НЕ СПI, АБУДЗIСЯ, ХРЫСТОС НАРАДЗIЎСЯ!

Культура

 

Касцюміраваную пастаноўку па біблейскім сюжэце аб нараджэнні Збаўцы падрыхтавалі дзеці, якія наведваюць урокі рэлігіі пры касцёле Св. Юзафа ў Валожыне. Міні-спектакль быў паказаны пасля Імшы ў апошнюю нядзелю года.

Пад кіраўніцтвам настаўніцы-катэхеткі Л. С. Таўгень юныя парафіяне старанна развучвалі ролі, тэксты, калядныя песні. Бацькі, бабулі і дзядулі дапамаглі сваім дзецям прыбрацца ў адпаведныя сцэнічныя строі. Так што да падзеі мелі дачыненне значная колькасць валожынцаў.

А калі ўлічыць усіх гледачоў таго яркага, запамінальнага дзейства, то можна спадзявацца, што спектакль не згубіцца ў навагоднім калаўроце святочных прадстаўленняў і запомніцца надоўга. Маленькія «артысты» і самі не здагадваюцца, што ўзбагацілі сваё жыццё яшчэ адным светлым Калядным момантам. Пабягуць гады, скончыцца дзяцінства, а пастаноўка назаўсёды застанецца ў іх сэрцах, як і ўдзячнасць тым людзям, якія вялі іх дарогаю да Бога…

На зімовых канікулах, калі можна бестурботна адпачываць, 16 юных парафіян старанна завучвалі словы, пераўвасабляліся ў біблейскіх персанажаў.

На прэм’еры ўсё атрымалася найлепшым чынам: касцюмы Маці Божай і Св. Юзафа, анёлаў, зорачак, месяца, трох мудрацоў з Усходу, пастушкоў глядзеліся выдатна. Усе артысты арганічна ўжыліся ў ролі, у тэкстах не блыталіся.

Расчуленыя гледачы не маглі ўтрымацца і падхапілі фінальную песню, потым горача апладзіравалі і дзякавалі за дастаўленую радасць.

Спадабалася выступленне і ксяндзу Гэнрыку. Кожны ўдзельнік атрымаў ад пробашча салодкі падарунак і торт на ўсю іх дружную каманду.

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара

 



Добавить комментарий