Добрых спраў ініцыятар

Общество

Як вы хочаце, каб людзі ставіліся да вас, так і вы стаўцеся да людзей. Гэтай біблейскай ісцінай у любой сітуацыі кіруецца шаноўны госць чарговага рэдакцыйнага праекта, які паспеў палюбіцца чытачам раённай газеты, – вядомы і паважаны ва ўсім раёне жыхар Івянца Л. А. Вечар. Нягледзячы на ўзрост (22 ліпеня ветэран адсвяткаваў 85-годдзе), Леанід Андрэевіч займае актыўную жыццёвую пазіцыю, падтрымлівае і ўдзельнічае ва ўсіх добрых справах і як член пасялковага выканаўчага камітэта, і як старшыня мясцовай ветэранскай арганізацыі. Цікава было задаваць субяседніку пытанні, яшчэ цікавейшымі атрымліваліся адказы…

– Леанід Андрэевіч, на якіх прынцыпах Вы будавалі сваё жыццё?
– Кансерватызм можа загубіць любую, нават самую высакародную справу. Той час, калі я ўзначаліў Івянецкую кандытарскую фабрыку, быў нялёгкім, пераломным. Я быў адным з першых кіраўнікоў, хто прыстасоўваў вытворчасць да рыначных адносін. На выгадных умовах узялі памяшканне ў арэнду, праз 2 гады выкупілі яго і сталі «народным» прадпрыемствам, затым – акцыянерным таварыствам. У цэнтры ўвагі заўсёды былі чалавек і яго праца. Для лепшых работнікаў мы пабудавалі 20 катэджаў (сёння гэта вуліца Міра ў Івянцы), адначасова пашыралі і прадпрыемства, запусцілі 4 новыя тэхналагічныя лініі. Тыя, хто пайшоў на заслужаны адпачынак, у дадатак да дзяржаўнай атрымлівалі і “фабрычную” пенсію, якая налічвалася ў залежнасці ад выпрацаваных гадоў.
– Раскажыце, калі ласка, у якой сям’і і дзе нарадзіліся, як складваўся Ваш лёс?
Я і сястра родам з вёскі Жыціна Старадарожскага раёна. Бацька быў медыкам, высокакваліфікаваным спецыялістам. У пошуках лепшай долі сям’я перабралася ў Асіповічы, там і асталяваліся. Да пачатку вайны я паспеў скончыць 8 класаў, пасля прызвалі ў армію. 6 доўгіх гадоў верай і праўдай служыў Айчыне. У вайну камандзірам аддзялення аўтаматчыкаў крочыў па краінах Еўропы, быў некалькі разоў цяжка паранены. Перамогу сустрэў на шпітальным ложку ў Дрэздэне…
Калі вярнуўся на радзіму, завяршыў навучанне ў школе і паступіў у Мінскі лесатэхнічны інстытут. Пасля яго заканчэння лёс звёў мяне з Валожыншчынай: атрымаў накіраванне ў лясгас. Працаваў ляснічым Вішнеўскага лясніцтва, затым 10 гадоў загадваў раённым камбінатам бытавога абслугоўвання насельніцтва. Пасля прапанавалі ўзначаліць калектыў Івянецкай кандытарскай фабрыкі. З гэтай пасады па стану здароўя звольніўся ў 2000 годзе, пасля святкавання 75-гадовага юбілею. Калектыў пра мяне не забывае: сёння з’яўляюся ганаровым акцыянерам СП “Івкон” ААТ.
– За час сваёй дзейнасці Вы дасягнулі значных вышынь. Дзе набіраліся жыццёвага і працоўнага вопыту?
– Найлепшым прыкладам працавітасці і жыццёвай мудрасці быў для мяне бацька. Памятаю, ён ніколі і нікому не адмовіў, калі яго выклікалі, заўсёды спяшаўся дапамагчы чалавеку ў бядзе. Умеў усё – і роды прыняць, і аперацыю правесці, таму і карыстаўся вялікім аўтарытэтам. Акрамя таго, тата меў залатыя рукі да сталярства і розных гаспадарчых спраў. Да таго ж быў яшчэ заўзятым скрыпачом. Гледзячы на той імпэт, з якім ён аддаваўся музыцы, я і навучыўся іграць на балалайцы.
– Леанід Андрэевіч, на Вашу думку, лягчэй загадваць ці падпарадкоўвацца?
– Калі ўжо пайшла размова пра гэта, скажу: трэба не загадваць, а ўсёй душой любіць справу, якую ты робіш. Тады і знойдуцца аднадумцы, з кім лёгка і камфортна працаваць. Ды і даручэнні не будуць вымучаныя, іх з задавальненнем выканаюць. Што да падпарадкавання, то, вядома, тут у прыярытэце працоўная і выканальніцкая дысцыпліна. Зрэшты, усе мы некім камандуем і некаму падпарадкоўваемся.
– Кажуць, жыццё мужчыны адбылося, калі ён пасадзіў дрэва, пабудаваў дом, вырасціў сына…
– Пра дрэва запаведзь выканана на мільён працэнтаў. Падчас працы ў лясной гаспадарцы даводзілася садзіць па 60-70 гектараў саджанцаў, таму справядлівым будзе залічыць гэта ў актыў. З дамамі таксама справіўся, яшчэ калі ўзначальваў кандытарскую фабрыку. Тады востра стаяла праблема з будаўнічымі матэрыяламі, даводзілася часам ездзіць па іх нават у Прыбалтыку. Але нічога – справіліся. Сыноў жа маю двух, таму, можна сказаць, жыццё ўдалося ў поўнай меры…
– Леанід Андрэевіч, як лічыце, чаму моладзь не затрымліваецца ў вёсцы?
– Гэта, на маю думку, натуральная з’ява. Маладыя людзі імкнуцца туды, дзе адкрываецца больш перспектыў, лепш жывецца, дзе ёсць дастойная зарплата, арганізавана культурнае жыццё. Вядома, праводзіцца вялікая работа ў даным накірунку і ў сельскай мясцовасці. Напрыклад, наша ветэранская арганізацыя трымае цесную сувязь з рознымі школамі. Франтавікі дапамагаюць выхоўваць у душах дзяцей пачуццё патрыятызму, любові да малой радзімы. Верыцца, што атрыманыя веды сельскія школьнікі некалі з дабром вернуць родным вёскам.
– Што для Вас сям’я?
– Самы трывалы тыл, самыя лепшыя перажыванні. Гэта непарыўная сувязь паміж бацькамі і дзецьмі. У данае паняцце ўкладваю таксама ўменне выгадаваць дастойнае пакаленне нашчадкаў, якія б ва ўсіх дзеяннях кіраваліся лепшымі пачуццямі.
– Што любіце рабіць пад настрой, чым захапляецеся?
– Люблю прыроду, паляванне і рыбалку. Выязджаю на буйныя вадаёмы, прычым не толькі ў наш раён. Не было разу, каб дадому вяртаўся без улову. Памятаю, гадоў пяць таму сапраўды пашанцавала: падчас адпачынку ў санаторыі з сябрам выехалі на возера, і мне на спінінг трапіўся судак вагой 7,5 кілаграма. Мы нават селі на яго ўдваіх, каб выпадкам не вырваўся з лодкі.
– Ці ёсць людзі, на дапамогу якіх можна заўсёды разлічваць?
– У першую чаргу, мае сыны. Да іх з любым пытаннем можна звярнуцца – дапамогуць. Але стараюся абыходзіцца без гэтага: дзякаваць Богу, стае сіл самому вырашаць свае праблемы.
– Што дапамагае спраўляцца з дрэнным настроем?
– Добрая кніжка. Калі не атрымліваецца нешта з запланаванага і настрой пагаршаецца, асабіста для мяне лепш за ўсё пачытаць. Многа старонак за сваё жыццё пагартаў. Пачынаў з фантастычных раманаў. Цяпер, праўда, іх не чытаю: стае інфармацыі рэальнай, жыццёвай.
– Як наконт азарту, Леанід Андрэевіч?
– Я вельмі азартны, гарачы чалавек. Псіхолагі называюць такіх халерыкамі. Не паверыце, але часам гэты азарт, прыплецены да справы, якую робіш, здольны рабіць цуды.
– Самая каштоўная парада, якую атрымалі ў жыцці?
– Атрымаў такую ад бацькі. Праўда, негалосную, але ён усім сваім жыццём пастаянна пацвярджаў яе. Сутнасць наступная: быць пунктуальным, справядлівым, ніколі не крывіць душой і не рабіць зла людзям.
– Для Вас прасцей рана ўстаць ці позна легчы?
– З часам усё мяняецца. Раней быў ярка выражаным “жаўранкам”. Для мяне было звыкла падняцца сярод ночы, каб схадзіць на работу, пракантраляваць працу 2-ой і 3-яй змен. Цяпер жа магу дазволіць сабе паляжаць на ложку, але гэта здараецца не так часта: чым больш рухаешся, тым больш бадзёрым і здаровым сябе пачуваеш.
– У народзе кажуць: “Як трывога – дык да Бога”. Якія ў Вас адносіны з рэлігіяй?
– Прыкладным хрысціянінам сябе б не назваў. Але веру, што ёсць на свеце сіла, здольная змяніць усё да лепшага. Не буду крывіць душой: за дапамогай да Усявышняга звяртаўся за жыццё нячаста. Самыя ж шчырыя малітвы прынёс Госпаду ў адзін з дзён Вялікай Айчыннай, калі з атакай на нас пайшлі гітлераўцы. Прасіў Яго, каб дапамог выжыць. Бог тады пачуў мяне…
– Ці любіце падарожнічаць? Дзе ўжо пабывалі і пра якія паездкі марыце?
– Самыя прыемныя ўражанні пакінулі пасля сябе рабочыя камандзіроўкі ў Польшчу, Югаславію, Чэхаславакію. Даводзілася пабываць у Італіі, палюбавацца на дзівосны горад на вадзе – Венецыю. Уразіла тое, што мясцовыя жыхары самі займаюцца падтрыманнем парадку, ні на чыю дапамогу не разлічваюць. Цяпер мая мара – наведаць горад-герой Брэст. Апошні раз я быў там, калі вызвалялі Беларусь.
– Свой дом патрабуе мужчынскіх рук. Што ўмееце рабіць?
– Па складу характару люблю ва ўсім разбірацца сам, не прасіць нічыёй парады або дапамогі. Не складае праблемы што-небудзь адрамантаваць, неабходныя ў гаспадарцы рэчы раблю сваімі рукамі. Гэта я люблю і ўмею.
– Вы – гурман? Хто ў Вашай сям’і лепш гатуе, можа, ёсць асабіста Ваша “фірменная” страва?
– Самыя смачныя для мяне стравы боршч і родныя беларускія дранікі. У кулінарным майстэрстве, зразумела, мне далёка да жонкі, але і сам магу пад настрой прыгатаваць. Кашаварыць даводзілася падчас вайны: меню тады было не вельмі разнастайнае – бульба вараная, бульба тушаная… А вось у інстытуце ўжо гатавалі па чарзе. Больш пельмені стараліся варыць: і смачна, і хутка.
– На Вашу думку, гумар сумяшчальны з работай?
– Калі гумар здаровы і ўмераны – вядома. Але трэба заўсёды памятаць, што работа патрабуе сур’ёзнасці і адказнасці, таму на адным гумары далёка не заедзеш. Зрэшты, смех умацоўвае здароўе, таму ўсміхайцеся часцей, і жыццё афарбуецца ў яркія колеры.
– Успомніце падзею апошняга часу, якая найбольш Вас уразіла.
– Вядома, нараджэнне ўнука. Калі з’яўляюцца здаровыя наследнікі, калі расце і мацнее сям’я – гэта найвялікшае шчасце.
– Пасада старшыні Івянецкай ветэранскай арганізацыі, Ваша актыўнае грамадскае жыццё вымагаюць шмат напружання. Як сочыце за здароўем?
– Штогод СП “Івкон” ААТ прадастаўляе мне пуцёўку ў санаторый “Сосны” на Мядзельшчыне. Гэта цудоўнае месца, дзе адпачываеш душой, заводзіш новых сяброў, сустракаешся са старымі. Вось і нядаўна вярнуўся адтуль, уражанняў – безліч. Увогуле, хоць і перанёс за жыццё 10 аперацый, адчуваю сябе нармальна. Асаблівымі лекамі не карыстаюся, алкаголем не злоўжываю, таму па-ранейшаму актыўны, бадзёры і поўны сіл.
– З вышыні пражытых гадоў які наказ далі б маладому пакаленню, на што параілі б звярнуць увагу?
– Тыя прынцыпы, па якіх будаваў жыццё я, а да мяне – бацька, дзед, прадзед, – ніколі не страцяць актуальнасці. Паступайце так, як хочаце, каб паступалі з вамі. Не забывайце пра сумленне і гонар, будзьце справядлівымі і мудрымі ва ўчынках – гэта вернецца да вас удвая. Шануйце памяць і прымнажайце багацце краіны слаўнымі дасягненнямі!
– Дзякуй за размову.

Гутарыў Сяргей САДОЎСКІ.



Добавить комментарий