У лабірынце прафесій

Общество

У Івянецкай СШ з мінулага навучальнага года пачаў сваю дзейнасць клуб “Арыенцір” (кіраўнік – Т. Ф. Далідовіч). Наш клуб знаёміць з рознымі прафесіямі.

Нядаўна мы наведалі Івянецкі вучэбна-вытворчы камбінат. Заснаваны ён у 1972 годзе і, што вельмі важна, стаў пэўным арыенцірам у жыцці многіх людзей. Не адно пакаленне івянчан менавіта тут спасцігла азы пэўных прафесій: вучыліся вадзіць аўтамабілі, трактары, набывалі глыбокія веды і ўменні кройкі і шыцця, вывучалі асновы медыцыны. Усё гэта спатрэбілася ў жыцці.

Выкладчыкі і інструктары Івянецкага ВВК карыстаюцца аўтарытэтам сярод вучняў і іх бацькоў. На сённяшні дзень такая ўстанова — адзіная ў Валожынскім раёне. Яе наведваюць вучні Ракаўскай СШ і Цясноўскай школы Стаўбцоўскага раёна. Былі вучнямі і валожынцы. Многія з выпускнікоў звязалі сваё жыццё з прафесіямі, якія атрымалі на базе Івянецкага ВВК.

Наш клуб “Арыенцір” наведаў таксама пажарна-аварыйны пост №16 у Івянцы, дзе мы сустракаліся з прадстаўнікамі службы выратавання. Выратавальнікі пазнаёмілі нас з асаблівасцямі сваёй прафесіі і расказалі пра незвычайныя выпадкі ў іх рабоце. Мы даведаліся, што на іх пасту служыць 12 чалавек. Працуюць пазменна. У вольны час займаюцца тэарэтычнай медыцынскай і фізічнай падрыхтоўкай, абслугоўваюць спецмашыны. Выратавальнікі павінны заўсёды быць напагатове і па званку “101” праз 27 секунд выехаць на месца здарэння.

Выратавальнік – мужная прафесія, якую, на жаль, не ўсе жадаючыя могуць набыць, так як неабходна мець пэўныя фізічныя даныя.

У Рэспубліцы Беларусь існуюць 4 дзяржаўныя ўстановы адукацыі МНС: камандна-інжынерны інстытут у Мінску, Гомельскі інжынерны інстытут, Інстытут перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі ў пасёлку Светлая Рошча і ліцэй пры Гомельскім інжынерным інстытуце.

Хто яшчэ не вызначыўся, кім быць, павінен ведаць тры важныя пункты: хачу, магу, трэба. Наш клуб “Арыенцір” жадае ўсім будучым студэнтам зрабіць правільны выбар прафесіі і імкнуцца да здзяйснення пастаўленай мэты.

Ілья АБРАМОВІЧ і Аліна ЛІПНІЦКАЯ.

 



Добавить комментарий