КIНО ПАВIННА ДАРЫЦЬ НАДЗЕЮ

Общество

Навагоднія святы не абыходзяцца без падарункаў. Што падрыхтаваў жыхарам горада і раёна валожынскі кінатэатр “Юнацтва”, у інтэрв’ю карэспандэнту газеты расказала дырэктар Валожынскага філіяла КУП “Мінаблкінавідэапракат” Людміла Аляксандраўна МАХНІЦКАЯ.

– Людміла Аляксандраўна, чым можаце пахваліцца, падводзячы вынікі кінагода?

– Наш кінатэатр заняў другое месца ў вобласці па наведвальнасці пасля такога буйнога райцэнтра, як Барысаў, і ўвайшоў у сямёрку лепшых кінатэатраў Міншчыны.

Акругліўшы лічбы, можна таксама адзначыць: за год кінатэатр прыняў 100 тысяч гледачоў, прыбытак “Юнацтва” склаў 300 мільёнаў рублёў. Было паказана каля 70 прэм’ерных фільмаў. Сярод нашумелых стужак – “Аватар”, “Мільянер з трушчоб”, “Брэсцкая крэпасць”, “Сляды апосталаў”.

Падчас навагодніх святаў кінаманы змогуць убачыць на вялікім экране расійскую камедыйную меладраму “7 галоўных жаданняў” з Антонам Макарскім, Кацярынай Клімавай, Ігарам Пятрэнкам у галоўных ролях.

– Кінаплёнка паступова здае свае пазіцыі, вытворцы пераходзяць на лічбавыя тэхналогіі. Вядома, што валожынскі кінатэатр аснашчаны сучасным абсталяваннем, але ўсё ж яно не дазваляе глядзець 3D-фільмы. Вы не баіцеся страціць аўдыторыю?

– У вобласці, не ўлічваючы кінатэатры Мінска, 3D-кіназалы ёсць толькі ў Барысаве, Салігорску і Маладзечне. Аднак у планах кінатэатра “Юнацтва” ў наступным годзе таксама развітацца з бабіннымі ўстаноўкамі, працаваць у абноўленым фармаце – гэта прадугледжана дзяржпраграмай “Развіццё культуры” на 2011-2015 гады.

Сучасныя праекцыйныя ўстройствы валодаюць выдатнай колераперадачай. Яны робяць малюнак яркім, без дэфектаў тыпу драпін, пылу, бачных пры паказе фільмаў з кінастужкі. Але галоўны “козыр” 3D – спецыяльны эфект уздзеяння на гледача. Надзеўшы стэрэаакуляры, вы быццам трапляеце ў эпіцэнтр дзеяння: напрыклад, перад вашым тварам можа праляцець матылёк ці за пяць крокаў узарвацца бомба. Глядзець 3D-фільмы ўражлівым і слабанервным людзям не рэкамендуецца. Таму, каб усім дагадзіць, безумоўна, застаецца і звыклы, стандартны фармат паказу.

– Якія фільмы ў кінатэатры зараз у пракаце?

– У рэпертуарным плане кожны месяц 5-8 прэм’ерных кінастужак. Большасць з іх амерыканскай і расійскай вытворчасці. Дамінуючыя жанры – фэнтэзі, баявік, камедыя, крымінальная меладрама, анімацыйная прыгода. Паказ – ва ўсе дні, акрамя панядзелка і аўторка. Кошт білетаў дэмакратычны – 10-25 тысяч рублёў.

Раз у месяц наша відэаперасоўка прыязджае з кінапаказамі ў кожны з 13 аграгарадкоў раёна. Не менш чым два разы ў месяц ва ўсіх школах раёна мы арганізоўваем кіна- і відэалекторыі.

– На якіх кінастужках вы б параілі выхоўваць дзяцей і падлеткаў?

– Я вырасла і вучылася на савецкім кіно. Тыя кінакарціны не разбэшчвалі, а ўзвышалі і дарылі надзею. Многія з кінастужак мінулых часоў паказала б сваім дзецям, напрыклад, “Масква слязам не верыць”.

– Хто з’яўляецца дыстрыб’ютарам валожынскага кінатэатра?

– Фільмы нам прадастаўляе галоўнае ўпраўленне КУП “Мінаблкінавідэапракат”. Там рэпертуарная камісія, у склад якой я таксама ўваходжу, складае рэпертуарны план на кожны месяц для ўсіх кінатэатраў вобласці. Вядома, заўсёды хочацца набыць для паказу якасныя кінастужкі, з глыбокім зместам, высокімі этычнымі нормамі, разлічаныя на сур’ёзнага гледача, адзначаныя на прэстыжных кінафестывалях. Але бяда ў тым, што кошт гэтых карцін вельмі “кусаецца”. Да таго ж, аўчынка не заўсёды варта вырабу, ёсць верагоднасць, што выдаткі могуць не акупіцца. На жаль, людзі ў глыбінцы сталі радзей наведваць кінатэатр, аддаючы перавагу “блакітнаму экрану” ці манітору камп’ютара. Асноўны наш глядач – моладзь.

– Заўважана, што кіно, як жывы арганізм: нейкі момант яно “хварэе”, затым “выздараўлівае”. Застаецца толькі пажадаць вам у будучым годзе такой запаўняльнасці залы, каб на прэм’ерах прыйшлося дастаўляць лішнія крэслы.

Гутарыла Алена ПАШКЕВІЧ

 

 

 



Добавить комментарий