АБ’ЯЎЛЕНЫ КОНКУРС

Общество

Мінаблвыканкамам прынята рашэнне аб правядзенні абласнога конкурсу на прысваенне ганаровага звання «Чалавек года Міншчыны».
Гэта паслужыць стымуляванню творчай працы, прапагандзе інавацыйных ідэй, перадавога вопыту і прызнання дасягненняў у вытворчай і грамадскай дзейнасці.
Конкурс праводзіцца штогод і мае наступныя намінацыі: «Вытворчая дзейнасць», «Невытворчая сфера», «Грамадска-палітычная дзейнасць». Крытэрыямі прысуджэння ганаровага звання з’яўляюцца важкасць, актуальнасць, эфектыўнасць вынікаў працы, прафесійныя і маральныя якасці суіскальніка.
Удзельнічаць у конкурсе могуць асобы, якія ўнеслі вялікі асабісты ўклад у паляпшэнне арганізацыі працы, абслугоўвання насельніцтва, у распрацоўку і асваенне тэхналогій, праграмнага забеспячэння, у вытворчасць новых відаў прадукцыі, аўтары высокамастацкіх твораў літаратуры і мастацтва, спартсмены, а таксама тыя, хто выратаваў людзей з экстрэмальных сітуацый.
Арганізацыі, якія прапаноўваюць кандыдатуры на ганаровае званне «Чалавек года Міншчыны», павінны ўказаць намінацыю, напісаць даведку-аб’ектыўку і характарыстыку на кандыдата, падрыхтаваць копіі дакументаў аб пацвярджэнні асобы суіскальніка.
Дакументы падаюцца да 1-га лютага ў конкурсныя камісіі структурных падраздзяленняў аблвыканкама.
Праверку правільнасці і якасці афармлення дакументаў забяспечвае галоўнае ўпраўленне арганізацыйна-кадравай работы аблвыканкама. Не разглядаюцца дакументы тых суіскальнікаў, якія не забяспечылі высокіх паказчыкаў працоўнай і выканаўчай дысцыпліны, у ахове працы і тэхнікі бяспекі.
Як правіла, у аблвыканкаме выбіраюцца 20 кандыдатаў на прысваенне звання «Чалавек года Міншчыны».
Пераможцам конкурсу прысвойваецца званне, уручаецца спецыяльны дыплом і стужка, выплачваецца грашовая ўзнагарода ў памеры 100 базавых велічынь.
У конкурсе можна ўдзельнічай і паўторна, але варта памятаць, што дасягненні ў працы павінны быць прынцыпова новымі.
За даведкамі звяртайцеся ў аддзел арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама. Тэл. для даведак: 55652, 55548



Добавить комментарий