Унікальная кніжніца і яе скарбы

Общество

10 снежня 2013 года Прэзідэнцкая бібліятэка святкуе 80-годдзе свайго заснавання.

Ёсць у Мінску адна ўнікальная бібліятэка. І хоць, здараецца, зрэдзь яе блытаюць з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, назву мае крыху інакшую – Прэзідэнцкая (да 1994 года – Урадавая) бібліятэка  Рэспублікі Беларусь. Знаходзіцца яна ў самым цэнтры нашай сталіцы – на плошчы Незалежнасці ў правым крыле Дома Урада. Разам з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і Цэнтральнай навуковай бібліятэкай імя Я. Коласа Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі ўваходзіць у тройку самых буйных кніжніц нашай краіны.

Згодна з падлікамі вучоных, сярэднестатыстычны чалавек можа прачытаць за сваё жыццё каля пяці тысяч кніг. Сімвалічна, але, сапраўды, у сярэднявечнай беларуска-літоўскай дзяржаве Вялікім Княстве Літоўскім была выдадзена якраз такая іх колькасць. Гэта значыць, нашыя продкі ўжо некалькі стагоддзяў назад як бы забяспечылі нас, сённяшніх беларусаў, друкаваным словам розуму і ведаў. А да гэтага ж былі і шматлікія рукапісныя кнігі. Яшчэ лічба ад навукоўцаў: у XVI–пачатку XVIІ стагоддзя на тагачасных землях Беларусі выйшла з друкарняў дзесьці 400 назваў кніг, Украіны – 30, у Маскоўскім царстве – 10. Аналагічная карціна вымалёўваецца і з друкарнямі. Напачатку XVI стагоддзя ў нашай Рэчы Паспалітай іх было каля 125. А ў Масковіі – 2, прытым, што адна з іх была заснавана нашым земляком Сімяонам Полацкім, паэтам і асветнікам, які займаўся выхаваннем дзяцей расійскага цара Аляксея Міхайлавіча.

Але залаты век беларускай культуры, у часе якога менавіта праз нас і ад нас ішла кніжная культура на поўдзень і ўсход, скончыўся пасля вядомых падзелаў (у 1772, 1793 і 1795 гадах)  Рэчы Паспалітай. Давяршылі ўсё падзеі апошняй сусветнай вайны. Вось так і сталася, што за межамі Беларусі апынуліся большая і найбольш старая частка самай вялікай прыватнай бібліятэкі Вялікага Княства Літоўскага – Нясвіжскай ардынацыі Радзівілаў, кнігазборы магнатаў Сапегаў, Храптовічаў і іншыя.

Доўга лічылася страчаным, але нядаўна выйшла з нябыту адна з нацыянальных праваслаўных святынь Беларусі – Слуцкае Евангелле 1582 года, перапісанае, верагодна, самім слуцкім князем Юрыем Алелькавічам. (Сёння арыгінал Евангелля захоўваецца ў хатнім храме Патрыяршага Экзарха Беларусі Мітрапаліта Філарэта.). Вярнуліся на Бацькаўшчыну знакаміты «Статут ВКЛ» 1588 года (набыты ў Расіі Музеем гісторыі Магілёва), ні аднаго асобніка, якога да апошняга часу не было ў Беларусі, і ўнікальны трактат сямнаццатага стагоддзя «Вялікае мастацтва артылерыі» Казіміра Семяновіча (набыты Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі), у якім наш зямляк упершыню на навуковым узроўні разгледзеў прынцыпы дзеяння і змясціў чарцёж шматступеневай ракеты з дэльта-крыламі.

Прэзідэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь сёння таксама прыкладае шмат намаганняў, каб кніжная спадчына ў галіне дзяржавы і права атрымала сваё другое жыццё.

Раней бібліятэка працавала як аддзяленне (філіял) Дзяржаўнай бібліятэкі БССР са статусам аб’яднанай бібліятэкі наркаматаў. З 1938 года яна стала поўнасцю самастойнай, з афіцыйным найменнем – Урадавая бібліятэка БССР імя А. М. Горкага. Амаль няма ў нас дакументаў з характарыстыкай даваеннага фонду. Але мы, прыкладна як і сёння, былі недзе на трэцім месцы па яго каштоўнасці і аб’ёму: пасля «Ленінкі» (сёння «Нацыяналкі») і навуковай бібліятэкі пры Акадэміі навук. 250 тысяч адзінак захоўвання, кніжны фонд – каля 80 тысяч. Ужо тады ва Урадавай бібліятэцы было вельмі шмат рэдкіх выданняў – пасля канфіскацыі з маёнткаў, манастыроў, з гімназій і семінарый быў створаны дзяржаўны фонд па размеркаванні літаратуры. Пасля яна паступала ў дзяржаўныя бібліятэкі.

Пачалася вайна і фонд быў амаль цалкам страчаны, бо не эвакуіраваўся. Сумнавядомая каманды нацысцкага «Штаба рэйхсляйтэра Розенберга», якія вывозілі культурныя каштоўнасці з усёй Еўропы, таксама дзейнічалі і ў Беларусі. Пасля вайны літаратура з беларускіх бібліятэк была знойдзена на тэрыторыі Польшчы і Германіі. Наш зямляк маршал Канстанцін Ракасоўскі дапамог вярнуць кнігі назад. І адзін ці два эшалоны кніг прыбылі з Германіі. З гэтымі эшалонамі трапіла і літаратура, якая была вывезена гітлераўцамі з іншых краін Заходняй Еўропы.

Такім чынам апынулася ў нас  частка Рускай Тургенеўскай бібліятэкі ў Парыжы. Гэта, варта нагадаць, была першая руская грамадская бібліятэка, створаная ў ХІХ стагоддзі рускімі эмігрантамі ў Парыжы, у многім дзякуючы менавіта Івану Тургеневу і яго каханай жанчыне Паліне Віардо. На пачатку Другой сусветнай нацысты вывезлі яе ў Германію, а потым кнігі са штэмпелем «Bibliotheque russe Tourgueneff» аказаліся раскіданымі па ўсім кантыненце. У Прэзідэнцкай бібліятэцы каля пяцісот яе дакументаў: кнігі, часопісы, газеты.

Пачынаючы з 1944 года камплектатары бібліятэкі аб’ездзілі ці не ўвесь былы СССР, каб аднавіць страчаны ў гады нямецкай акупацыі фонд.

Фонд аддзела старадрукаў і рэдкіх выданняў бібліятэкі з’яўляецца адным з самых унікальных і каштоўных у Беларусі. Налічвае ён звыш 70 тысяч кніг, часопісаў, газет і іншых дакументаў, датаваных у храналагічным прамежку ад XVI стагоддзя да нашага часу.

Выданні беларускага замежжа – сведчанні таго, з якой любоўю беларусы захоўвалі сваю мову, традыцыі і культуру ўсюды, куды б ні закінуў іх лёс. Можна лічыць, што Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь, якая не мела ў сваіх фондах выданняў беларускага замежжа, пашанцавала, калі ў 2000 годзе мы атрымалі ў дар ад бібліяфіла, бібліёграфа, гісторыка, беларускага краязнаўцы і адданага чытача бібліятэкі Алеся Баркоўскага больш за 300 выданняў літаратуры беларускага замежжа.

 

Валерый ГЕРАСІМАЎ,

загадчык аддзела старадрукаў

і рэдкіх выданняў Прэзідэнцкай

бібліятэкі Рэспублікі Беларусь

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *