У КОЖНАЙ РАБОЦЕ – ШЧЫРАСЦЬ СЭРЦА

Общество

Міжнародны дзень інвалідаў, які, пачынаючы з 1992 года, уся сусветная супольнасць адзначае 3 снежня, не толькі прыцягнуў нашу ўвагу да праблем людзей з абмежаванымі магчымасцямі, абароны іх годнасці, правоў і дабрабыту, але ў чарговы раз падарыў гэтым людзям надзею, дапамог выйсці з укрыцця, выпрастаць плечы, паверыць у свой прыродны запал і талент.

Каля 70 творчых вырабаў 3 снежня прэзентавалі на выставе “Вясёлкавы калейдаскоп” выхаванцы аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў “Валожынскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва”. Выстава адкрылася на базе народнага аб’яднання майстроў “Скарбніца”, што ў райцэнтры. Яна ў чарговы раз даказала: людзі з асаблівасцямі развіцця валодаюць зайздроснымі творчымі здольнасцямі.

Тэматыка большасці работ – навагодняя. Дабрадушныя драўляныя Дзяды Марозы і пышна ўбраныя Снягуркі настройваюць на пазітыўны лад. Мініяцюрныя ялінкі з шышак дораць адчуванне казкі, калядныя вяночкі на дзверы нагадваюць, што на парог вось-вось завітае зімовае свята. Усё тут дыхае прадчуваннем цуду.

Аддзяленне дзённага знаходжання інвалідаў існуе ў Валожыне шэсць гадоў. Падтрымку і ўвагу тут атрымліваюць 20 выхаванцаў ва ўзросце ад 18 гадоў. Самаму старэйшаму падапечнаму – 46 гадоў. І хоць узрост выхаванцаў зусім не інфантыльны, але ў душы яны застаюцца па-дзіцячаму наіўнымі, прастадушнымі і даверлівымі. Можа, таму іх вырабы выпраменьваюць цеплыню, радасць і надзею.

На базе аддзялення дзейнічаюць дзве майстэрні дэкаратыўна-прыкладной творчасці, у якіх выхаванцам дапамагаюць увасабляць свае творчыя фантазіі ў жыццё. Напрыклад, у майстэрні па рукадзеллі “У краіне творчасці”, якой кіруе выкладчык са стажам Наталля Аляксандраўна Буклыс, дзеці вучацца ствараць эксклюзіўныя вырабы з любых падручных прадметаў: шматка тканіны, рознакаляровай паперы, залацістай саломкі, сухіх кветак, незвычайнай формы галінак, знойдзеных у лесе.

Народны майстар Аляксей Віктаравіч Старыкевіч у майстэрні “Зрабі сам” знаёміць выхаванцаў з асаблівасцямі апрацоўкі дрэва, вучыць выразаць і выточваць з гэтага прыроднага матэрыялу арыгінальныя фігуркі, ствараць маляўнічыя пано.

Выстава “Вясёлкавы калейдаскоп” будзе доўжыцца да канца месяца. Кожны наведвальнік пры жаданні зможа купіць упадабаны мастацкі выраб, тым самым падтрымаць здольных творчых людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Усе грошы ад продажу экспанатаў пойдуць на набыццё фарбаў, матэрыялаў і прылад для творчасці выхаванцаў аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў. А значыць, новыя цікавыя выставы яшчэ чакаюць нас!

Алена ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара

 



Добавить комментарий