У НОВЫ ГОД З ПАЗIТЫЎНЫМ НАСТРОЕМ

Общество

Старшыня райвыканкама У. А. Наумовіч 23 снежня правёў чарговую “прамую тэлефонную лінію” з насельніцтвам раёна.

Навагоднія святы, якія набліжаюцца, міжволі настройваюць на пазітыўнае. Псіхолагі сцвярджаюць, што фарбы, якімі мы ўспрымаем навакольны свет, залежаць ад нашага настрою, унутранага стану.

Калі працягваць разважаць у гэтым кантэксце, што дарэчы будзе прыгадаць словы старшыні райвыканкама Уладзіміра Антонавіча Наумовіча, якія ён сказаў сваім суразмоўцам падчас правядзення чарговай “прамой тэлефоннай лініі” з насельніцтвам раёна. Напомнім, што прамы тэлефонны дыялог адбыўся 23 снежня. Улічваючы надыход навагодніх, калядных святаў, кіраўнік райвыканкама сказаў наступнае: “Важна, каб нашы людзі сустрэлі святы без журбы!” А ён, афіцыйная асоба высокага службовага рангу раёна, меў перш-наперш на ўвазе мікраклімат у грамадстве. Стварыць людзям святочны настрой – значыць ліквідаваць, а ў некаторых выпадках мінімізаваць, вострыя праблемы і пытанні, якія цяпер непакояць жыхароў раёна. І гэту ношу павінны ўзяць на сябе кіраўнікі ўсіх структурных падраздзяленняў мясцовай выканаўчай улады. Зразумела, калі будуць задаволены ўсе  сацыяльна значныя звароты грамадзян, аператыўна вырашаны неадкладныя праблемы – Новы год людзі сустрэнуць у святочным, прыўзнятым настроі. Таму ўсе 20 пытанняў, якія былі адрасаваны на “прамую лінію”, сталі на гэтым тыдні асноўным клопатам кіраўнікоў пэўных службаў. Падыход гаспадарлівы: усе болевыя кропкі павінны быць ліквідаваны, з максімальнай уніклівасцю павінны быць вырашаны надзённыя праблемы людзей, якія звярнуліся па тэлефоне да старшыні. Перыядычнасць зваротаў грамадзян  пераканала: ёсць у некаторых населеных пунктах праблемы з асвятленнем вуліц у цёмны час сутак. У прыватнасці, такія тэлефанаванні паступілі з Ганчыцаў, Раднікоў, з вуліцы Леніна Валожына.

Няўстойлівая зіма сваёй макрэчай стварыла дыскамфорт на вуліцах, праезных частках. Таму дзесьці наспеў час грэйдзіравання, недзе патрэбна зрабіць своечасовую падсыпку. Такія просьбы, напрыклад, прагучалі з Брылькоў, Слабады, Ганькавічаў Гародзькаўскага сельсавета. Настойліва дабіваюцца добраўпарадкавання сваіх вуліц і жыхары Маладзёжнай, Гасціловіча, завулка Старога Уласа ў Валожыне.

Не ўсё так адназначна, як пацвярджаюць тэлефанаванні, і з аптымізацыяй сельскіх паштовых аддзяленняў сувязі. На гэты конт тэлефанавалі з Брылькоў, Раднікоў. Пазіцыя старшыні райвыканкама безапеляцыйная: закрыццё пошты  ў вёсцы ні ў якім разе не павінна ствараць нязручнасці людзям,  вяскоўцы павінны мець магчымасць у сваіх населеных пунктах аплаціць патрэбныя паслугі. Значыць, у вызначаныя графікам дні неабходна наладзіць стабільную работу пошты “на калёсах”. Прынамсі, такія паслугі павінны аказвацца хаця б два разы ў месяц. Кіраўніцтва раённага вузла паштовай сувязі запэўніла, што будуць прыняты ўсе меры для нармалізацыі сітуацыі.

Штораз у ліку пытанняў, адрасаваных на “прамую лінію” старшыні райвыканкама, ёсць нямала звязаных з жыллёва-камунальнай сферай. Праблема планавага капітальнага рамонту дома цікавіла жыхарку дома № 27 па вуліцы Чапаева райцэнтра Я. І. Аўсяннікаву. Хоць зіма яшчэ як след не ўступіла ў сілу, а жыхары дома № 7 па Садовай райцэнтра ўжо б’юць трывогу наконт нізкай тэмпературы ў жылых пакоях. Пасля рамонту ўчастка цеплатрасы ў суседнім жылым доме ацяпленне значна палепшылася, а жыхары шматпавярхоўкі № 7 чамусьці перажываюць дыскамфорт. Рэакцыя на крытычны зварот наступная: інспекцыйная група тэрмінова павінна разабрацца, у чым тут справа. Крытыку ў адрас камунальнікаў выказаў і жыхар Валожына В. Ф. Герман. Ён паскардзіўся на частую задымленасць у парылцы гарадской лазні: ці то дровы выкарыстоўваюцца сырыя, ці то ёсць непаладкі ў эксплуатацыі абсталявання… Безумоўна, будуць прыняты ўсе меры, каб падобныя недахопы  аператыўна ліквідаваць.

А. М. Макей з вуліцы Камсамольскай райцэнтра просіць расставіць, вобразна кажучы, усе кропкі над “і” ў кошце білетаў на праезд у пасажырскім аўтобусе па маршруце “Валожын – Мінск”. На думку заяўніка, розніца ў аплаце за адну аналагічную паездку ў валожынскіх аўтобусах у параўнанні з іншымі даходзіць да 10 тысяч рублёў.

У ліку абмяркоўваемых пытанняў закраналася і прыватызацыя жылля. На гэты раз яго адрасавалі з Пральнікаў. Былі і пытанні, якія нарадзілі зацяжныя канфлікты і непаразуменні паміж суседзямі. Нярэдка дасягнуць кансэнсусу паміж двума спрэчнымі бакамі не ўдаецца і праз суд. Адно з пытанняў, адрасаваных “прамой лініі”, тычылася цяганіны з афармленнем зямельнага ўчастка ў прыватную ўласнасць у Валожыне.

У час “прамой лініі” прагучала, дарэчы, і нямала званкоў, матывацыяй якіх былі не праблемныя пытанні, а добры настрой у прадчуванні святаў: многія жыхары раёна рады былі дазваніцца, каб шчыра падзякаваць кіраўніцтву раёна за ўсё плённае, што робіцца для людзей, пазваніць, каб павіншаваць кіраўніка раёна з навагоднімі святамі, якія набліжаюцца. А такія добразычлівыя званкі – барометр аптымізму і пазітыўнага настрою людзей. Падобныя станоўчыя эмоцыі пашыраць свае межы, бо некаторыя праблемы, з якімі людзі звярнуліся на “прамую лінію”, ужо вырашаны, а значыць, свята будзе ў многіх сем’ях паўнавартасным. Добрымі справамі добра завяршаць стары год, добрымі лёгка пачынаць і год новы. Гэта прыбаўляе пазітыву!

Ірына ПАШКЕВІЧ

 



Добавить комментарий