НА ПАРОЗЕ – ДЗЕД МАРОЗ

Общество

Не толькі дзеці, але і дарослыя чакаюць цудаў ад зімовых святаў. Гэтаму пацвярджэнне – навагодняя паслуга Валожынскага філіяла РУП “Белпошта” “Віншаванне ад Дзеда Мароза і Снягуркі”.

Заказы на падарункі афармляюць для сваіх малых дзяцей клапатлівыя бацькі, а таксама паважныя мужчыны і дзелавыя жанчыны, каб парадаваць любімых ці зрабіць сюрпрыз працоўнаму калектыву, і, быць можа, вярнуць светлы кавалачак дзяцінства.

Прыклад таму – рамантычная навагодняя гісторыя ў вёсцы Суднікі. Муж вырашыў уручыць падарунак сваёй каханай жонцы з дапамогай Дзеда Мароза і Снягуркі, якія прыехалі да адрасаткі з велізарным букетам руж. Для жанчыны, што адчыніла дзверы, візіт казачных гасцей стаў прыемнай нечаканасцю. Сюрпрыз атрымаўся, сямейнае шчасце ўмацавалася!

Летась на гэту святочную паслугу паштавікоў паступіла 14 заказаў.

Сёлета “Віншаванне ад Дзеда Мароза і Снягуркі” ў будні абыходзіцца ў 256 тысяч рублёў, у святы – 298 тысяч. Большасць заказаў прыпадае на другую палову дня 31 снежня.

Часцей за ўсё казачныя персанажы адпраўляюцца ў госці да дзяцей. У Дзеда Мароза – Яўгенія  Казіміравіча Макарэвіча, інжынера-электроніка раённага вузла паштовай сувязі – прыдумана для малышоў спецыяльная забаўляльная праграма. Карагоды вакол ёлкі, вершы, песні займаюць каля паўгадзіны. У дадатак да падарунка, які купілі бацькі, Дзед Мароз уручае сувеніры, цукеркі і дзіцячыя часопісы ад РУП “Белпошта”.

Алена ПАШКЕВІЧ

 

 



Добавить комментарий