У РЫТМЕ СУЧАСНАГА ТАНЦА

Общество

Восенню ў горадзе можна было ўбачыць афішы, якія запрашалі ўсіх жадаючых у студыю сучаснага танца “City Dance”. У валожынцаў з’явілася магчымасць з карысцю правесці час – навучыцца добра танцаваць.

Студыя знаходзіцца ў Мінску, а філіялы адкрыліся ў двух гарадах Беларусі: Брэсце і Валожыне. Чаму ж быў выбраны Валожын?

Пачалося ўсё з таго, што ў 2012 годзе па размеркаванні на працу ў раённы Цэнтр культуры прыбылі Вольга Францішкаўна Красачка і Кацярына Казіміраўна Брылеўская. Абедзве нарадзіліся і жылі ў Лідзе, абедзве скончылі Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў.

У пачатку 2013 года праходзіў рэспубліканскі конкурс “Танцуй, горад”. Дзяўчаты падрыхтавалі свой танцавальны нумар. У адборачным туры, дзе былі прадстаўлены розныя гарады рэспублікі, наш танец быў адным з лепшых, таму Валожын быў выбраны горадам, дзе павінен быў адкрыцца філіял “City Dance”. Для Вольгі і Кацярыны пачаліся трэніроўкі. На працягу амаль двух месяцаў дзяўчаты за свой кошт наведвалі майстар-класы па розных напрамках сучаснага танца ў Мінску. Кожны мог выбраць больш блізкі яму стыль. А выбіраць было з чаго! Больш за 25 танцавальных стыляў і напрамкаў прапануе студыя сучаснага танца “City Dance”. Гэта і спартыўны бальны танец, і аргенцінскае танга, і клубная лаціна, і жаночая пластыка, і Pole Dance, і брэйк-данс, і сучасны вулічны танец, і хіп-хоп, і развіваючыя танцы для дзяцей.

З Вольгай Францішкаўнай і Кацярынай Казіміраўнай у студыі заключылі працоўныя кантракты. У выніку ў Валожыне адкрыліся чатыры групы: сучасны дзіцячы танец, жаночая пластыка і go-go, лаціна-мікс, рэгетон. Гэта адна дзіцячая група і тры – для дарослых.

Заняткі праходзяць у будынку дзіцячай бібліятэкі два разы на тыдзень. Наведваюць іх каля сарака чалавек. Узрост наведвальнікаў розны: ад дзяцей 9-ці гадоў да жанчын за 40.

Вольга і Кацярына ўдасканальваюць сваё майстэрства ў вядомых харэографаў Беларусі і Расіі. Ім гэта захапленне грэе душу, радуе сэрца. Між іншым, кожны, хто захапляецца танцамі, можа прайсці навучане ў студыі і пры жаданні заключыць працоўны кантракт.

Вольга Францішкаўна і Кацярына Казіміраўна ў раённым Цэнтры культуры вядуць тэатральны гурток і займаюцца з узорным харэаграфічным калектывам «Раніца». У прафесійнай справе яны таксама не спыняюцца: Вольга працягвае навучанне ў Акадэміі мастацтваў, а Кацярына – ва Універсітэце культуры і мастацтваў у Мінску.

Анжэла РАДЫНА

 



Добавить комментарий