МАРАФОН ДАПАМОГI

Общество

На жаль, ад інваліднасці не застрахаваны ніхто. Адны – інваліды ад нараджэння, іншыя становяцца такімі ў выніку няшчаснага выпадку ці хваробы. Патрэбу ў дзяржаўнай падтрымцы людзі з асаблівасцямі фізіялогіі мелі заўсёды. Чалавеку з падобнымі праблемамі жывецца куды больш складана, чым здароваму, нялёгка і яго блізкім…

Нярэдка ў такіх сем’ях складаюцца цяжкія жыццёвыя сітуацыі, і дзяржаўных ільгот і гарантый недастаткова для вырашэння праблем. Ужо чацвёрты год тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва праводзіць дабрачынны марафон па зборы сродкаў для аказання дапамогі людзям з абмежаванымі магчымасцямі, у тым ліку і для аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў. За гэты час валожынцы, а таксама работнікі прадпрыемстваў і арганізацый раёна аказалі неацэнны ўклад у развіццё і добраўпарадкаванне нашага аддзялення. Часткова былі заменены вокны, дзверы, набыта мэбля і неабходнае абсталяванне для кружковай работы.

Акрамя таго, аказалі істотную індывідуальную дапамогу і інвалідам раёна, для якіх набываліся памперсы, прадукты харчавання, неабходныя бытавыя прадметы, цёплае адзенне, абутак і інш.

У мінулым годзе ў марафоне “Твары дабро” прынялі ўдзел 32 прадпрыемствы і арганізацыі. З іх дапамогай сабралі больш як 36 мільёнаў рублёў. Хочацца адзначыць калектывы “Аграсервіса-6”, філіяла ААТ “Маладзечанскі малочны камбінат” (асабліва работнікаў электраўчастка), жылкамунгаса, воінскай часці 30695, цэнтральнай раённай бальніцы, аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, “ДРБУ № 167” і РУ “Валожынрайгаз”. Дзякуем усім, хто не застаўся раўнадушным да праблем нашых падапечных.

Галіна РАЙ,

дырэктар ДУ “Валожынскі ТЦСАН”

 



Добавить комментарий