ЗБЕРАЖОМ ПРЫРОДУ РАЗАМ

Закон и порядок

Па традыцыі, якая складалася стагоддзямі, кожная сям’я сустракае навагоднія і калядныя святы з прыгажуняй-ёлкай. Для гэтага зусім не абавязкова секчы жывое дрэва – можна купіць штучнае, якое будзе служыць гадамі. А каб адчуць свежы водар прыроды, дастаткова дапоўніць галоўнае ўпрыгажэнне дома яловай галінкай.

Штогод Дзяржаўная інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь прымае меры па папярэджанні парушэнняў, звязаных з масавай нарыхтоўкай юрыдычнымі асобамі, індывідуальнымі прадпрымальнікамі і грамадзянамі навагодніх дрэў хваёвых парод.

Для нарыхтоўшчыкаў устаноўлены вызначаны парадак высечкі елак на тэрыторыі ляснога фонду – на спецыяльных плантацыях, падчас планавых высечак, а таксама пры расчыстцы трас, прасекаў, палосаў адводу, ліній электраперадач, на лесасеках галоўнага карыстання і інш. Юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі нарыхтоўваюць хваёвыя дрэвы і елкі ў прамысловых мэтах толькі на падставе ляснога білета ў межах прадастаўленых ім участкаў ляснога фонду. Але, як паказвае вопыт мінулых гадоў, у гэты час не абыходзіцца без парушэнняў.

Толькі ў другой палове снежня мінулага года сіламі Дзяржінспекцыі, а таксама пры ўзаемадзеянні з падраздзяленнямі МУС, Мінпрыроды і Мінлясгаса выяўлена 78 парушэнняў. 24 з іх дапусцілі службовыя асобы. На ўсіх складзены адміністрацыйныя пратаколы.

За незаконную высечку ў лясах першай групы вінаватыя нясуць адміністрацыйную і матэрыяльную адказнасць. У прыватнасці, на правапарушальніка– фізічную асобу накладаецца штраф ад 5 да 50 базавых велічынь, на індывідуальнага прадпрымальніка – ад 20 да 200 базавых, на юрыдычную асобу – ад 50 да 300. Незаконнае знішчэнне дрэў на астатніх землях ляснога фонду караецца матэрыяльным спагнаннем да 30 базавых велічынь для грамадзян, ад 10 да 150 – для індывідуальных прадпрымальнікаў і ад 50 да 300 базавых – на юрыдычную асобу.

Акрамя таго, за кожнае ссечанае дрэва дыяметрам каля пня да 12 сантыметраў, каб кампенсаваць прычынены прыродзе ўрон, вінаватыя абавязаны будуць выплаціць ад 0,1 да 0,2 базавай велічыні, а пры немагчымасці канфіскацыі дрэва пагасіць яго кошт у памеры 1 базавай.

Мікалай ПЛЯВАКА,

Дзяржінспектар Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету

Для тых, хто жадае натуральную елку, напярэдадні святаў – з 21 па 31 снежня –лясгас арганізуе кірмашы. Прадукцыя на іх паступіць са спецыяльных пляцовак і планавых высечак лесу. Сёння супрацоўнікі лясной аховы пільна назіраюць за даверанай тэрыторыяй. У выхадныя кантроль заканамерна ўзмацняецца – выяўляць лясных браканьераў дапамагаюць створаныя мабільныя групы ў складзе дзяржаўных інспектараў па ахове жывёльнага і расліннага свету, міліцыянераў. На пад’ездах да горада будуць устаноўлены экалагічныя пасты: прадстаўнікі лясной аховы і ДАІ правераць у вадзіцеляў дакументы, якія пацвярджаюць легальнасць набыцця навагодніх дрэў – чэкі ці накладныя. Гэта робіцца для таго, каб зберагчы наша зялёнае багацце. Толькі адзін гектар лесу за год здольны ачысціць паветра ад 70 тон пылу і шкодных сумесяў, а за гадзіну выдзяляе шмат кіслароду замест нейтралізаваных 8 кілаграмаў вуглякіслага газу – прыкладна столькі выдыхаюць 200 чалавек.

Раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, ДЛГУ «Валожынскі лясгас»

 



Добавить комментарий