НЕ ПА ПРАВIЛАХ ГАНДЛЯВАЛI – ШТРАФ АТРЫМАЛI

Общество

Супрацоўнікамі ДУ «Валожынскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі» правераны 85 аб’ектаў гандлю, грамадскага харчавання, гандлёвых месцаў на рынках. Выяўлены шэраг парушэнняў санітарных правіл.

Адным з самых злосных парушальнікаў з’яўляецца магазін «Солбак», які размяшчаецца ў Ракаўскай бальніцы. Дырэктар А. С. Салаўёў сёлета ўжо тройчы штрафаваўся за антысанітарыю, аднак, падчас маніторынгу ў яго магазіне зноў выяўлены «грахі». Работнікі не прытрымліваюцца правілаў асабістай гігіены, магазін захламлены, няякасна мыецца халадзільнае абсталяванне, не хапае інвентару для ўборкі памяшкання, спецадзення, у гандлёвай зале захоўваліся пратэрмінаваныя прадукты. Было вынесена прадпісанне аб спыненні работы магазіна.

Такія ж прадпісанні вынесены і ў адносінах да яшчэ двух гандлёвых кропак. У магазіне «Елесерж» у вёсцы Паморшчына не своечасова праводзілася ўборка памяшкання, гандлёвага абсталявання, адсутнічалі мыючыя і дэзынфіцыруючыя сродкі, дазатары з вадкім мылам і сродкам для дэзынфекцыі рук, на паліцах ляжалі пратэрмінаваныя прадукты.

У гандлёвым павільёне ІП Т. А. Ярашэвіч на рынку ў Валожыне таксама  беспарадак, на пакрыцці халадзільнай вітрыны для сырой рыбы – сляды карозіі, абсталяванне і тара – брудныя.

Розныя парушэнні патрабаванняў санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства дапушчаны ў аўтамагазіне ПГУП «Дынастыя-Груп», у магазінах філіяла «Ваенсэрвіс», у ІП з Валожына Н. Ф. Цынкевіч, у ПГУП «Захадмаркет» з Івянца, на аўтазаправачных станцыях РУП «Беларусьнафта-Мінскаблнафтапрадукт», у ларку ААТ «Агразабеспячэннекамплект» у в. Ракаў, у ПГУП «Вай-Ні-Кон» з Вішнева і іншых.

На жаль, прадпрыемствы гандлю па-ранейшаму рэалізуюць пратэрмінаваныя харчовыя прадукты. «Лідарам» сярод іх на гэты раз аказаўся магазін «Эдэльвейс» райспажыўтаварыства, у якім канфіскавана і не дапушчана да продажу 26 найменняў прадуктаў агульнай вагой 27,4 кілаграма. Сярод канфіскату і пратэрмінаваныя прадукты, і прадукты без неабходнай маркіроўкі з указаннем тэрміну захоўвання.

Факты продажу няякаснай прадукцыі выяўлены ў валожынскіх магазінах філіяла «Ваенсэрвіс» і ў ІП Г. П. Круцько; у івянецкіх магазінах № 139, «Алінабел», «Кволіці-Марк», «Фабрыка здароўя» агракамбіната «Дзяржынскі»; у магазінах райспажыўтаварыства ў Падневічах, Камені, універсам «Ракаўскі», «Солбак» і інш.

Негатыўныя факты сведчаць, што кіраўнікі вышэйназваных суб’ектаў гаспадарання не дастаткова ўвагі надаюць кантролю і нагляду.

За кастрычнік-лістапад 2013 года за дапушчаныя парушэнні на прадпрыемствах гандлю, грамадскага харчавання, рынку накладзена 33 штрафы на суму 28,5 мільёнаў рублёў, вынесена 22 прадпісанні аб вылучэнні са звароту харчовых прадуктаў, па ўсіх парушэннях дадзены рэкамендацыі аб іх выкараненні.

Суб’екты гаспадарання, якія займаюцца рэалізацыяй і захоўваннем прадуктовай сыравіны і харчовых прадуктаў, павінны ўлічыць, што меры адміністрацыйнага ўздзеяння сталі больш жорсткімі. За рэалізацыю або прапанаванне на рэалізацыю пратэрмінаваных прадуктаў індывідуальнаму прадпрымальніку ці юрыдычнай асобе пагражае штраф у памеры ад 30 да 500 базавых велічынь.

Святлана МАРЧЫК,

загадчык аддзела гігіены ДУ «Валожынскі РЦГіЭ»

 



Добавить комментарий