Культура

*    *    *

Мова маці, мова бацькі,

Мова цёткі, мова дзяцькі,

Мова бабкі, мова дзеда,

Мова брата і суседа,

І сясцёр, аднавяскоўцаў,

І дзяўчат, і дужых

хлопцаў,

І яшчэ людзей шматлікіх

З вёсак, з гарадоў вялікіх.

Мова неба, навальніцы,

Мова рэчаў на паліцы,

Мова лесу, мова гаю –

Мая мова – мова краю.

 

 

*    *    *

Жыццё пражыць – не поле перайсці…

А дзе яна, чаканая крыніца,

Каля якой так хочацца спыніцца

І да якой так хочацца прыйсці,

З душы цяжар балючы ў вір зграбці,

Слязьмі пякучымі наўзрыд заліцца,

Да берага надзейнага прыбіцца,

У месца незвычайнае сысці.

 

Хоць і баліць, але ідзі цярпліва,

Бо ў змроку дзён душы маўклівай ніва

Трывогу можа  ў час любы забіць,

Чакае ратая – ты ўвагі не звяртаеш,

Каб у пялюшкі, як дзіця, спавіць,

А каляндар свайго жыцця гартаеш.

 

 

*    *    *

Пастарайся прыйсці да зімы,

Каб завеі цябе не зламалі,

Каб з табою сустрэліся мы

І Хрыста на аблоках спаткалі.

 

Пастарайся прыйсці да зімы,

Каб нягоды цябе не сагнулі,

Каб з табою сустрэліся мы

І ў дарозе вачэй не самкнулі.

 

Пастарайся прыйсці да зімы,

Дзе б ні быў, адкладзі свае справы,

Каб з табою сустрэліся мы

І трымалі вянкі Божай славы.

 

Пастарася прыйсці да зімы,

Можа, болей не будзе такога,

Каб з табою сустрэліся мы

І пабачылі Бога жывога.

 

Віталь КУНАШКА,

жыхар горада Мінска, ураджэнец вёскі Ігнатова

Вішнеўскага сельсавета

 



Добавить комментарий