У атмасферы цяпла і любові

Общество

11 студзеня ў СШ №1 райцэнтра ладзіліся Калядныя сустрэчы, куды былі запрошаны педагогі-ветэраны Валожынскага раёна, а таксама 15 маладых настаўнікаў, якія толькі распачалі сваю працоўную дзейнасць і якім так карысна мець стасункі з мудрымі, багатымі на жыццёвы  і прафесійны вопыт калегамі.

Традыцыя ўшаноўваць педагогаў старэйшага пакалення распачалася ў 2009 годзе. Але па сіле эмацыянальнага ўздзеяння, глыбіні прадуманасці  і такога маштабу мерапрыемства (прысутнічала 70 ветэранаў) было ўпершыню. Аб гэтым паклапаціліся Н. А. Чарнышова, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, М. М. Камінская, старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, С. Л. Садоўская, старшыня раённага савета ветэранаў педагагічнай працы, дырэктар СШ № 1 І. В. Чаховіч, яе педагагічны актыў і вучні.

Сустрэча была арганізавана так, што госці сябе адчувалі нібы ў чароўнай казцы, дзе пануе атмасфера добразычлівасці, цяпла і любові. Гэтаму спрыяла і калядная ёлка-прыгажуня, і аздабленне залы, і па-святочнаму накрытыя сталы, і ў яркіх касцюмах казачныя героі, якія заінтрыгоўвалі незвычайнымі сюрпрызамі і падарункамі. Паднімалі настрой сваімі скокамі Гномікі ў чырвоных шапках-каптурыках і пацешныя Снегавікі, якія “прымусілі” гасцей пагуляць з імі ў «снежкі». Хвалю эмоцый выклікаў казачны пірог са свечкамі-прадказаннямі, спечаны адмысловымі кулінарамі-фантазёрамі. Паштальён Печкіна кожнаму ўручыла святочную віншавальную паштоўку, а Дзед Мароз і Снягурка раздалі ўсім па традыцыйнаму навагодняму падарунку. А колькі было гумару, песень, зычэнняў, пяшчотных слоў з боку і гаспадароў, і гасцей. Наогул, усё, што адбывалася на сцэне, у зале, было цікавым, займальным і лагічным. А галоўнае – ні адзін з прысутных не быў абдзелены ўвагай. Трэба заўважыць, што напярэдадні падобныя сусрэчы са сваімі былымі калегамі-настаўнікамі адбываліся ва ўсіх школах раёна, а хто не змог прыйсці, то  падарункі і віншаванні дастаўлялі ім на дом.

…Свяціліся шчасцем і вільгатнелі ад нахлынуўшых пачуццяў вочы ветэранаў – ці то ад радасці сустрэчы са сваімі калегамі і магчымасцю пагутарыць адзін з адным, ці то ад усяго ўбачанага і пачутага на свяце, ці то ад успамінаў. А ўзгадваць ёсць што: колькі ўсяго было за многія гады працы ў школе, колькі аддадзена любові, ласкі… І як сёння важна і неабходна гэтыя цноты атрымаць самім. Таму так цешылі слых развітальныя словы Ірыны Вацлаваўны Чаховіч, звернутыя да гасцей: “Так прыемна рабіць дабро і так прыемна бачыць агеньчык у вашых вачах”.

Часам для шчасця трэба зусім мала: трошкі ўвагі, цяпла і любові. Шчырай, ад сэрца…

Людвіка ТАЎГЕНЬ,

фота аўтара

 



Добавить комментарий