Общество

У СВК “Пяршаі-2003” нямала сем’яў са статусам шматдзетных. Амаль для ўсіх бацькоў руплівая праца ў гаспадарцы стала залогам іх дабрабыту. У дамах сядзібнага тыпу камфортна і ўтульна, “прапісаліся” тут і ўсе асноўныя гарадскія бытавыя выгоды. Дзеці маюць усё для паўнавартаснага развіцця, рэалізацыі сваіх творчых здольнасцей. У пакоях створаны добрыя ўмовы для падрыхтоўкі дамашніх школьных заданняў. Менавіта такая клапатлівая атмасфера і кінулася ў вочы, калі мы наведалі шматдзетную сям’ю Санкоўскіх з Пяршаяў.

Як і ў большасці аграгарадкоў, тут таксама ёсць вуліца Маладзёжная. Менавіта на ёй і стаіць дыхтоўны жылы катэдж Дзмітрыя Мікалаевіча і Інэсы Станіславаўны. Яны выхоўваюць траіх дзяцей. Старэйшы сын Сяргей вучыцца ў шостым класе, дачка Дзіяна займаецца ў чацвёртым. А Паліна – падапечная мясцовага дзіцячага садка. Старэйшыя дзеці нарадзіліся, калі бацькі яшчэ не абзавяліся ўласным жыллём, а малодшай справілі народзіны ўжо ў новым доме.

Руплівыя бацькі не шкадуюць сіл і старання дзеля дабрабыту сям’і. Інэса Станіславаўна загадвае складам гаруча-змазачных матэрыялаў, а Дзмітрый Мікалаевіч працуе механізатарам. Цяпер ён падвозіць кармы на жывёлагадоўчы комплекс, дзе ўтрымліваецца 720 кароў. Вытворчыя нагрузкі адчувальныя: за дзень прыходзіцца дастаўляць каля 30 тон кармоў. У час уборачных сельскагаспадарчых кампаній вопытны механізатар заняты на прэсаванні саломы. Летась ён забяспечыў выпрацоўку ў аб’ёме 1514 тон. Дарэчы, заняў другое месца ва ўнутрыгаспадарчым спаборніцтве. Атрымаў матэрыяльнае заахвочванне з нагоды прафесійнага свята.

Даўно заўважана, што ў працавітых людзей трывалае сямейнае шчасце, выхаваныя, старанныя дзеці. Гэту аксіёму пацвярджаюць сваім будзённым жыццём Д. М. і І. С. Санкоўскія з Пяршаяў.

Ірына ПАШКЕВІЧ

 



Добавить комментарий