ДАПАМОГУЦЬ ТЫМ, КАМУ НЯЛЁГКА

Общество

З нагоды 95-годдзя з дня ўтварэння сацыяльнай службы ўсе, хто мае адносіны да гэтай сферы, сабраліся 10 студзеня ў раённым Цэнтры культуры, каб ва ўрачыстай абстаноўцы ўзгадаць дасягненні, назваць лепшых супрацоўнікаў, узнагародзіць іх за старанне Ганаровымі граматамі і каштоўнымі падарункамі.

Віншавалі сацыяльных работнікаў старшыня райвыканкама У. А. Наумовіч і намеснік старшыні Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама А. Л. Помазава.

Сацыяльныя праблемы ніколі не заставаліся ў нашым грамадстве па-за ўвагай. Дапамога тым, хто трапіў у складанае жыццёвае становішча, з’яўляецца не толькі справай міласэрнасці, але і пытаннем дзяржаўнай палітыкі.

Амаль 15000 жыхароў нашага раёна ў той ці іншай ступені адчулі на сабе клопат з боку работнікаў сацыяльнай службы. У ліку асоб, якія атрымліваюць пенсіі і грашовыя дапамогі – 12 тысяч чалавек. Для 679 малазабяспечаных грамадзян у 2013 годзе выдзелена звыш паўтара мільярда рублёў грашовай дапамогі, 975 адзінокіх пенсіянераў, якім аказана дапамога па нарыхтоўцы садавіны і агародніны, апрацоўцы прысядзібных участкаў, рамонту дамоў, выдзелены пуцёўкі ў медыцынскія ўстановы. Не засталіся без увагі шматдзетныя сям’і, няпоўныя і апякунскія сем’і, дзеці-сіроты, адзінокія і адзінока пражываючыя састарэлыя грамадзяне, інваліды, ветэраны вайны і працы.

У апошні час значна вырасла матэрыяльная састаўляючая сацыяльнай сферы раёна. У 24 вёсках адкрыты дамы сацыяльнага абслугоўвання, пры Пяршайскай сельскай бальніцы працуе аддзяленне сястрынскага догляду, у медыцынскіх установах Івянца і Ракава ёсць сацыяльныя ложкі, створаны прытулкі для дзяцей і пенсіянераў, аддзяленне дзённага наведвання для інвалідаў, раздаюцца на пракат ці ў пастаяннае карыстанне разнастайныя сродкі рэабілітацыі, для аказання эфектыўнай і хуткай дапамогі набыты спецыяльныя аўтамабілі.

Але, як зазначае начальнік упраўлення па працы, сацыяльнай абароне і занятасці райвыканкама Л. В. Садоўскі, галоўным багаццем былі і застаюцца іх супрацоўнікі. Без чулага сэрца, умелых рук і жадання працаваць, дзейнасць сацыяльнай службы была бы падобнай на плаванне ў лодцы без вёсел: не патонеш, але і да берага не даплывеш…

Сёння на Валожыншчыне ў сацыяльнай сферы заняты больш за 350 чалавек. Ганаровымі граматамі Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама былі ўзнагароджаны сацыяльны работнік Зоя Суша, загадчыца сектара бухгалтарскага ўліку Наталля Сухорская, кладаўшчыца Івянецкага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі фізічнага развіцця Рамуальда Сакалоўская. Яшчэ дзесяць работнікаў атрымалі падзякі райвыканкама.

Сапраўдным паратункам у жыццёвых бедах для людзей з катэгорыі сацыяльна неабароненых стаў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ў Валожыне (дырэктар – Г. Ф. Рай). Гэта шматпрофільная ўстанова. Тут дбаюць аб выдзяленні гуманітарнай дапамогі, аказваюць псіхалагічную і юрыдычную кансультацыі, праводзяць дабрачынныя акцыі, мерапрыемствы, «круглыя сталы» для самых розных катэгорый грамадзян, у тым ліку і для выйшаўшых на волю пасля турмы. Падчас урачыстасці 24 супрацоўнікі цэнтра атрымалі падзякі ад свайго дырэктара.

Як таго і патрабуе свята, не абышлося без музыкі і спеваў. У той дзень раённую сцэну дзялілі па чарзе артысты РЦК і самі юбіляры. Ветэраны службы Яўгенія Сухадолец з Петрашунцаў і Генадзія Машко з Валожына прызналіся, што ад кожнага выступлення засталіся самыя лепшыя ўражанні. Парадавалі і выхаванцы Івянецкага дома-інтэрната, і наведвальнікі дзённага аддзялення інвалідаў у Валожыне. А інтэрмедыя, падрыхтаваная супрацоўнікамі ТЦСАН, дык і наогул можа ўпрыгожыць любы канцэрт.

 

На фота спецыяліст па сацыяльнай рабоце Вольга АКУЛЬСКАЯ, санітар Ракаўскага псіханеўралагічнага дыспансера Сяргей ЗАБЕЛА, спецыяліст 1-й катэгорыі па сацыяльнай рабоце Ірына КАВЯЗА.

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара

 



Добавить комментарий