У ГОСЦI ДА СЫНА…

Культура

 

Антаніна Фёдараўна нават і сама не думала, што будзе так хвалявацца, збіраючыся ў госці да роднага сына.

Віталь паспяхова скончыў ВНУ і, адпрацаваўшы пасля размеркавання два гады ў далёкім ад бацькоўскага дома горадзе, вырашыў застацца на прадпрыемстве, бо атрымаў ведамаснае жыллё.

Яго такі варыянт цалкам задавальняў, ды і маці асабліва не пярэчыла выбару сына.

…Антаніна Фёдараўна акуратна ўпакавала ў гаспадарчую сумку гасцінцы для сына. Напякла перад паездкай яго любімага тварожнага пячэння. Паклапацілася і пра іншыя кулінарныя пачастункі. Але сын вечарам пазваніў і расстроеным голасам сказаў, што, на жаль, не зможа сустрэць матулю на вакзале, бо трэба тэрмінова выехаць у камандзіроўку. Таму прасіў маці адкласці паездку на потым, бо цяжка будзе дабірацца адной з вакзала. Аднак яна вырашыла свае планы не мяняць. Тым больш, што мела запасныя ключы ад кватэры Віталя. А адрас месцажыхарства сына яна  добра ведала, бо гэта была ўжо яе другая паездка.

У дарозе час праляцеў непрыкметна хутка. Вось яна ўжо і каля дома свайго сыночка! Хоць ведала, што Віталя няма, абяцаў, што вернецца вечарам, але чамусьці вельмі хвалявалася ад прадчування жаданай сустрэчы з любімым сынам. Адамкнула дзверы. Паставіла ў прыхожай цяжкую сумку. Распранулася. Зняла абутак. І без мяккіх тапачак, якія загадзя былі паслужліва падрыхтаваны сынам, пачала хадзіць па  кватэры, каб размяць спіну і ногі пасля ўтомнай дарогі. Яна не правярала парадак у доме. Але з першых хвілін уразіла акуратнасць і чысціня. Калі адчыніла дзверы ў гасціную, то адразу кінуўся ў вочы вялікі букет белых, яе любімых ружаў. Падумалася: “З якой жа гэта нагоды падарылі сыну такі шыкоўны букет?! Да дня нараджэння яшчэ далёка… Што за нагода такая? Прыедзе, пацікаўлюся абавязкова…” А калі падышла бліжэй да стала, здагадалася, што гэта кветкі куплены спецыяльна для яе. Сэрца напоўнілася прыемнай цеплынёй. Ля вазы ляжала запіска, дзе акуратным знаёмым почыркам было выведзена: «Мілая мамачка, прабач, што я не змог сустрэць цябе на вакзале! Вельмі вінаваты перад табой, дарагая, за гэта. Але не  хвалюйся, вечарам мы абавязкова ўбачымся. Прымі ад мяне гэтыя белыя ружы! Я памятаю, што  менавіта гэта твае любімыя кветкі».

Сама не ведаючы чаму, але Антаніна Фёдараўна раптам заплакала. Слязінкі нястрымана пакаціліся адна за адной. Яна нават засаромелася такой сваёй залішняй сентыментальнасці. Але эмоцыі ўзялі верх: так прыемна, так цёпла стала на душы ад прыгожага букета белых ружаў – такога жаданага і нечаканага знака сынавай увагі. Яна міжволі радавалася, што яе Віталь вырас галантным мужчынам, далікатным, інтэлігентным чалавекам, уважлівым сынам. Такая манера яго паводзін вельмі імпанавала маці.

Шыкоўны букет ружаў на стале міжволі зрабіў амаль рэальна прысутным сына ў кватэры. У думках расчуленая маці працягвала размаўляць са сваім любімым дзіцем, дзякавала за яго ўвагу. Затым яна ўважліва агледзела ўвесь пакой. Усё было ў ідэальным парадку, утульнасцю быў напоўнены сціплы інтэр’ер. Пайшла на кухню. А там зноў запіска ляжыць на стале: “Вось для цябе цукеркі. Грэй чай. У халадзільніку ёсць бутэрброды. Вярнуся, сам прыгатую добрую вячэру. Сама нічога не ўздумай рабіць па гаспадарцы. Адпачывай!”

Той зімовы халодны дзень падарыў Антаніне Фёдараўне столькі святла і цеплыні, што сэрца лікавала. Яна пераканалася, што сын вырас не пестай, хоць яна выхоўвала яго адна. Нялёгка прыходзілася. Аддавала яму ўсю душу, аднак заўсёды была і строгая дысцыпліна, патрабавальнасць. Парасткі працавітасці, дабрыні трывала ўмацаваліся ў характары дарослага сына. Таму яна была спакойная за будучыню свайго Віталя. Яна не выпадкова зрабіла вывад: сын, які шкадуе і паважае родную маці, будзе і ў сваёй сям’і клапатлівым мужам і бацькам. І ў нейкую хвіліну нават міжволі пазайздросціла той дзяўчыне, якая стане вернай спадарожніцай у жыцці Віталя. А ў душы Антаніна Фёдараўна адчула ноткі саперніцтва: ні з кім яна не хоча дзяліць гэты свой бясцэнны скарб. Але давядзецца з гэтым звыкнуцца. Віталю ўжо 26 гадоў, час падумаць і пра ўласную сям’ю… Магчыма, сёння сын і скажа матулі, што знайшоў сваю другую палавінку ў гэтым горадзе. Бо адчувала, што нешта яе Віталь па тэлефоне не дагаворвае, а матчына сэрца заўсёды надзелена бяспройгрышнай інтуіцыяй…

Ірына ПАШКЕВІЧ

 

 



Добавить комментарий