РАЗАМ ВЕСЯЛЕЙ!

Общество

 

Калі ў старасці чалавека пакідаюць фізічныя сілы, родны дом ужо чамусьці не цешыць сэрца як некалі. Бо аднаму няпроста справіцца з рознымі жыццёвымі выпрабаваннямі. Але калі ты не адзін, а побач паважлівага ўзросту твае равеснікі, то хоць у думках можна адагнаць ад сябе надакучлівую старасць. “На людзях”, як гавораць тут бабулькі, і хваробы не так даймаюць, ды і на душы весялей…

Пад агульны дах утульнага казённага дома – Пяршайскай бальніцы сястрынскага догляду –  па волі лёсу сабраліся 25 састарэлых жыхароў раёна. Тут пачаўся новы адлік іх жыццёвых вёрстаў. Нехта тут  зімуе ўпершыню, нехта ўжо “доўгажыхар”. У бальніцы цёпла, утульна, камфортна. Аказваецца пры патрэбе і кваліфікаваная медыцынская дапамога. Але ўсё роўна ў глыбіні душы, употайкі ад сваіх такіх жа старэнькіх суседак, кожная бабулька, каб не вярэдзіць іншыя душы такім блізкім і такім зразумелым для кожнага ўспамінам, вельмі часта думае пра свой родны дом. Трэці год у разлуцы са сваёй хаткай жыве Галіна Васільеўна Траццяк з  вёскі Навіны. Пяты год як пакінула роднае Вішнева Вера Аляксандраўна Іода. Першую зіму сёлета тут праводзіць Валянціна Раманаўна Дурко з Гарадзечна. Другую зіму знайшла тут часовую прапіску Ганна Іосіфаўна Бітэль з Клімоў.

Сваё жыццё гэтыя старэнькія жанчыны чамусьці ўжо мераюць не вёснамі, а зімамі. Відаць, гэта пара года ў іх уяўленні больш адпавядае вобразнаму апісанню старасці. А іх маладосць назаўсёды засталася ва ўспамінах аб далёкай, незваротнай вясне.

…У пакоях, дзе жывуць гэтыя пажылыя людзі, зроблена ўсё, каб ім было камфортна. Неўзабаве ўтульнасці прыбавіцца. Ва ўстанове выбарачна вядуцца рамонтныя работы. Тут належнае медыцынскае абслугоўванне, збалансаванае харчаванне.

Нешматлікі абслугоўваючы персанал, дзяжурная медсястра Валянціна Сямёнаўна Бітэль і яе калегі ведаюць: як бы добра не было ў казённым доме, а  пякучую журбу па роднай хаце чалавек не можа перасіліць. Таму і стараюцца сагрэць усіх падапечных сваім клопатам і ўвагай. І не толькі задаволеная Марыя Геранімаўна Гардынец з вёскі Лінкі, якую вы бачыце на верхнім здымку, штодзень адчувае гэтыя добразычлівыя адносіны…

Ірына ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара

 

 



Добавить комментарий