ДОРЫЦЬ НАДЗЕЮ…

Общество

Чаму губляюцца людзі, дзе шукаць іх сляды, як ім дапамагчы? У выпадку знікнення чалавека, менавіта неабыякавасць іншых можа выратаваць яго жыццё.

Сёлета ў канцы жніўня ў Валожыне з’явілася аддзяленне пошукава-выратавальнага атрада “Анёл”. За тры месяцы існавання аддзялення ўдалося знайсці трох чалавек, якія прапалі без вестак на тэрыторыі раёна. Усе яны шчасліва вярнуліся дадому.

Наша аддзяленне арганізавана на базе галаўнога пошукава-выратавальнага атрада “Анёл”, які ў 2012 годзе стварыла група маладых валанцёраў з Мінска на чале з Сяргеем Коўганам з мэтай пошуку людзей, якія згубіліся ў лесе. Паступова ў атрад сталі звяртацца людзі з просьбай змясціць інфармацыю пра дарослых і дзяцей, якія прапалі не толькі ў лясах, але і ў горадзе.

Работа ў атрадзе заснавана на бескарыслівасці, усё робіцца за кошт энтузіязму і сродкаў валанцёраў. У атрад уваходзяць школьнікі, студэнты, рабочыя, праграмісты, эканамісты, педагогі і людзі іншых прафесій. Усіх іх аб’ядноўвае адно – жаданне дапамагчы ў чужой бядзе.

Зараз у галоўнай інтэрнэт-групе атрада, якая зарэгістравана ў сацыяльнай сетцы “ВКонтакте”, больш за 33 тысячы ўдзельнікаў. З Міністэрства ўнутраных спраў ці Упраўлення ўнутраных спраў, з якімі шчыльна супрацоўнічае моладзь, паступае інфармацыя аб прапаўшым чалавеку. Дабравольцы распрацоўваюць арыенціроўкі, расклейваюць іх на вуліцах, імкнуцца зрабіць іх максімальны перапост у інтэрнэце, удзельнічаюць у апытаннях гараджан, выязджаюць на пошукі. Адначасова вядзецца работа са сваякамі і знаёмымі прапаўшага.

Усё гэта робіцца не дзеля пахвалы, не за грошы, не за медалі, а за просты “дзякуй”. Таму што кожны такі выпадак валанцёры расцэньваюць як асабістую трагедыю. Для іх няма чужога болю і чужых слёз. Да іх звяртаюцца людзі, якія страцілі ўсякую надзею знайсці сваіх родных.

У нашым раёне зараз налічваецца каля 1260 удзельнікаў пошукава-выратавальнага атрада “Анёл”, самых актыўных з іх – каля 40. На дадзены момант мы шукаем мужчыну з Ракава, які ў ліпені гэтага года выйшаў з дому і не вярнуўся. Сумесна з супрацоўнікамі Валожынскага РАУС і вайскоўцамі былі прачасаны лясныя масівы ля Ракава. На жаль, слядоў прапаўшага там не знойдзена.

Атрад удзельнічае ў вучэннях па пошуку прапаўшых у лесе людзей, абменьваецца вопытам з пошукавымі атрадамі краін СНД, супрацоўнічае з праграмай “Жди меня”, з садружнасцю валанцёраў “Пошук прапаўшых дзяцей”.

Атрады “Анёл” актыўна развіваюцца ў рэгіянальных і абласных цэнтрах па ўсёй Беларусі. Сумеснымі намаганнямі за ўвесь час існаванні ПВА “Анёл” удалося адшукаць каля 180 чалавек.

Стаць валанцёрам ПВА “Анёл” можа кожны, хто неабыякавы да чужога гора, уступіўшы ў групу атрада ў сацыяльнай сетцы “ВКонтакте”.

Пакінуць заяўку пра чалавека, які прапаў, або звярнуцца за дапамогай можна на сайце www.angel-search.by, а таксама па тэлефонах: + 375 33 6666856, + 375 29 7754047, + 375 29 1908779.

Анастасія ВАЛЧОК,

каардынатар ПВА “Анёл” па Валожынскім раёне

 



Добавить комментарий