ЗАКРУЖЫЛI Ў КАРАГОДЗЕ

Общество

Самы шматлікі дзіцячы навагодні ранішнік адбыўся 28 снежня ў раённым Цэнтры культуры. Дарослых і падрастаючае пакаленне горача павіншаваў намеснік старшыні райвыканкама П. І. Бібік і нагадаў, што рэспубліканская акцыя «Нашы дзеці» працягваецца і што ў нашай дзяржаве юным грамадзянам надаецца вялікая ўвага.

Пра падарункі і сюрпрызы для хлопчыкаў і дзяўчынак паклапаціўся райвыканкам, арганізацыйны момант узялі на сябе супрацоўнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, сродкі на мерапрыемства былі выдзелены з мясцовага бюджэту. Выступленне казачных персанажаў і канцэртную праграму падрыхтавалі супрацоўнікі аддзела культуры райвыканкама і раённага цэнтра дзіцячай творчасці.

На свяце пабывалі амаль дзве сотні вучняў з усіх школ раёна. Гэта дзеці са шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў, пераможцы алімпіяд, актывісты піянерскай арганізацыі і БРСМ.

Ужо на парозе Цэнтра культуры маленькіх гасцей весела віталі традыцыйныя навагоднія персанажы. Дзеці заходзілі ў глядацкую залу і траплялі на жартоўны ўрок, які праводзілі клоўны. Хлопчыкі і дзяўчынкі, асабліва малодшага ўзросту, наперабой, з дзіцячай непасрэднасцю «рваліся» паказаць сваю падрыхтаванасць і дасведчанасць у казачных пытаннях, што яскрава сведчыла: яны прыехалі на ёлку ў добрым настроі і прадчуванні прыемных уражанняў.

Адкрывала ранішнік юная спявачка Яна Санюковіч – новая зорка раённай сцэны. На «ўра» сустракалі гледачы выступленні дзіцячых танцавальных і вакальных груп. Не падвялі і дарослыя артысты, якія выконвалі ролі капітана Джэка Вераб’я, пірата Чорная Барада, каня Юлія, кошкі, бурундукоў Чыпа і Дэйла. Дзед Мароз звяртаўся да дзяцей гучным, але лагодным голасам, а Снягурка, як і патрабуецца, была пяшчотнай і мілай.

Вось такім вялікім, дружным калектывам усе потым і закружылі ў навагоднім карагодзе. Пасля танцаў і гульняў пачалася раздача падарункаў. Вялікую каробку ў выглядзе яркай кнігі атрымаў кожны юны ўдзельнік свята.

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *