ПАВЕСЯЛIЛIСЯ НА СЛАВУ!

Общество

Чым заняцца маладому чалавеку, калі чарговы працоўны тыдзень скончыўся, а да новага яшчэ няблізка? Пятнічным вечарам выдатны адказ на гэтае пытанне далі арганізатары пераднавагодняга маладзёжнага злёту-2013. Мерапрыемства прайшло ў рэстаране “Іслач” райцэнтра і сабрала пад свае сцягі сем дзясяткаў бадзёрых і энергічных, настроеных добра адпачыць і павесяліцца прадстаўнікоў прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў Валожыншчыны.

Вечар распачалі намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вераніка Загорская і першы сакратар райкама ГА “БРСМ” Алена Грыбоўская, якія выканалі прыемную місію і ўзнагародзілі самых актыўных маладых людзей, якія найлепшым чынам праявілі сябе на працягу года на працы і ў грамадскай дзейнасці. Пакуль гучалі фанфары, на імправізаваную сцэну дзяўчаты пад дружныя апладысменты аб’явілі, што сёлета лепшым грамадскім саветам па справах моладзі стаў савет цэнтральнай раённай бальніцы. Па заслужаны падарунак запрасілі падняцца яго кіраўніка – маладога ўрача-рэнтгенолага Паўла Дрожжу (на здымку). Трэба сказаць, што гэта прозвішча яшчэ не раз гучала падчас цырымоніі ўзнагароджання. Сёлета доктар стаў яшчэ і старшынёй абласнога савета па справах моладзі – падчас выбару кіраўніка названай структуры за Паўла прагаласавалі 16 раёнаў. Акрамя гэтага, Павел Дрожжа тут, на Валожыншчыне, прызнаны адным з лідараў года сярод працоўнай моладзі. Прывіталі прысутныя і эканаміста РУП “Валожынскі жылкамунгас” Святлану Сакалову, рэжысёра раённага Цэнтра культуры Вольгу Красачку і мастацкага кіраўніка гэтай жа ўстановы Таццяну Анушэўскую. Шчыра апладзіравала зала, калі на сцэну выйшаў загадчык цэнтральнай раённай паліклінікі ўрач-тэрапеўт Павел Ганчар, які па-за працай шмат вольнага часу аддае валанцёрскаму руху Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа. Атрымала заслужанае прызнанне і індывідуальны прадпрымальнік Ганна Харук (на здымку) – яе майстар-класы па візажу прыйшліся дарэчы многім удзельнікам-членам клуба маладой сям’і…

Моладзь, бачна, добра памятае старую народную прыкмету-павер’е: з якім настроем прыйдзеш да новага года, так яго і правядзеш. А таму весялілася як умела і магла. Падзадорыла дастаткова складанай тэхнікай выканання лаціна-мікса студыя сучаснага танца “Сіці-Дэнс”. Дапамагалі адмыслова правесці вольны час і вядучыя-жартаўнікі. За сталамі збіраліся ненадоўга, каб паспець падсілкавацца да ўдзелу ў танцах і новых конкурсах, якімі поўнілася праграма вечара. Вядома ж, напрыканцы мерапрыемства на дружнае запрашэнне адгукнуліся і Дзед Мароз са Снягуркай. Адным словам, адпачынак выйшаў на славу! Няхай жа і ў будучым годзе ўсіх ініцыятыўных, адкрытых, вясёлых і знаходлівых людзей і на працоўных месцах, і ў цёплай дамашняй атмасферы чакае столькі ж прыемных хвілін, радасцяў, здзяйсненняў.

Сяргей САДОЎСКІ,

фота аўтара

 



Добавить комментарий