калектыву ўсё аказалася па сілах. Добрыя справы, пачынанні і традыцыі працягвае зараз і А. С. Петрашкевіч. Мэтанакіраваны і энергічны кіраўнік-жанчына шмат сіл прыклала, каб перавесці навучальны працэс на 4-праграмнае навучанне. Для выхаванцаў створана безбар’ернае асяроддзе. Аб усім гэтым яна расказвала прысутным падчас выступлення на святочнай урачыстасці.

Убачыць усё зробленае было прыемна і ветэранам працы, і былым выпускнікам, і шматлікім гасцям, якія завіталі на юбілей. У прыватнасці, сюды прыехалі член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь С. Р. Сарока, старшыня Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінаблвыканкама А. А. Семянчук, старшыня Мінскай абласной арганізацыі прафсаюза дзяржустаноў М. М. Рускевіч, старшыня раённага Савета дэпутатаў М. А. Іода і іншыя. Кожны з іх прыехаў з каштоўным падарункам, дзякуючы якім матэрыяльна-тэхнічная база дома-інтэрната папоўнілася новым тэлевізарам, фотаапаратам, электрамясарубкай і іншымі бытавымі прыборамі. Спонсарскую падтрымку ў памеры тысячы еўра аказаў Вальтэр Ланг і група прадстаўнікоў з Германіі. Здзівіў і развесяліў усіх “жывы” падарунак, які прыгатавала Івянецкая СШ. Гэта конь для заняткаў іпатэрапіяй. Сярод запрошаных быў і настаяцель Свята-Еўфрасіннеўскай царквы ў Івянцы протаіерэй Віктар Перагудаў. У сваёй вітальнай прамове ён перадаў калектыву і выхавальнікам самыя цёплыя словы ад Мітрапаліта Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, адзначыўшы, што дзесяць гадоў таму з благаславення Уладыкі ў гэтай установе распачаўся сумесны праект “Асаблівыя дзеці”, або душэўнае папячэнне і рэабілітацыя дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі.

.

У той дзень заслужаныя ўзнагароды за працу атрымалі і работнікі Івянецкага дома-інтэрната. Граматамі Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінаблвыканкама адзначаны повар А. А. Аляшэвіч і выхавальнік Д. Г. Краскоўскі. Падзякі раённага выканаўчага камітэта ўручаны настаўнікам нямецкай мовы Г. В. Лапуцкаму, працы – Г. А. Часнок, рускай мовы – Г. І. Зяньковіч.

Святочны настрой усім забяспечвалі зорка беларускай эстрады Жанет і артысты Маладзечанскага Дома культуры, выступленне якіх арганізавала член Савета Рэспублікі С. Р. Сарока, а таксама самі выхаванцы, што чакалі выхаду на працягу чатырох гадзін – менавіта столькі доўжылася святочная праграма. У позірку не было бачна стомленасці ці незадаволенасці, хаця некаторым было цяжка стаяць на нагах ці столькі часу сядзець у інваліднай калясцы. Наадварот, іх вочы свяціліся шчасцем.

Алена ЗАЛЕСКАЯ,

фота аўтара

 



Добавить комментарий