ЯЕ ПРАЦА НЕ ПРАПАЛА

Общество

У Гародзькаўскай школе ніколі не забываюць былых супрацоўнікаў, на розныя святы, урачыстасці заўсёды ўдзяляюць ім увагу.

Рэгіна Давыдаўна Станкевіч, настаўніца на заслужаным адпачынку, сустрэла нас, вучняў 7-8 класаў, прыязна, радасна. А мы з цікавасцю слухалі яе аповед пра сябе, пра сваё жыццё:

— Родам я з Віцебшчыны. Дзяцінства было цяжкое, апаленае вайной. У студзені 1941 года памерла маці, а хутка загінуў і бацька. Мы, сем дзяцей, засталіся сіротамі. Старэйшай было шаснаццаць гадоў, а мне толькі тры. У першы клас пайшла пасля вайны.

У 1953 годзе закончыла сямігадовую школу “на выдатна” і паступіла ў Аршанскае педвучылішча. Дапамогі чакаць не было ад каго, так як браты і сёстры працавалі ў калгасе за працадні, а на адну стыпендыю жыць цяжкавата прыходзілася…

Закончыўшы педвучылішча, прыехала працаваць у Валожынскі раён. Накіравалі ў пачатковую школу ля Пяршаяў, потым – у Поцінскую школу.  Выйшла замуж у Гародзькі, тут і засталася працаваць, вучыла перш малодшых вучняў, а потым перавялі ў старэйшыя класы настаўнікам рускай мовы і літаратуры. Паралельна завочна вучылася ў БДУ на філфаку. На той час у нашай школе вучылася шмат дзяцей – было каля 400(!). Настаўнікаў – 30 чалавек, з іх 15 жанчын, 15 мужчын. Кіпела, віравала жыццё ў школе, было цікава, весела. Акрамя асноўнай работы, мы, настаўнікі і вучні, актыўна ўдзельнічалі ў мастацкай самадзейнасці і сваімі канцэртамі радавалі жыхароў навакольных вёсак, працаўнікоў палёў і ферм, а таксама не раз займалі прызавыя месцы на раённым аглядзе-конкурсе.

Рэгіна Давыдаўна з цеплынёй успамінае і сваіх вучняў, якім аддавала ўсе свае веды, старалася, каб з іх выраслі добрыя людзі. Яе праца не прапала. Усе былыя вучні набылі розныя прафесіі, маюць свае сем’і. Прыехаўшы дамоў, заходзяць у школу, наведваюць настаўнікаў, заходзяць і да Рэгіны Давыдаўны. І вочы яе свецяцца радасцю: не то ад добразычлівых усмешак, не то ад кветак, якія нагадваюць ёй аб самым дарагім дні для педагога – аб 1-ым верасні.

А радкі з верша дачкі Рэгіны Давыдаўны, які быў надрукаваны ў “Настаўніцкай газеце”, як нішто, адлюстроўваюць яе душэўны стан:

О, каб зналі яны!

Для яе іхні почырк,

Як люстэрка зусім

маладзенечкіх душ!

Яна будзе іх помніць…

І кожнага вочы,

І букет тых пунсовых

ажыўленых руж…

Хрысціна СУЗІНЬ,

вёска Гародзькі

 

 



Добавить комментарий