Валянцін Сухадолец. Тэнар

Люди и судьбы

Так лаканічна на візітнай картцы прадставіў сваё выканаўчае «амплуа» наш зямляк, прафесіянальны артыст, які ўжо больш за дваццаць гадоў жыве і працуе ў расійскай сталіцы.

Ён скончыў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю, а затым з адзнакай – вакальны факультэт Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя П. І. Чайкоўскага, працягваў музычную адукацыю ў Амстэрдамскай кансерваторыі ў Галандыі.
Што гэты чалавек сваім рэдкім талентам і вялікай абаяльнасцю крануў сэрцы многіх валожынцаў у час леташняга святочнага канцэрта на Дні горада Валожына, наўрад ці хто не пагодзіцца. Артыст абяцае, што яшчэ, магчыма, не раз парадуе землякоў сваім выступленнем. А шквал апладысментаў яму ўжо гарантаваны…
Нашаму земляку, спевы якога адпавядаюць усім канонам стылю выканання бельканта, які лічыцца класікай італьянскай школы, апладзіравалі ў Галандыі, Бельгіі, Германіі, Партугаліі, многіх гарадах Расіі. А сёлета вясной Валянцін Іванавіч Сухадолец вярнуўся з Пхеньяна, што ў КНДР, дзе прымаў удзел ва ўрадавым канцэрце. Сам Кім Чэн Ір падпяваў яму рускую песню.

– Валянцін Іванавіч, што Вас прывяло на малую радзіму?
– Кожны год, хаця б адзін раз, часцей, на жаль, не атрымліваецца, стараюся прыязджаць з Масквы ў Сакаўшчыну, у родную хату, якая ўжо апусцела без бацькоў. Сюды так просіцца душа! Прыязджаю, каб зарадзіць “батарэйку”, як гэта я называю. Калі, здараецца, не прыеду, тады і год чамусьці выдаецца няўдачным, і не ўсё ідзе гладка ў жыцці. І сёлета зноў тут. Водпуск прадоўжыўся ў сувязі з сумна вядомай экалагічнай сітуацыяй у расійскай сталіцы.
У Сакаўшчыне мяне заўсёды з задавальненнем сустракаюць сваякі, добрыя знаёмыя. Я знаходжуся ўжо трэці тыдзень у роднай вёсцы. Унутрана разумею, што міжволі пачынаю вяртацца да сваіх моўных вытокаў. Без гэтага ж нельга, бо ў вёсцы размаўляю з суседзямі, знаёмымі сакаўшчынскімі людзьмі. Са мной прыехалі і мае маскоўскія сябры. Дык яны першыя заўважылі, што я адчувальна ўжо памяняў моўныя акцэнты. Гавару па-руску, і сам таго не прыкмячаю, не “воду”, а “ваду” , не “грядки”, а “грады”. Ды і розныя дыялекты вельмі хутка вяртаюцца да цябе па прыездзе на радзіму. Гэта ж забыць ніяк нельга…
– А ў Маскве Вас часта наведвае пачуццё настальгіі па родным краі? Кажуць, чым далей ты знаходзішся ад сваёй бацькаўшчыны, тым бліжэй яна да твайго сэрца…
– Гэта сапраўды так. Трапна сказаў беларускі пясняр: “Мой родны кут, як тым мне мілы… Забыць цябе не маю сілы!” Я думаю, што я не адзінокі ў сваіх адчуваннях. І ў Маскве мне часта ўспамінаюцца мае дзядулі і бабулі, бацькі і розныя шматлікія прыемныя моманты біяграфіі. Помніцца толькі прыемнае. Дрэннае ж адыходзіць на другі план. Успамінаюцца школьныя педагогі. Я з задавальненнем назаву іх. Гэта настаўніца рускай мовы і літаратуры Зінаіда Аляксееўна Бітэль. Яна выкладала прадмет настолькі ярка, што да гэтай пары не забыў урокі, абмеркаванне вершаў. Вельмі ўдзячны выкладчыцы музычнай школы Ганне Антонаўне Зеньцы, якая мяне, уласна кажучы, і прывяла ў свет музыкі. Выцягнула, вырвала са звычайнай школы і амаль што загадала: “Ты абавязкова павінен займацца музыкай!” А ўсё магло б скласціся інакш, бо ў дзяцінстве я марыў стаць лётчыкам і рыхтаваўся да гэтага з усёй сур’ёзнасцю. Але сёння рады, што менавіта так склаўся мой лёс.
Я вырас сярод простых вясковых людзей. У памяці назаўсёды застануцца іх дабрыня, мудрасць. Многіх з іх ужо няма на гэтым свеце. Пайшла не так даўно з жыцця мая суседка бабка Марыя, якой было больш за 100 гадоў. Я быў з ёй, з яе дочкамі ў добрых суседскіх адносінах.
На жаль, у роднай вёсцы застаецца ўсё менш і менш тых паважаных людзей, якія заклалі ў нашы характары фундамент, тую аснову, з якімі мы і цяпер жывём. Калі ў чарговы прыезд даведваешся, што такіх людзей становіцца ўсё менш і менш, то душа журыцца. Але вёска яшчэ трымаецца, нараджаюцца дзеці, сюды праязджаюць працаваць новыя людзі. Як гаварыў А. Разенбаум: “Пусть наша осень будет их весной…” Жыццё ёсць жыццё…
– Спадзяёмся, што нашым чытачам будзе цікава даведацца, як развіваецца Ваша творчая дзейнасць.
– Пасля таго, як я пакінуў арт-групу “Хор Турэцкага”, пачаў займацца сваім сольным праектам. У мяне вялікія планы. Шмат выступаю, шмат працую ў студыі. У канцы мінулага года выпусціў дыск. Гэта, зазначу, доўгая, карпатлівая і, я б сказаў, надзвычай цяжкая праца. Дыск называецца “Спяваю пра жыццё” . Там сабрана ўсё. Гэта нейкае асарці з розных музычных накірункаў. Гэта класіка, эстрадныя, джазавыя і папулярныя рускія песні, ёсць і італьянскія, англійскія. Мне здаецца, што першая мая творчая спроба атрымалася даволі цікавая. Пастараюся на працягу паўгода запісаць і дыск з народнымі песнямі, рамансамі. Планую актыўную канцэртную дзейнасць. У снежні мінулага года быў мой вялікі нумар у канцэрце тэатра Надзеі Кадышавай “Золотое кольцо”. Цяпер хачу з канцэртам выступіць у многіх гарадах Расіі. З “Хорам Турэцкага” ў мяне засталіся вельмі прыязныя адносіны, таму што мы рассталіся добра і з многімі рабятамі, у тым ліку і з кіраўніком, мы па-ранейшаму ў прыяцельскіх адносінах. Калі ёсць неабходнасць узмацніць канцэрт класічным голасам, яны мяне запрашаюць выступіць. Вось прыкладна ў такім рэчышчы і праходзіць мая творчасць.
– Цікава ведаць, а ў Вас ёсць прадзюсер?
– Пакуль сам займаюся ўсімі арганізацыйнымі, творчымі пытаннямі. Ёсць музыканты, якія са мной працуюць, гукарэжысёр, некалькі аранжыроўшчыкаў, з якімі мы прадумваем аранжыроўкі, адаптуем творы да майго голасу. Студыйная работа захапляючая, яна для артыста, як наркотык. Студыя адкрывае вялікія магчымасці. Тут можна рэалізаваць усе свае фантазіі. Цяпер знаходжуся ў пошуках свайго стылю, шмат эксперыментую.
Я атрымаў класічную кансерваторскую адукацыю. Гэта многа значыць. А дзякуючы “ Хору Турэцкага”, калектыву, у якім доўгі час працаваў, я прыйшоў у шоу-бізнес. Для мяне адкрыліся новыя творчыя моманты, новыя шляхі, спасціг і новыя формы музычнага бачання.
– Раскажыце, як Вы клапоціцеся пра свой рэдкі голас?
– Голасам займаюся рэгулярна і ў абавязковым парадку. У мяне ёсць цудоўны педагог Таццяна Дзмітрыеўна Палякова. Стараюся некалькі разоў на тыдні наведваць яе ўрокі. Хачу вярнуцца ў оперу. З верасня вырашыў пасупрацоўнічаць з маскоўскімі опернымі тэатрамі. У мяне ўжо было некалькі антрэпрызных спектакляў. Я выконваў партыю ў “Яўгеніі Анегіне” ў канцэртным варыянце з аркестрам Святланава.
– А з Беларуссю якім-небудзь чынам звязваеце сваю творчую дзейнасць?
– Зазначу, што я шчыра ўдзячны землякам за запрашэнне ў 2009 годзе выступіць на Свяце горада Валожына. У недалёкім мінулым у мяне адбыўся і канцэрт у Мінску. Пакуль мяне яшчэ шырока не ведаюць у Беларусі. Вядуцца перагаворы наконт арганізацыі канцэртаў. Я выступлю абавязкова! Зрабіць тур па Беларусі – мая запаветная мара. Хачу падрыхтаваць праграму з беларускіх твораў. Мой першы кансерваторскі педагог па вакалу – Віктар Іванавіч Скарабагатаў – адзін з нямногіх падзвіжнікаў, якія займаюцца рэстаўрацыяй, адражэннем беларускай нацыянальнай культуры. Гэта чалавек, які валодае каласальнымі ведамі вучонага, музыказнаўца. Ён падарыў мне клавір оперы “Фауст”, напісаны Антоніем Генрыкам Радзівілам. Гэта першая опера, напісаная на тэму “Фауста”, а лібрэта Гётэ. Гэта ўвогуле унікальны твор! Дык вось В. Скарабагатаў адрадзіў яго, твор пераклалі на беларускую мову, выдалі клавір. Здорава, цікава і вельмі прыемна! Я мару зрабіць праграму з беларускіх песень. Гэта для мяне вельмі важна. Гэта даніна маім караням, маёй культуры, маёй радзіме. Быў у Беларускім нацыянальным тэатры оперы. Пасля рэстаўрацыі яго не пазнаць! Спадзяюся, што на сцэне гэтага шыкоўнага храма музыкі я абавязкова калі-небудзь выступлю.
– Якія ўражанні ў Вас, масквіча, выклікае Беларусь?
– Гэта і сапраўды прыгожая краіна. Зрэшты, тут і ў былыя часы былі добрыя масты, дарогі і інш. Тут усюды асфальт, усюды можна праехаць. Краіна невялікая. Я Расію аб’ехаў уздоўж і ўпоперак. Там большая тэрыторыя, больш і праблем: аб’ектыўных і суб’ектыўных. Але ў Расіі ёсць зоны, якіх у Беларусі проста не можа быць…
– А што Вы можаце сказаць пра наш горад?
— Валожын мяняецца да лепшага. Ён стаў больш чысты, прыбраны, нават нейкі больш светлы. Добра, што вядзецца рамонт і рэстаўрацыя будынкаў, таго ж касцёла. Абсталёўваюцца вулічныя месцы адпачынку. Гэта правільна. Гэта радуе. І тым не менш… Сёння, напрыклад, мы хацелі паабедаць. Аб’ехалі ўсё – і нічога, на жаль, не знайшлі. Усе нешматлікія кропкі грамадскага харчавання аказаліся закрыты. З маскоўскімі сябрамі, якія захацелі пазнаёміцца з гісторыка-культурнай спадчынай раёна, мы пабывалі сёння ў Ракаве, Івянцы і нідзе, паўтаруся, не змаглі падсілкавацца. Гэта на самай справе вялікая праблема ў раёне. І спадзяюся, што яна будзе ўсё ж вырашана ў бліжэйшыя гады. Трэба, відаць, укладваць больш сродкаў у развіццё сферы абслугоўвання. Магчыма, і прыватнікаў падключаць, бо яны больш актыўныя і агрэсіўныя ў добрым сэнсе слова ў арганізацыі справы. Прадоўжу тэму крытыкі. У вашых магазінах малы выбар прадуктаў. А свежае, якаснае мяса, а не замарожанае, увогуле не купіць. Гэта факт і гэта вялікі недахоп гандлю.
У Маскве, акурат у тым раёне, дзе я жыву, ёсць невялікая плошча, і там па выхадных днях праводзяцца кірмашы, дзе рэалізуюцца розныя беларускія тавары. Хаджу туды з вялікім задавальненнем. Не прыглядаўся, праўда, ці ёсць там смачныя валожынскія сыры. Купляю на тым кірмашы прадукты з вялікім задавальненнем, бо яны высокай якасці. І яшчэ адно адступленне на гэту тэму. Аднойчы каля маскоўскай кансерваторыі на вуліцы Вялікая Нікіцкая я зайшоў у рэстаран “Белая Русь”. Там усё аформлена ў нацыянальным стылі. Гучыць музыка “Песняроў”. Стаў чытаць меню, і мяне прыемна здзівіла, калі там знайшоў наступны радок: “Карп смажаны ў піве па-ракаўску”. Я з задавальненнем заказаў. Вельмі спадабалася.
– “Па-ракаўску”?! Гэта ж такое блізкае суседства з нашым краем. Можа, і кулінар плюс да ўсяго наш зямляк?
— Як буду ў рэстаране ў наступны раз, абавязкова пастараюся ўдакладніць гэты факт.
— Валянцін Іванавіч, а калі прыязджаеце на бацькаўшчыну, ці пульсуе ў руках сялянская жылка, калі да знямогі так хочацца ўзяць касу ці шчыра папрацаваць з сякерай у руках. І стомы ніякай не адчуваеш, а толькі асалоду, бо ты тут, дома…
— Вы нібы мае словы з мяне вырываеце! Гэта мне вельмі блізка. Вядома, родная зямля цягне да сябе. І нікуды ад гэтага не дзенешся. З задавальненнем бяру касу і “афіцыйна вам заяўляю”, што сорамна мне за якасць касьбы ніколі не будзе. Акультурваю сад, раблю дарожкі ў двары, калі трэба, магу пакорпацца і ў агародзе, нават пасадзіць там нешта…
Люблю лес. Хаджу туды, каб адпачыць, надыхацца свежым паветрам. І рэчка такая цудоўная побач з вёскай. Гэта ўсё здорава! Па магчымасці я стараюся і сяброў з майго маскоўскага акружэння ў Сакаўшчыну запрасіць. І сёлета многія са мной тут. Іх з задавальненнем далучаю да беларускай прыроды, культуры, кухні. І ўсе, хто прыязджае, становяцца паклоннікамі Беларусі. Мы з задавальненнем вандруем па знакамітых турысцкіх маршрутах.
– Дзякуй Вам за размову. Спадзяёмся, што чытачы раёнкі і многія адданыя прыхільнікі Вашага таленту ўжо сёння будуць чакаць наступнага Вашага прыезду на Валожыншчыну, каб зноў даведацца, як ідуць справы ў знакамітага земляка.
Да друку падрыхтавала Ірына ПАШКЕВІЧ.



Добавить комментарий