ПАДМАНЛIВАЯ ЦВЕРДЗЬ

Закон и порядок

Нядаўна ў Гомелі праваліліся пад лёд дзеці. Двое хлапчукоў загінулі. Магчыма, трагедыі і не адбылося б, калі б яны ведалі пра небяспеку …

Арганізм чалавека, які правальваецца пад лёд, трапляе ў стрэсавую сітуацыю. Ад рэзкага холаду мышцы дранцвеюць, выклікаючы спачатку выдых, а потым удых. Гэты міжвольны дыхальны акт асабліва небяспечны пад вадой – чалавек захлынецца. У ледзяной вадзе ўзмацняецца сардэчная дзейнасць, павышаецца артэрыяльны ціск.

Чалавек у такіх умовах можа пратрымацца не больш за 15 хвілін. Потым наступае пераахаладжэнне і смерць.

Выратавальнікі павінны памятаць, што ні ў якім разе нельга падыходзіць да палонкі, можна толькі падпаўзаць, ды і то не да самага краю. Працягніце пацярпеламу вяроўку, пояс, лесвіцу або дошку, – тое, што акажацца пад рукой. Добра, калі ёсць магчымасць падстрахавацца: замацаваць вяроўку на беразе, паклікаць дадатковую дапамогу. Як толькі чалавек будзе вызвалены з ледзянога палону, яго неабходна найперш сагрэць: развесці агонь, напаіць гарачым чаем, пераапрануць у сухое адзенне. Пры аслабленні дыхання трэба зрабіць штучнае, потым перадаць пацярпелага пад нагляд урачоў.

А як паводзіць сябе тым, хто праваліўся пад лёд? Найперш, не ўпадайце ў паніку. Не варта чапляцца за ледзяныя краі – яны будуць ламацца. На лёд трэба выбірацца вінтавым рухам, выкручваючы сябе па спіралі ў бок правай рукі. Старайцеся, каб галава не нырала ў ваду. Як толькі большая частка цела акажацца на лёдзе, перакуліцеся на жывот і адпаўзайце ў той бок, адкуль ішлі. Пастарайцеся хутчэй сагрэцца: па чарзе выкручвайце мокрыя рэчы, надзявайце і хутчэй да людзей, у цяпло.

Тым, хто захапляецца падлёднай рыбнай лоўляй, неабходна памятаць: нельга выходзіць на лёд пры дрэннай бачнасці, рухайцеся па пратаптаных сцежках ці лыжні, пры групавым пераходзе захоўвайце дыстанцыю ў 5-6 метраў. Калі ў вас на нагах лыжы, то, ступіўшы на замерзлы вадаём, расшпіліце замацаванні, дастаньце рукі з петляў лыжных палак, каб у неспадзяваным выпадку вы маглі хутка пазбавіцца ад лішняга грузу.

З гэтай жа мэтай рукзак лепш трымаць на адным плячы. Устрымайцеся ад выхаду на лёд у стане алкагольнага ап’янення, так як алкаголь прытупляе рэакцыю і надае лішнюю самаўпэўненасць.

Правярайце трываласць лёду кіем, але ні ў якім разе не нагой, што можа справакаваць пралом ільду. Не рабіце шмат лунак у адным месцы. Збіраючыся на рыбалку, захапіце з сабой два доўгія цвікі, якія замацаваны між сабой вяроўкай даўжынёй 50-70 сантыметраў. Такое няхітрае прыстасаванне можа выратаваць вам жыццё. Трымайце яго ў даступным месцы, каб у хвіліну бяды вяроўку з цвікамі можна было лёгка дастаць.

Юліян БАЛДОЎСКІ,

начальнік раённай арганізацыі ТВВАД

 



Добавить комментарий