За радком гісторыі

Культура

У год пачатку сялянскай рэформы адзначаны Траецкі кірмаш у Івянцы (прывезена тавараў на 670 руб., прададзена – на 140 руб.) і па два кірмашы ў Валожыне і Вішневе з абаротам менш за тысячу рублёў. З цягам часу колькасць кірмашоў расла, што сведчыць аб развіцці рыначных адносін. У 1866 годзе ў Валожыне адбыліся ўжо чатыры кірмашы: у Сырапусную, у наступны чацвер пасля Вялікадня, на дзясяты тыдзень пасля Вялікадня і 10 кастрычніка, а таксама базары штотыднёва па нядзелях і аўторках.

 

У другой палове XIX стагоддзя мястэчка Ракаў ператварылася ў прыкметны цэнтр сельскагаспадарчага машынабудавання. Тут вырабляліся веялкі, крупадзёркі, малатарні, саламарэзкі.

Цудоўная мазаіка склалася ў рамеснай вытворчасці. Рамяством займаліся мяшчане ў мястэчках і, з мэтай дадатковага заработку, сяляне. Зрэшты, для некаторых сялян занятак рамяством стаў асноўным заработкам.

 

Часам побач з вадзянымі млынамі размяшчаліся сукнавальні. У 1880 годзе яны меліся ў Валожыне, Вішневе і на сядзібе Яцкава. Аднак з развіццём рыначных адносін фабрычнае сукно выцесніла прадукцыю прымітыўнай, паўсаматужнай вытворчасці. Да 1897 года адзіная на Валожыншчыне сукнавальня захавалася ў фальварку Коцеўшчына на р. Вішнеўка.

 

У час рэвалюцыі 1905-1907 гг. масавы характар мелі прашэнні сялян аб надзяленні іх зямлёй. 24 красавіка 1906 года сяляне Пяршайскай воласці з вёсак Доры, Сярэдняе Сяло, Слабада, Раманоўшчына, Нелюбы і Шараі ў сваім прашэнні пісалі: “Нам так далей нельга! Зямлі дайце!” 10 ліпеня 1906 года з просьбай зменшыць падаткі і даць зямлю звярнуліся ў Дзяржаўную думу сяляне вёсак Дружычы, Пятровічы, Харужы і сяла Кіявец Ракаўскай воласці.

 

У 1794 годзе ў час паўстання пад кіраўніцтвам Т. Касцюшкі на заводзе ў Вішневе рабілі зброю для паўстанцаў. Калі рускае войска заняло маёнтак, то значна разбурыла завод. У хуткім часе ён быў адрамантаваны.

 

Адным са старадаўніх гаспадарчых заняткаў насельніцтва з’яўлялася бортніцтва. Доўгі час для борцей прыстасоўвалі натуральныя дуплы на дрэвах. Паступова на дрэвах устанаўліваюць спецыяльныя калоды. Пра вялікую колькасць бортных дрэў у лясах Валожыншчыны сведчыць, напрыклад, дакумент 1501 года, дзе гаворыцца пра трыста дрэў на р. Іслач, якія належалі віленскім канонікам. Пачынаючы з XVII стагоддзя, усё больш распаўсюджваецца пасечная сістэма пчалярства. Напрыклад, у вёсцы Бялякі ў пачатку XVIII стагоддзя на 4 двары прыпадала 15, а ў вёсцы Мінці на 7 двароў – 56 вуллёў.

 

Сёлы, мястэчкі і феадальныя двары Валожыншчыны былі звязаны паміж сабой трывалымі гандлёвымі сувязямі. На местачковых рынках сяляне прадавалі прадукты сельскай гаспадаркі, промыслаў, некаторыя рамесныя вырабы і набывалі прылады працы, тканіны, адзенне і г. д.

Феадальныя маёнткі Валожыншчыны з’яўляліся пастаўшчыкамі сельскагаспадарчай прадукцыі і “ляснога тавару” на гарадскія рынкі Вялікага княства Літоўскага і суседніх краін.

 



Добавить комментарий