ЯЕ ДЫПЛОМЫ…

Культура

 

Млынар Іосіф часта паўтараў, што яго дачушка Лёдзя – такая разумніца, такая пявуння, яе чакае вялікая будучыня. У 1943 годзе млынара Іосіфа з Міхалёўшчыны застрэлілі. Апошнімі яго словамі былі: «Хто ж цяпер вучыць Лёдзечку будзе…»

Тады ёй было чатыры гады.

Зусім юная была Лёдзя, а гора зведала нямала. Часам выйдзе яна ў поле, каб ніхто не бачыў, і плача. А тоненькая бярозка, адзіная сведка яе слёз, гнецца ад ветру, схіляецца да зямлі ды зноў выпростваецца. І падалося аднойчы дзяўчынцы, што дрэва шэпча: «Паглядзі, як мне цяжка. А я не здаюся. Вучыся і ты быць моцнай…»

І Лёдзя старалася. Хадзіла пешшу з Падневіч у Івянецкую школу, скончыла восем класаў, марыла аб сярэдняй адукацыі. Але, як пісаў французскі пісьменнік Гюго, адзенне мае ўласцівасць зношвацца тады, калі хадзіць з дзіркамі становіцца непрыстойным… Сямнаццацігадовая дзяўчына вымушана была кінуць школу і пайсці ў калгас даяркай. Уручную даіла тройчы на дзень чатырнаццаць кароў. Калі выпадала дзяжурства, то і начавала на ферме, а каб не даймаў трыццаціградусны мароз, закапвалася ў сена. У месяц зарабляла 8-9 рублёў і збожжа на працадні. Калгаснае начальства не магло нарадавацца на Лёдзю. Неяк старшыня сказаў, каб шукала сабе замену, а ёй дадуць накіраванне вучыцца на заатэхніка. Толькі не вельмі хапала ахвотніц ісці на ферму.

З заробленых жыта і пшаніцы навучылася выпякаць духмяны, смачны хлеб. Бывала, прыедуць госці да суседзяў, а гаспадар да яе прыбягае: «Дай бохан, Лёдзечка, хачу людзей здзівіць, паказаць, якім смачным можа быць хлеб…»

Так мінулі тры гады. Прыгожую, працавітую дзяўчыну заўважыў мясцовы юнак і прыслаў сватоў. Лёдзя ж чакала з войска хлопца, але маці настаяла, каб дачка выходзіла замуж.

Хутка Леакадзія пачала спасцігаць навуку быць жонкай і маці. Калі старэйшаму сыну споўнілася тры гады, лёс зноў здзівіў паваротам. У пачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя культработа ў вёсках была флагманам грамадска-палітычнага жыцця. І Лёдзю, як таленавітую спявачку, пасылаюць на курсы пры тэатры оперы і балета, дзе атрымала спецыяльнасць харэографа.

Працаваць загадчыцай сельскага клуба пачала ў Ракаве. Зусім хутка адчула сябе ў новай стыхіі як рыба ў вадзе. Пры клубе запрацавалі розныя гурткі мастацкай самадзейнасці, хор. Культурнае жыццё ў вёсцы кіпела і развівалася.

Тым часам у Леакадзіі Іосіфаўны нарадзіліся яшчэ дзеці – сын і дачушка. Маючы траіх на руках, скончыла завочна Смілавіцкі аграрны тэхнікум, а потым яшчэ і Мінскае культпрасветвучылішча.

Муж Васіль часам жартаваў: «Вось якую жонку добрую маю – на рабоце па адным дыпломе працуе, а на хатняй гаспадарцы – па другім…» Іх сям’я, і сапраўды, ніколі не цуралася сялянскага ўкладу. Агарод заўсёды вялікі апрацоўвалі, у хляве жыўнасці рознай мелі, доўга трымалі дзве каровы. Леакадзія адна з першых у вёсцы асвоіла новую тэхналогію вырабу тварагу. Не ў клінку, а такі, каб тлустымі пластамі ляжаў. Сыр адмысловы варыла: і салодкі, з разынкамі, і салёны, з кропам і часнаком…

Навучыла Леакадзію Іосіфаўну бярозка быць моцнай. На пенсію выйшла – а на бальнічным ніколі не была. Толькі пасля сямідзесяці гадоў трапіла ў бальніцу з цяжкім дыягназам. Але і там не здавалася.

У суседніх палатах хворыя плакалі, а там, дзе ляжала Леакадзія Іосіфаўна, гучалі песні. Сяброўкі па няшчасці асабліва любілі спяваць песні, якія напісала яна сама – і словы, і музыку.

Хоць нотнай граматы не ведае, а мелодыі нараджаюцца яркія, запамінальныя. Некаторыя аўтарскія песні Л. І. Голуб ужо гучалі са сцэны, а іншыя таксама таго варты.

Цікава, што Леакадзія Іосіфаўна незнаёмая з такой з’явай, як «мукі творчасці». Калі яна ляжала ў бальніцы, медыкі якраз адзначалі сваё прафесійнае свята. Леакадзія Іосіфаўна вырашыла павіншаваць урачоў аддзялення. Села за стол і напісала верш. Хвілін за восем… Удзячныя медыкі той верш аддрукавалі на прыгожай паперы і пакінулі ў ардынатарскай на памяць аб таленавітай пацыентцы.

У пачатку 2014 года Леакадзія Іосіфаўна Голуб з Ракава адзначыць сваё 75-годдзе. За плячыма – цэлае жыццё, поўнае цяжкасцей, болю, але і багатае. Багатае на знаходкі, вопыт, павагу ад людзей.

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара

 



Добавить комментарий