ЁН РОБIЦЬ ШЧАСЛIВЫМI IНШЫХ

Общество

На пасялковай навагодняй ёлцы ў Івянцы самы доўгачаканы госць для дзяцей, безумоўна, – Дзед Мароз. Не ў першы раз пераўвасабляецца ў гэтага казачнага героя 24-гадовы Дзмітрый Алегавіч ЗАЙЛЯНКОЎ.

Малады педагог-арганізатар Івянецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі добра ведае, як нецярпліва хлопчыкі і дзяўчынкі чакаюць сустрэчы з дабрадушным чараўніком, адлічваючы дні і гадзіны.

Стаць для дзяцей сябрам, арганізоўваць выставы іх мастацкіх работ, рыхтаваць да конкурсаў, ладзіць для іх яркія запамінальныя святы – усе асновы педагогікі Дзмітрый Алегавіч спасцігаў у Мінскім дзяржаўным каледжы мастацтваў. Праз чатыры гады займальнай вучобы ён, у дадатак да асноўнай – арганізатар культурнай дзейнасці і вольнага часу – таксама атрымаў і спецыяльнасць кіраўніка інструментальнага аматарскага калектыву. Гэта дапамагло Д. А. Зайлянкову паспяхова кіраваць дзіцячым фальклорным ансамблем лыжачнікаў Івянецкага цэнтра творчасці.

Актыўны педагог-арганізатар віртуозна іграе на баяне. Вясёлымі песнямі і музыкай, што ўзнімаюць настрой, імкнецца ўпрыгожыць кожнае дзіцячае свята. Усмешкі дзяцей і радасць у іх вачах – лепшая ўзнагарода за ўсе пераднавагоднія клопаты.

Дзмітрый Алегавіч таксама выхоўвае і сваю 3-гадовую дачушку, таму і разумее: у дзяцінстве ўвесь свет да краёў абавязкова павінен быць напоўнены шчасцем.

Тэкст і фота

Алены ПАШКЕВІЧ

 

 



Добавить комментарий