ШУМЕЎ ШКОЛЬНЫ КIРМАШ

Общество

Дабрачыннасць ва ўсіх яе праявах заўсёды цанілася і цэніцца людзьмі. Аддаючы свой час, сілы, энергію, грошы, забываючы пра сябе, мы знаходзім значна больш, чым можам сабе ўявіць! І тое, што немагчыма для аднаго чалавека, становіцца магчымым, калі сотні сэрцаў зліваюцца разам.

У СШ № 1 горада Валожына склалася добрая традыцыя ў канцы лістапада праводзіць дабрачынны восеньскі кірмаш “У гасцях у Несцеркі”. Заробленыя на кірмашы грошы па рашэнні апякунскага савета, бацькоўскага камітэта і школьнага парламента пералічваюцца на рахункі Рэспубліканскага ГА “Беларускі дзіцячы фонд”, Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў “Валожынскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва”.

На чарговым кірмашы было зароблена 8461000 рублёў. Педагогі і кіраўніцтва школы засталіся ўдзячныя выхаванцам і іх бацькам за актыўнасць, неабыякавасць да чужога болю, за падтрымку і ініцыятыву. Вучні школы і іх бацькі старанна рыхтаваліся да кірмашу: пяклі прысмакі, выраблялі сувеніры.

У суботу школа зранку гудзела дзіцячымі галасамі. У фае і класах на першым паверсе выстаўляліся падрыхтаваныя вырабы. Адчувалася хваляванне і ў дзяцей, і ў дарослых. Хацелася як мага прыгажэй раскласці тавар, каб пакупнікі не прайшлі міма…

Распачаўся кірмаш “У гасцях у Несцеркі” невялікім канцэртам з прыпеўкамі і інсцэніроўкамі ў народных традыцыях. Несцерка запрашаў усіх прысутных наведаць кірмаш. Акрамя разнастайных прысмакаў, тут можна было набыць сувеніры, зробленыя ўдзельнікамі аб’яднання па інтарэсах у гуртках “Цестапластыка”, “Умелыя рукі”, “Свой дом упрыгожым самі”, “Вясёлкавы калейдаскоп”.

На працягу ўсяго мерапрыемства праходзілі майстар-класы па ўпрыгожванні тортаў, развядзенні кветак, па арыгамі, маляванні васкавымі мялкамі, бісерапляценні і інш. Нікога з пачаткоўцаў не пакінула раўнадушным “катанне на брычках”.

Добрыя традыцыі развіваюцца, іх пераймаюць іншыя. На  восеньскі кірмаш у СШ № 1 г. Валожына заўсёды прыходзіць шмат гасцей. Сёлета сюды завітала дэлегацыя з Івянецкай СШ, каб пераняць добры вопыт.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара

 



Добавить комментарий