Общество

З Ірынай Леанідаўнай Ганько карэспандэнты газеты пазнаёміліся, калі наведалі Івянецкую гарпасялковую бальніцу. Яна працуе тут фельчарам “хуткай дапамогі”.

Нягледзячы на маладыя гады, дзяўчына ўжо мае практычны вопыт работы з пацыентамі: пасля размеркавання з Маладзечанскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа два гады ўзначальвала калектыў Пральніцкага ФАПа.

У Івянец перавялася нядаўна, два з паловай месяцы таму. У калектыве маладое папаўненне сустрэлі з адкрытай душой, старэйшыя калегі ўзялі пад апеку, кансультуюць у пэўных пытаннях. А яны непазбежныя, бо спецыфіка работы фельчара на стацыянарным пункце і ў аддзяленні “хуткай дапамогі” адрозніваецца. І ў першую чаргу, начнымі выклікамі. Тут патрэбна хутка зрэагаваць, вызначыць прычыну недамагання пацыента і правесці  аператыўнае лячэнне. Гэта атрымліваецца ў поўнай меры.

Родам Ірына з Сакаўшчыны, расла ў шматдзетнай сям’і. Як прызнаецца, у прафесію прывёў, у большай ступені, прыклад старэйшага брата, які сёння працуе фельчарам Адамоўскага ФАПа. У сваім выбары не расчаравалася. Ёй, сапраўды, падабаецца прыносіць людзям палёгку, стаяць на варце іх здароўя. А так як нясе за жыццё пацыентаў вялікую адказнасць, лічыць патрэбным пастаянна самаўдасканальвацца, павышаць прафесійны ўзровень. Вось і цяпер рыхтуецца трымаць іспыт на павышэнне катэгорыі. Адміністрацыя бальніцы выдзеліла спецыялісту жыллё ў інтэрнаце, гэтаму шчыра радуецца. Але ні на хвіліну не забывае пра родныя карані – стараецца на выхадныя з’ездзіць дадому. Там Ірына адпачывае душой, набіраецца сіл і энергіі і потым шчодра дзеліцца імі, праганяючы чужыя хваробы.

Сяргей САДОЎСКІ,

фота Сяргея БОБРЫКА

 



Добавить комментарий