Навука спачуваць Iншаму

Культура

Калі Амурская вобласць аказалася ў вялікай бядзе (у палоне воднай стыхіі), наш урад і народ працягнулі руку дапамогі пацярпеўшым.

Такія ўжо мы людзі, беларусы, што спакон вякоў гатовы былі любому прыйсці на дапамогу.

А мне ўспомніліся ваенныя гады, калі простыя вясковыя людзі праяўлялі вялікую салідарнасць і міласэрнасць да незнаёмых палонных.

Не сакрэт, што на пачатку вайны нашы воіны тысячамі траплялі ў палон. Не ўсіх палонных расстрэльвалі, іх адпускалі працаваць у асабістыя гаспадаркі. А было гэта так: заходзяць у вёску незнаёмыя людзі, і іх вяскоўцы бяруць жыць у свае сем’і, нягледзячы на тое, што самім было цяжка пракарміцца.

Мае бацькі ўзялі на пастой Байко Васіля з Ташкента, якому было ўжо за сорак. Усё жонку сваю і дачку Кацю ўспамінаў. Гэты працавіты, відаць, гаспадарлівы чалавек пазней прызнаўся, што сам прасіўся на фронт з турмы, бо быў аб’яўлены “ворагам народа”. У суседа насупраць быў лётчык Сярожка, а другі лётчык жыў у Папках. (Можа, хто памятае, як на ўзбочыне дарогі, каля Дубоўцаў, стаяў савецкі самалёт, які два нямецкія знішчальнікі пасадзілі і ўзялі ў палон). Другому нашаму суседу трапіўся кіргіз з вельмі складаным імем. У Голуба Ізыдора жыў прыгожы гітарыст Андрэй з Саратава. Было іх у нашай вёсцы 12 чалавек, жылі па году, а то і больш.

Першыя партызанскія атрады складаліся таксама з ваеннапалонных. Забіралі іх ноччу. Гаспадар павінен быў даць яму “ссабойку”- хлеб, кавалак сала, бялізну на змену, верхнюю вопратку. Так трапіў у партызаны і наш пастаялец. Быўшы ўжо ў  партызанскім атрадзе, калі-нікалі наведваўся да нас, бацькі яго заўсёды частавалі, прымалі як роднага. Ён заўсёды быў рады гэтаму і бясконца ўдзячны. А калі наша вёска была спалена і ў нас нічога не засталося, то прывёў нам каня.

Вайна – гэта вялікая бяда і выпрабаванне. І калі б людзі не праяўлялі міласэрнасці і салідарнасці ў такі час, то жыхары 10 вёсак, знішчаных немцамі, загінулі б ад голаду і холаду. Ім прыйшлі на дапамогу, атулілі дабром і цяплом вяскоўцы ўцалеўшых вёсак Пяршайшчыны, а гэта — Бурбаўшчына, Пятроўшчына, Ляшчоўцы, Семернікі і Пяршаі. Памятую, як адчынялі дзверы, і заходзілі па 5-6 чалавек. Трэба было кожнага накарміць, адзець, абуць, выдаць пасцель, прыняць у сваю, таксама вялікую сям’ю. І ўсім усяго хапала, а найбольш – спагады, цеплыні, добразычлівасці.

Трэба заўважыць, што тады сем’і былі моцныя, згуртаваныя, чуйныя да чужой бяды, людзі – салідарныя, адзін за аднаго стаялі гарой. Па ўсёй Пяршайшчыне не было чутна, каб бацька або маці кінулі сваю сям’ю, дзіця, а дзеці занядбалі састарэлых бацькоў.

Сённяшняму маладому пакаленню трэба вучыцца гэтай вялікай салідарнасці і міласэрнасці, вучыцца, як паважаць, цаніць, любіць адзін аднаго, умець спачуваць чужому гору і радавацца чужому шчасцю.

Данута ШАЎЛОЎСКАЯ,

жыхарка вёскі Янушкавічы

 



Добавить комментарий