АГЛЯД ПАДЗЕЙ У РАЁННАЙ ГАЗЕЦЕ ЗА студзень 1969 ГОДА

Культура

МНОЖАЦЬ ПРАЦОЎНЫЯ ЗДАБЫТКI.

Пераможцамі раённага сацыялістычнага спаборніцтва прызнаны наступныя перадавікі сельскагаспадарчай вытворчасці:

“Лепшая даярка” – Яніна Станіславаўна Карпук з калгаса “17 верасня”, якая надаіла ад кожнай з 12 замацаваных кароў больш за 4220 кілаграмаў малака.

“Лепшая свінарка па вырошчванні парасят” – Ніна Платонаўна Гнілазуб з калгаса імя Чапаева, якая атрымала ад кожнай з 16 замацаваных за ёй свінаматак па 20 парасят.

“Лепшы даглядчык па адкорме свіней” – Пётр Аляксандравіч Казак з калгаса імя М. Горкага, які адкарміў 842 галавы свіней і дабіўся сярэднясутачнай прывагі кожнай па 457 грамаў.

“Лепшы даглядчык па вырошчванні маладняку” – Станіслаў Паўлавіч Русакевіч з калгаса імя Чапаева, які дабіўся сярэднясутачнай прывагі ў 722 грамы ад кожнага з 38 цялят.

“Лепшы камбайнер” – Антон Паўлавіч Кербіч з калгаса “17 Верасня”, які ўбраў 232 гектары збожжавых і намалаціў 432 тоны зерня.

НА АРБIЦЕ – САВЕЦКIЯ КАРАБЛI

Пра гэта пісала раённая газета  з паметкай “ТАСС”:

У ходзе палёту касмічных караблёў “Саюз-4” і “Саюз-5” упершыню ў свеце быў зроблены пераход двух касманаўтаў з аднаго карабля ў другі. 16 студзеня караблі састыкаваліся і ўтварылі эксперыментальную касмічную станцыю, якая зрабіла палёт па калязямной арбіце.

У працэсе палёту станцыі і выхаду таварышаў Я. В. Хрунова і А. С. Елісеева ў касмічную прастору праводзіліся навукова-тэхнічныя і медыкабіялагічныя даследаванні і эксперыменты. У гэты ж дзень касмічныя караблі расстыкаваліся і працягвалі далейшы палёт асобна.

УЗНАГАРОДА ЗА ШЧЫРУЮ ПРАЦУ

Радасная вестка прыйшла з Масквы: Галоўны камітэт Выстаўкі Дасягненняў Народнай Гаспадаркі СССР адзначыў Мінскую вобласць дыпломам 1-й ступені за шырокі ўдзел вобласці, яе перадавых раёнаў, калгасаў і саўгасаў у ВДНГ у 1968 годзе.

Сярод дыпламантаў першай ступені – неаднаразовы пераможца ў рэспубліканскім сацыялістычным спаборніцтве калектыў Івянецкай птушкафабрыкі. Дырэктар гэтага прадпрыемства Сяргей Канстанцінавіч Бельскі і птушніца Адальфіна Паўлаўна Ляўковіч удастоены залатых медалёў з выдачай грашовых прэмій.

Дыпломам другой ступені ўзнагароджаны калектыў калгаса імя Чапаева, а дыпломам трэцяй ступені – калектыў сельгасарцелі “17 Верасня”.

У НАСЕЛЕНАГА ПУНКТА – НОВЫ “ПАШПАРТ”

Новыя “пашпарты” ў адпаведнасці з Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР атрымалі ў шэрагу іншых па рэспубліцы два населеныя пункты нашага раёна.

Пасёлак пры чыгуначнай станцыі Багданаўскага сельсавета перайменаваны ў пасёлак Багданаў. А вёска Казарэзы Зарачанскага сельсавета цяпер будзе насіць паэтычную назву – Крыніцы.

РАЗМАЎЛЯЮЦЬ НА МОВЕ КАЛУМБА

У гуртку іспанскай мовы, які працуе пры Івянецкім Доме піянераў, школьнікі займаюцца з вялікім захапленнем.

Кіраўнік гуртка Тамара Іванаўна Балькоўская стварае ўсе ўмовы, каб хлопчыкі і дзяўчынкі мелі магчымасць паказаць з найбольшай паўнатой сваю схільнасць да вывучэння замежнай мовы. Жыва і цікава праходзяць заняткі. Рабяты ўжо навучыліся чытаць і пісаць па-іспанску. Шмат увагі ўдзяляецца правільнаму вымаўленню слоў, гукаспалучэнню. Кіраўнік выкарыстоўвае ў якасці тэхнічнага дапаможніка магнітафон.

НЯЛЁГКАЯ РАБОТА –АСУШАЦЬ БАЛОТЫ

Прайшло 15 месяцаў, як у раёне нарадзілася новае прадпрыемства – лясная машынна-меліярацыйная станцыя. На рахунку яе калектыву ўжо звыш 1100 гектараў асушаных лясоў.

Узрушваючы сталёвымі каўшамі мёрзлую зямлю, у студзеньскую сцюжу павольна рухаюцца магутныя экскаватары. За імі па шырокіх лясных высечках бягуць каналы, асушальныя канавы. Калі скласці разам асушальную сістэму, што зроблена летась, то атрымаецца канал працягласцю 85 кіламетраў.

Работа не спыняецца ні ў мароз, ні ў сцюжу. На рахунку экіпажа экскаватара ТЭ-3 звыш 106 тысяч кубаметраў грунту. У гэтым заслуга лепшых экскаватаршчыкаў Эдуарда Віліма і Вячаслава Мікішкі. Высокія вытворчыя паказчыкі таксама ў Івана Зенькі і Уладзіміра Рая.

Асушэнне лясоў, будаўніцтва лясных дарог, падрыхтоўка глебы пад лесакультуры – далёка не поўны пералік спраў меліяратараў. Сёлета трэба адваяваць у балот каля 3000 гектараў лясных масіваў.

СУСТРАКАЛI Ў ЗЯМЛЯНКАХ…

Былы рэдактар падпольнай газеты “Малады мсцівец” Р. Гужавін прыгадвае ваенную старонку свайго жыцця, калі разам з баявымі сябрамі яны адзначалі 25-годдзе Савецкай улады:

“Люты вораг таптаў тады нашу родную зямлю. У Валожыне размясціўся адзін з буйных фашысцкіх гарнізонаў. А непадалёку ад горада, пад самым носам у захопнікаў, кіпела партызанскае жыццё.

У святочныя дні большасць з нас знаходзілася на баявых заданнях. Хто пайшоў у разведку, хто адправіўся ўзрываць чарговы эшалон, хто здабываць зброю. Апоўначы сталі перадаваць па радыё матэрыялы з урачыстага пасяджэння ў Маскве. Ніхто не спаў у тую ноч. Перадача закончылася недзе каля шасці гадзін. А па ходу нашы паліграфісты ў суседняй зямлянцы набіралі тэкст. Праз тры гадзіны былі гатовы ўсе тры газеты: “Чырвоная Звязда”, “Малады мсцівец”, “Іскра”.

На баявыя заданні ішлі з газетай. Яна была для народных мсціўцаў агітатарам і прапагандыстам, клікала людзей на барацьбу, да перамогі”.

ПОСПЕХI НАТХНЯЮЦЬ

Трактарыст калгаса “Верны шлях” Ф. М. Анкута прызнаны лепшым механізатарам раёна па выніках за мінулы год.

На трактары «МТЗ-50» ён выпрацаваў 1540 гектараў мяккага ворыва, зэканоміў 2,5 тоны гаруча-змазачных матэрыялаў. Вось што расказаў Фёдар Мікалаевіч пра сябе карэспандэнту газеты: “Трактарыстам я працую пяць год. Старанна праводжу тэхнічныя агляды, уважліва сачу за станам машыны. Работу выконваю розную: вясной – сяўба, летам – апрацоўка прапашных і тэхнічных культур, зімой вывожу на палі тарфакрошку, угнаенні. Даручаную справу стараюся выканаць як мага лепш. Хацеў бы ў чацвёртым годзе пяцігодкі палепшыць свае вытворчыя паказчыкі”.

ЛIЧБЫ I ФАКТЫ

Ганаровае званне “Заслужаны аграном БССР” прысвоена старшыні праўлення калгаса “Верны шлях” Сяргею Паўлавічу Супрону, за дасягнутыя поспехі ў развіцці гаспадаркі ён таксама двойчы ўзнагароджаны ордэнам Леніна. Вышэйшай урадавай адзнакі – звання Героя Сацыялістычнай Працы – удастоена звеннявая калгаса імя Чапаева Лізавета Трафімаўна Валадкевіч. 16 хлебаробаў раёна ўзнагароджаны значком “Выдатнік сельскай гаспадаркі Беларускай ССР”.

Калгасны хор Адамоўскага сельскага клуба аб’яднаў людзей розных узростаў: моладзь, ветэранаў калгаснай вытворчасці, пенсіянераў – усяго 63 чалавека. Хор створаны нядаўна, аднак ужо паспяхова выступаў не толькі ў раёне, але і ў Мінску, і Маладзечне. Актыўныя і таленавітыя харысты – заслужаная калгасніца Вольга Барышчук і яе сын трактарыст Анатоль, старэйшыя члены сельгасарцелі Мікалай Вяржынскі, Юльян Стасяловіч, Іван Тышкевіч, Вера Бражаловіч, швачка Яніна Сухалет, паштальён Валянціна Бітэль, настаўнікі Няроўскай і Запур’еўскай васьмігадовых школ Фаіна Драгун, Леанід Ланько, Галіна Янцэвіч і іншыя.

Па праведзеным перапісе на 1 студзеня 1947 года ў раёне працавала 5 калёсных трактароў, 4 зернявыя малатарні, адзін лакамабіль.

НА ЛАЎЦА ЗВЕР БЯЖЫЦЬ

Паляванне ў наш час стала масавым відам спорту. Многія са стрэльбай за плячыма ў прыгожы зімовы дзень адпраўляюцца ў лес.

У гэтым сезоне на прыёмны пункт Валожынскай нарыхтоўчай канторы паступіла 417 заячых, 331 вавёрчыных, 34 лісіных шкурак. Адлоўлена каля 1200 кратоў, паступіла і 10 шкурак бабра.

А хто ж у раёне самы ўдачлівы паляўнічы? Каму больш за ўсіх шанцуе? Можна ўпэўнена адказаць: Казімір Віктаравіч Юша, жыхар вёскі Слайкоўшчына. З пачатку паляўнічага сезону ён здаў пушніны больш чым на 216 рублёў. Гэта футра лісы, зайца, вавёркі і іншае. Паляўнічае шчасце не пакідае і Казіміра Казіміравіча Сергіевіча з Гародзек, Зыгмунда Станіслававіча Аніноўскага з Ракава.

РОЗУМУ НЕ ВЫНЕС

Такія факты з замежных газет і часопісаў друкавала “Працоўная слава” пад рубрыкай “Іх мараль, іх норавы”:

Французу, які ўпершыню стаў тытулаваным “Дурнем з дурняў”, не ўдалося ўтрымаць лаўры. Неўзабаве адзін індзеец паспрабаваў “пакласці яго на лапаткі”, сеўшы ў канаву, якая кішэла гадзюкамі. Але і ён хутка ўпусціў першынство. Ірландзец вырашыў пахаваць сябе на два месяцы і пабіць рэкорд амерыканца, які ляжаў пад зямлёй толькі 57 дзён. З-за такой важнай і патрэбнай справы ён не змог прысутнічаць пры нараджэнні свайго другога дзіцяці. З наземным светам труну звязвае трубка. Праз другую адтуліну павольна выходзіць дым ад дзесяці цыгарэт, якія ірландзец выкурвае штодзень.

Мікаэль Джонс устанавіў у Швейцарыі новы “рэкорд”, пракруціўшы пласцінкі попмузыкі 155 гадзін без перапынку. Каб не заснуць, Джонс адну за другой біў талеркі і шклянкі. Другога аматара музыкі, які хацеў устанавіць такі рэкорд у Заходняй Германіі, адвезлі ў бальніцу пасля 141 гадзіны праслухоўвання.

Старонкі газеты гартала

Алена ПАШКЕВІЧ

 



Добавить комментарий