ВАЙНОЙ ЗАГАРТАВАНАЯ

Культура

Сімвалічная чырвоная зорачка на фасадзе хаты – гэта як поклічны голас гісторыі. Адразу зразумела: тут жыве чалавек, лёс якога непасрэдна звязаны з Вялікай Айчыннай вайной. Так і аказалася на самой справе.

У доме № 26 у вёсцы Слабада Дорскага сельсавета мы сустрэліся з Леакадзіяй Рыгораўнай КАМАЕД (да замужжа Мазура). Яна мае статус вязня канцэнтрацыйных лагераў…

Тры гады яна разам з бацькамі правяла на прымусовых работах у Германіі. Шасцёра дзяцей выхоўвалася тады ў сям’і. І ў даваенныя гады не было ў хаце лішняга кавалка хлеба, а час акупацыі стаў сапраўдным выпрабаваннем. А як цяжка прыходзілася людзям, вывезеным у чужую старану, і гаварыць не прыходзіцца! Да вайны яны жылі ў Пярэжарах, што ў цяперашнім Ракаўскім сельсавеце. Многіх аднавяскоўцаў напаткаў горкі лёс стаць выгнаннікамі. А бацькам Леакадзіі Рыгораўны выпаў яшчэ большы цяжар выпрабаванняў. Бо калі вярнуліся з германскай няволі, не было дзе прытуліцца. Хату і ўвесь няхітры скарб знішчыў пажар. На першым часе дапамаглі спагадлівыя сваякі. А потым шматдзетная сям’я пераабсталявала пад часовае жыллё стары свіран.

Ваеннае ліхалецце загартавала характар гэтай жанчыны. Яна смела прымала розныя ўдары лёсу. Ды і прафесію мела не з лёгкіх. Спачатку  Л. Р. Камаед працавала на свінагадоўчай ферме, а пазней даглядала буйную рагатую жывёлу ў Слабадзе. У гэту вёску Дорскага сельсавета яна пераехала пасля замужжа. Муж таксама  працяглы час шчыраваў на ферме.

…Цяпер з шасцярых дзяцей Мазураў – былых вязняў фашысцкага ўціску – у жывых засталася толькі адна Леакадзія Рыгораўна. Памерлі брат і чатыры сястры. Даўно няма бацькоў. Страціла жанчына і мужа. За ваенныя нягоды заплачана  і асабістым здароўем, асабліва востра гэта адчуваецца ў старасці: Леакадзія Рыгораўна цяпер перамяшчаецца толькі на мыліцах.

Але нягледзячы на гэта, жанчына не наракае на свой лёс. Светлы след яна пакінула на зямлі: нарадзіла і выхавала дваіх цудоўных дзяцей. Яны атуляюць старэнькую матулю пяшчотным клопатам, бо разумеюць, колькі горычы прыйшлося ёй выпіць з чашы жыцця…

Ірына ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара

 



Добавить комментарий