ПРА ЭФЕКТЫЎНАСЦЬ ШКОЛЬНАЙ СУБОТЫ

Общество

У адпаведнасці з Кодэксам аб адукацыі, адукацыйны працэс у раёне арганізуецца ў рэжыме, які ўключае пяцідзённы навучальны тыдзень і адзін дзень для правядзення з навучэнцамі спартыўна-масавых, фізкультурна-аздараўленчых, іншых выхаваўчых мерапрыемстваў, прафесійнай арыентацыі.

У 8 установах адукацыі ў шосты школьны дзень працуе 31 факультатыў для 162 навучэнцаў (19,2%) IX-XI класаў. Створаны мадэлі выхаваўчай работы ў суботні дзень, у аснове якіх — рэгіянальная праграма «Школьная субота».

У арганізацыі шостага школьнага дня ўстановамі адукацыі  раёна назапашаны пазітыўны вопыт.

За ўдзел у творчых конкурсах за першае паўгоддзе 2013/2014 навучальнага года навучэнцы раёна ўзнагароджаны 27 дыпломамі абласнога і 2 дыпломамі  рэспубліканскага ўзроўню.

Арганізуючы выхаваўчую работу ў шосты дзень тыдня, педагагічныя калектывы надаюць увагу розным аспектам грамадзянска-патрыятычнага, духоўна-маральнага, экалагічнага і эстэтычнага выхавання і г. д.

Распрацаваны і рэалізуюцца ў шосты школьны дзень праекты эканамічнай адукацыі навучэнцаў. У Ракаўскай СШ створана і паспяхова працуе школьная бізнес-кампанія ў сферы аказання турыстычных паслуг Ракаў-trip (праведзена 12 экскурсій, зароблена 5,5 млн рублёў).

Вызначальнае развіццё атрымала арганізацыя ў шосты дзень турысцкай і краязнаўчай дзейнасці. Асаблівае месца тут займаюць школьныя музеі. З мэтай захавання гісторыка-культурных каштоўнасцяў роднага краю, стварэння новых экспазіцый працуе 7 аб’яднанняў па інтарэсах. Аднак патэнцыял школьных музеяў яшчэ задзейнічаны недастаткова, неабходна шырэй прадстаўляць наяўныя экспазіцыі.

У 2013 годзе ва ўстановах адукацыі праведзены 174 экскурсіі, у іх прынялі ўдзел 2196 навучэнцаў, арганізаваны 121 паход выхаднога дня.

Кожнаму педагагічнаму калектыву, кіраўніку ўстановы адукацыі, у першую чаргу, неабходна адказаць на пытанне: якой павінна быць дзейнасць у школе з пункту гледжання яе дастатковасці для таго, каб кожны навучэнец мог знайсці сабе справу па душы ў вольны ад вучобы дзень?

Наведвальнасць навучэнцамі мерапрыемстваў шостага школьнага дня ва ўстановах адукацыі, на жаль, невысокая і складае 50,6% (у гарадской мясцовасці — 43,3%, сельскай — 57,8%).

Трэба вырашыць пытанне падвозу ў суботу  навучэнцаў Гародзькаўскага, Пяршайскага,  Сакаўшчынскага НПК, Івянецкай, Ракаўскай СШ, СШ № 1, № 2  Валожына.

На сённяшні дзень ва ўстановах адукацыі эфектыўна працуе сістэма ўнутрышкольнага ўзаемадзеяння кіраўніцтва, класных кіраўнікоў, спецыялістаў сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы, бацькоў па занятасці падлеткаў у шосты дзень, якія стаяць на ўліку  ІСН. З 25-ці заняты ў суботу ў аб’яднаннях па інтарэсах толькі 20 (80%), бяруць удзел у класных і агульнашкольных мерапрыемствах 23 (92%).

Не наведваюць установы адукацыі ў суботу навучэнцы, якія стаяць на ўліку ў ІСН, у Пяршайскім НПК, СШ № 2 Валожына.

Неабходна далучаць да дзейнасці ў суботні дзень дзяцей-сірот і дзяцей, пакінутых без апекі бацькоў; дзяцей, якія выхоўваюцца ў замяшчаючых сем’ях у СШ № 2  Валожына, у  Багданаўскім, Гародзькаўскім, Дорскім НПК.

Вывучэнне дзейнасці ўстаноў адукацыі паказала, што ўдзельная вага і пералік мерапрыемстваў спартыўна-масавай, фізкультурна-аздараўленчай і прафарыентацыйнай накіраванасці ў шосты школьны дзень невялікі. Ёсць вакансіі кіраўніка па фізвыхаванні ў СШ № 1 Валожына, Гародзькаўскім, Сакаўшчынскім, Каменскім НПК, што не дазваляе задаволіць запыты навучэнцаў у поўным аб’ёме.

Ва ўстановах адукацыі яшчэ недастаткова наладжана сістэма ўзаемадзеяння з прадпрыемствамі і арганізацыямі раёна па пытаннях прафарыентацыі дзяцей выпускных класаў. Гэта праца не арыентавана на задавальненне патрэб нашага раёна ў кадрах. Неабходна зрабіць больш цесным узаемадзеянне ў дадзеным пытанні ўстаноў адукацыі і сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя.

Са з’яўленнем вольнага ад вучобы шостага дня ў педагогаў-псіхолагаў і педагогаў сацыяльных з’явілася вялікая магчымасць будаваць сваю працу з апорай на сям’ю. Тым не менш, толькі ў 6 установах адукацыі працуе 11 сямейных клубаў. Ёсць праблемы ў забеспячэнні сацыяльнымі  педагомі ў 2 установах і педагогамі-псіхолагамі ў 5 установах адукацыі.

Склалася добрая практыка супрацоўніцтва ўстаноў адукацыі з установамі  аховы здароўя, культуры, спорту і турызму, МНС, праваахоўнымі органамі, установамі  сацыякультурнай сферы, грамадскімі арганізацыямі. Аднак працэнт сумесных выхаваўчых мерапрыемстваў у вольны ад вучобы дзень яшчэ невялікі. Установам культуры неабходна таксама максімальна далучаць навучэнцаў да дзейнасці сваіх устаноў, асабліва ў населеных пунктах, дзе няма ўстаноў адукацыі.

Падводзячы вынік, важна адзначыць,  што сістэмнасць арганізацыі шостага школьнага дня залежыць ад сумесных намаганняў педагагічных калектываў пры абавязковым узаемадзеянні, супрацоўніцтве з усімі зацікаўленымі структурамі, яна і павінна будавацца на аснове інтарэсаў навучэнцаў.

Наталля ЧАРНЫШОВА,

начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама

 



Добавить комментарий